Разрозненае, дрэнна арганізаванае і заўчаснае паўстанне закончылася той змрочнай мураўёўскай ноччу, якая запанавала ў Беларусі з 1864 года. Гэтая ноч была такой беспрасветнай, а ахвяры такімі значнымі і беззваротнымі, што скептыкі пачалі лічыць паўстанне непатрэбным, рамантычным шаленствам. Скептычныя галасы раздаваліся і напярэдадні 1863 года. "Мы згубім усё прыдбанае з такой цяжкасцю", — перасцерагае Алеся Мсціслаў. І ўсё ж слушнасць была на баку Загорскага, які адказвае свайму сябру: "А зброю браць усё адно давядзецца… Зразумей, трэба… У рабстве гіне дух".
Так, паўстанне было неабходнасцю. Дзякуючы паўстанню ў Беларусі, Літве, Польшчы сяляне атрымалі зямлю куды на лягчэйшых умовах, чым у Расіі. Дзякуючы паўстанню тут была вымецена не адна куча феадальнага смецця, якое стрымлівала развіццё краю па капіталістычнаму шляху. Думка аб гістарычнай неабходнасці паўстання выказана, як мне здаецца, ужо ў самім загалоўку рамана, вельмі ёмістым і метафарычным. Падзеі 1863 года — гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жне дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў.
Хаця першая кніга "Каласоў пад сярпом тваім" завяршаецца толькі падзеямі 1861 года — сялянскай рэформай, расстрэлам маніфестантаў у Варшаве, — аўтар дакладна, у адпаведнасці з гістарычнай праўдай, вызначыў і прычыны, якія абумовілі паўстанне 1863 года і яго рухаючыя сілы. А гэта — нялёгкая справа. Варта прыгадаць, што аб характары паўстання 1863 года вядуцца даўнія спрэчкі. Раней царскія гістарыёграфы сцвярджалі, што ў 1863 годзе "бунтавалі" толькі польскія паны, беларускае ж сялянства заставалася верным "добраму цару-бацюшку". Уласна кужучы, такіх жа пазіцый прытрымліваліся і польскія буржуазныя даследчыкі. Яны характарызавалі рух 1863 года ў Беларусі выключна як нацыянальна-вызваленчы, шляхецкі рух. Потым, у гады культу асобы, некаторыя вульгарныя сацыёлагі кінуліся ў другую крайнасць. Яны абвясцілі паўстанне 1863 года выключна сацыяльным паўстаннем беларускіх сялян. З гістарычных даследаванняў такі пункт гледжання перавандраваў у некаторыя літаратуразнаўчыя працы і мастацкія творы.
Аднак, як гэта часта бывае ў спрэчках, ісціна была недзе пасярэдзіне. Факты сведчаць, што ў 1863 годзе беларускае сялянства так і не змагло ўзняцца на рашучае выступленне супраць самаўладства і прыгонніцтва. Больш таго, уведзеныя у зман дэмагагічнай прапагандай сяляне часам самі выдавалі паўстанцаў у рукі ўлад. Адзінае, на што была здольная непісьменная і неарганізаваная беларуская вёска з яе верай у "добрага царка", — гэта стыхійнае выступленне. Гэтая абмежаванасць сялянскага руху добра паказана ў рамане "Каласы пад сярпом тваім". Адзін з герояў рамана, стыхійны бунтар Корчак, сам разумее, што яму "не ўзняць грамаду" на вялікую справу, і тым не менш ён вядзе людзей у Гарыпяцічы, каб здабыць схаваную нібы ў царкве "сапраўдную царскую волю". З іроніяй і нават з нянавісцю пагляядае Корчак на князя Алеся Загорскага, не разумеючы, што той шчыра жадае дабра грамадзе і збіраецца павесці яе ў бой.
Паўстанне 1863 года ў Беларусі і Літве было вельмі складанае і супярэчлівае. Гэта пацвярджаюць і апошнія працы гісторыкаў А. Смірнова, М. Міско, Г. Кісялёва, А. Касцюшкі, В. Кардовіча, С. Кяневіча, П. Ясеніцы і інш. Яно мела адначасова і сацыяльны, і нацыянальна-вызваленчы характар. Яно разгортвалася ў цеснай сувязі (і ў гэтым — яго сіла, а не слабасць, як сцвярджалася раней) з польскім шляхецкім рухам, які, па вызначэнні У. І. Леніна, меў гіганцкае значэнне "з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай". На беларуска-літоўскіх землях паўстанне вызначалася большай паслядоўнасцю і бескапраміснасцю, чым на польскіх. Шляхецкі вызваленчы рух дапаўняўся тут сялянскімі выступленнямі. Абодва рэвалюцыйныя патокі тут перакрыжоўваліся, але рэдка калі спалучаліся, — асобна рыхтуе шляхецкую "змову" адзін з герояў рамана Яраслаў Раўбіч і асобна збіраюцца "лясныя людзі" вакол сялянскага заступніка Корчака. І толькі такім дальнабачным кіраўнікам паўстання, як К. Каліноўскі, удавалася аб'ядноўваць дзеля агульнай мэты абедзве рэвалюцыйныя сілы. Будзем спадзявацца, што ў другой кнізе рамана гэта ўдасца зрабіць і Алесю Загорскаму, які, па выбару нелегальнага цэнтра, павінен стаць камісарам атрадаў у ніжнім Падняпроўі.