Вобраз Алеся Загорскага, вачыма якога ўспрымаецца большасць падзей у рамане, з'яўляецца творчай удачай аўтара. Гэта — надзвычай цэльная і бескампрамісная натура, здольная на гераізм і самаахвяраванне ў імя агульнай справы. Сімпатыі Алеся заўсёды на баку абяздоленых. Прыгадаем хаця б, як ён, уступаючыся за скатаванага Корчака, уляпіў дзяржалам Кроеру ў "перакошаны твар". Прыгадаем, з якой высакароднасцю ён паводзіць сябе, ратуючы Чорнага Войну або старога Раўбіча, абараняючы ад Мусатава гарыпяціцкіх сялян. Гэтая высакароднасць праяўляецца і ў яго адносінах да жанчын. Пачуцці Алеся да Майкі Раўбіч, да былой прыгоннай актрысы Гелены вызначаюцца незвычайнай цнатлівасцю, душэўнай шчодрасцю і пяшчотнасцю. І ўсё ж, гаворачы аб тым, як у рамане паказана інтымнае жыццё героя, нельга не папракнуць аўтара за некаторыя мастацкія хібы. У Алесева каханне да Гелены чытач верыць, бо яна — рэальная, зямная істота, акрэсленая індывідуальнасць. На жаль, гэтага нельга сказаць пра Майку Раўбіч. Яна хутчэй прывід, увасабленне жаночага ідэала ўвогуле, яе адметнасць, "другасць" у параўнанні з Геленай толькі дэкларуюцца (магчыма, у гэтым вінаваты зробленыя рэдакцыяй часопіса скарачэнні).
Алесь Загорскі — гэта дзіця свайго часу, свайго веку. Ён адначасова строгі рэаліст і ўзнёслы рамантык. Ён становіцца вучоным-энцыклапедыстам і адначасова застаецца летуценнікам. Ён можа да драбніц аналізаваць кожны свой учынак, кожную сваю думку і адначасова паддавацца настраёвым, падсвядомым імкненням. У душы Алеся змагаюцца рацыянальны і эмацыянальны пачаткі: ён можа марыць і сніць пра белых, як снег, коней з доўгімі грывамі (любасць да коней — у крыві Загорскіх) і адначасова цвяроза разлічваць, якую выгаду прынясе яму новая цукраварня. І гэты "гаспадарскі розум" героя не павінен нас здзіўляць і шакіраваць. Па сваёй накіраванасці паўстанне 1863 года было буржуазна-дэмакратычным, і Алесь Загорскі, яго ўдзельнік, змагаецца з прыгонніцтвам не толькі таму, што яно супярэчыць яго перакананням, але і таму, што яно стрымлівае развіццё краю па капіталістычным шляху, што яно стала таксама эканамічна нявыгадным. У Загорскім увасоблены як моцныя, так і слабыя бакі тагачасных шляхецкіх рэвалюцыянераў. Моцнае — падкрэсліваецца, аўтар любуецца ім, укладвае ў героя часцінку сябе. Але гэты герой не ідэалізуецца, не ставіцца на ўяўныя катурны. У ім многа такога, што было данінай часу, што складала трагедыю шляхты.
Побач з Алесам Загорскім, які народжаны творчай фантазіяй аўтара (мы не ведаем, меў Алесь свайго прататыпа ці не, ды гэта не так і важна; важна, што час якраз нараджаў такіх, як ён), побач са старым вальнадумцам Вежай, Раўбічамі, Клейнай, Хаданскімі, Кагутамі, Корчакам у рамане дзейнічаюць і гістарычна рэальныя асобы — Тарас Шаўчэнка і Зыгмунт Серакоўскі, Адам Кіркор і Станіслаў Манюшка, Дунін-Марцінкевіч і Сыракомля. З дакументальнай дакладнасцю (можа, нават празмернай) апісаў аўтар літаратурны вечар пісьменнікаў, якія групаваліся вакол "Кур'ера Віленьскага", і нелегальныя сходкі рэвалюцыянераў у Пецярбургу. Як правіла, мастацкая характарыстыка рэальных асоб адпавядае той, якую дала ім гісторыя. А часам аўтар уступае і ў палеміку з гісторыкамі. Так у творчых абліччах Баршчэўскага і Дуніна-Марцінкевіча падкрэсліваюцца народныя, дэмакратычныя элементы, на якіх раней не акцэнтавалася ўвага. Мастацкая інтуіцыя падказала аўтару, што не мог Кіркор, як гэта сцвярджаюць гісторыкі, папракаць Дуніна-Марцінкевіча ў насаджэнні правінцыялізмаў — у рамане гэтыя словы ўкладзены ў вусны Ходзькі. І гэта слушна: Кіркор, які зрабіў столькі карыснага для беларускай літаратуры, не мог выступаць супраць аднаго з яе пачынальнікаў.
Сярод гістарычных асоб рамана на першы план вылучаецца фігура Кастуся Каліноўскага. Праўда, у першай кнізе ён яшчэ эпізадычны персанаж. Чытач знаёміцца з Каліноўскім пераважна па пісьмах, якія той адрасуе Загорскаму, пісьмах усхваляваных і шчырых, хаця часам і празмерна пафасных — наўрад ці выказваў бы Каліноўскі, умелы і асцярожны канспіратар, так адкрыта сваю варожасць да царызму ў пісьмах, якія маглі б трапіць у рукі пабочных асоб. І ўсё ж з асобных рысаў перад чытычом прадстае прывабны воблік прафесіянальнага рэвалюцыянера, патрыёта і грамадзяніна, валявога і адначасова чулага чалавека, які дзеліцца апошнім з галодным дзіцём. Каліноўскі разумее, што вайна — зло, што смерць — гэта страшна. І тым не менш ён без ваганняў заклікае пачаць паўстанне: "Я прапаную: народы вызваляць і сялянам даваць зямлю. Я прапаную: паноў, якія рабавалі, высяляць з краіны, пазбаўляючы майна, а цмокаў — расстрэльваць рукамі працоўных людзей". Пісьмы і прамовы Каліноўскага аказалі велізарны ўплыў на погляды і перакананні маладога Загорскага. З першай сустрэчы, з той бяскрыўднай бойкі на свіслацкім кірмашы яны сталі сябрамі на ўсё жыццё.