Кругам ходзіць галава.
Захлынае
Ранішняя мурава,
Сакаўная.
Лашчу шэрыя стагі
Прагным вокам.
Не завыць бы ад тугі
Шэрым воўкам!
Верыць з раніцы сабе
Не бяруся.
Можа, проста я ў журбе
Ў Беларусі?
Ці за ноч даўгую, бач,
Покуль спаў я,
Туі выраслі ля Ўшач,
Нават пальмы?
Дзе ж бары маглі тады
Затуліцца,
Замялі свае сляды —
Hi ігліцы.
He сказалі:
— Досыць зім,
Лепей поўдзень!
Мы
у вырай не ўзляцім —
Значыць,
пойдзем.
Каспій
ад пустынь-разяў
Збег упрочкі,
Бег —
аж вымытых не ўзяў
Hi сарочкі?
І ў азёрнай старане
Пахне нафта?
Бачыць гэткае i ў сне
Ці не
надта?..
Край,
красой без лекаў рань.
Змрок,
Рака,
спi.
Прачынайся,
Ленкарань!
Не cпi,
Каспій!
СКРЫВЕРЫ
Настрой па сонцу выверы.
З вясёлай галавой
Ідзі на золку ў Скрыверы
Зялёнаю травой.
У студні дрэмлюць сіверы.
I весніцы услед
Засмягла склыгнуць:
— Скры-ве-ры.
Прывет,
зялёны свет!
Хмурынка б'ецца чаіцай.
Уецца дыму хмель.
I Даўгава спяшаецца,
Як удава ў пасцель.
Імчыць сабе да Балтыкі
Гуллівая Дзвіна.
— Зямлячка,
што за пал такі?..
Але маўчыць яна.
Узгоркамі, нізінамі
Хаваецца з вачэй.
Ад нафты хоча, сіняя,
Адмыць сябе хутчэй.
Паважнымі персонамі
Дубы ля берагоў,
Прапахлі сцежкі сонныя
Дрымотай мурагоў.
А заўтра ж ноч купальская.
Галіну, дуб, нагні!
У ціхім сэрцы паляцца
Ласкавыя агні.
Пад ранне месяц скрывіцца,—
Цыганская душа.
Пад ранне ўбачаць Скрыверы
Яго на дне каўша...
АД МАХАЧКАЛЫ ДА БАКУ
Джыгіт-цягнік,
імчы наўскач!
Шапчы скале,
скала!
Прыпынак пяць хвілін,
хоць плач.
Прабач,
Махач —
Кала!
У горь! цягнуцца з далін
Атары туманоў.
Курлыча жураўліны клін:
— Дом пакідаем зноў.
Да ачагоў
паслаў Каўказ
Папахі,
шашлыкі
I рогі гнутыя для вас,
Раўніўцы-вахлакі.
Хоць шыбіну рукой крані,
Спатнелую ад рос:
Ці гэта горац на кані,
Ці пачак папярос?
Джыгіт-цягнік,
цягні з усіх —
Яшчэ далёкі шлях.
Мы душымся ў купэ сваіх,
Як пеўні ў кашалях.
Да рэчкі йдуць таполі,
як
Гаранкі за вадой.
Вушамі хваліцца ішак
(Абы не галавой!).
Гэй, сонца,
хмары разгані,
Смугу начы сатры.
Гараць прывальныя агні,
Раскінуты шатры.
Ля грознай крэпасці былой
Бадзягі-цыганы,
Mo хочуць авалодаць ёй
Аблогаю яны.
Імчыць наўскач
цягнік-джыгіт,
Не стомлены зусім.
I Каспій,
як вясёлы гід,
Смяецца добра ўсім...
У КІЕВА-ПЯЧОРСКАЙ ЛАЎРЫ
Язык да Кіева давядзе,
Аўтобус дамчыць у момант.
Багдан Хмяльніцкі,
Крашчацік...
А дзе
Лаўра?
Пытаем, вядома.
У Кіеве быць i яе не пабачыць?!
Такога нельга сабе прабачыць!
Бабкі, прабабкі
Ішлі пехатой,
Ішлі месяцамі
Да Лаўры святой.
Давалі зарок.
Халадалі, пасцілі,
Каб ix ацанілі,
Грахі адпусцілі.
I вось мы, нарэшце,
Ля Лаўры слыннай.
З нас кожны бязгрэшны,
З душою нявіннай.
Тут ад мірской мітусніны
Схоў.
Вінен,
Дык лахі пад пахі!
За браму зайшоў —
Палова грахоў,
А рэшту —
Адпусцяць манахі.
Тут іншы выходзіў
З вады сухі,
Другі —
На дно ішоў,
Як палена,
Дзямідаву
Адпусцілі грахі
Аж да апошняга, пэўна,
Калена.
За тыя для храма бязгрэшна
Пліты,
Што грэшнікамі былі
На Урале адліты.
А пліты гладкія,
Як мазалі.
Па сходцах
У падзямелле сходзім.
Ідзём,
Па-сучаснаму мысліць калі,
У метро
Дванаццатага стагоддзя...
Каб глянуць на мошчы,
Спускаемся доле.
А пад сонцам даверлівым
На Падоле
Салаўі заліваюцца
Так няшчадна.
...Так мошчы б чынуш
Захаваць для нашчадкаў.
Няхай бы паказвалі
Гордыя гіды
I ў душах будзілі
Паболей агіды.