Выбрать главу

Пытанняў задавалі многа. Запіскі клалі на трыбуну, на стол. Караткевіч "глытаў" іх нецярпліва, без аніякай паслядоўнасці. Я меў мажлівасць натаваць адказы адразу ж і цяпер падаю іх у такой паслядоўнасці, як яны гучалі на вечары.

— Калі завяршацца "Каласы…"?

— Працуецца цяжка. Не хочацца забіваць любімых герояў.

— Як вы прыйшлі ў літаратуру?

— Ад думкі: усе пішуць, а чаму я не магу?! Пісанне — гэта збор у калекцыю сваіх перажыванняў.

— Як вы адносіцеся да дзіцячага чытача?

— Станоўча. Напісаў чатыры казкі. Вазьмуся яшчэ…

— Чаму малыя тыражы вашых кніг?

— Не ад мяне гэта залежыць. Часта нават пісьменнікі просяць у мяне: прышлі кніжку з аўтографам. А адкуль прышлеш, калі аўтарскіх даюць толькі дзесяць экземпляраў, а з іх адзін яшчэ трэба ахвяраваць у выдавецкую бібліятэку.

— Калі ў вас нарадзілася задума "Дзікага палявання караля Стаха"?

— Дзесьці ў дзевятнаццаць год, на вышках гумна. Не памятаю дакладна. Адкуль бярэцца сюжэт — ніхто не адкажа. Напрыклад — пачуў чалавек асірыйскую легенду аб тым, што розум чалавека — у вушах: чым яны даўжэйшыя, тым больш розуму. Абсеклі вушы — і тут сапраўды паразумнеў чалавек, ды позна…

— Што вам блізкае ў Багдановіча?

— Усё! Безагаворачна прымаю яго — нават у слабасцях. Ніхто так не ўрос у Радзіму, як ён. Часам нават здзіўляешся: адкуль толькі магло такое брацца?!

— Адкуль узялася ідэя "Хрыста"?

— З "Хронікі" Стрыйкоўскага. Стопрацэнтна гістарычных твораў у мяне няма, — тут Чамярыцкі кінуў рэпліку з залы: "У нікога няма". — Правільна. У Вальтэра Скота, да прыкладу, — дзесяткі анахранізмаў. Ёсць яны і ў мяне. Ніхто не заўважыў, што ў "Ладдзі Роспачы" Сапега ўжо год як памёр да падзеяў. Цень Івана Грознага, на якой вісіць дзевяць закатаваных жонак, таксама не магла з'явіцца ў часы Боны, таму што ён тады толькі што нарадзіўся. Мяне цікавіла іншае: два тыпы дэспатызму — італьянскі (вытанчаны, з атрутай) і рускі. Які лепшы? І хто сутыкнуў іх ілбамі? Гервасій Выліваха, звычайны чалавек. Чалавек — не вінцік. Ён — цвік у рыштаванні, якое ўзводзіцца вакол будынка гістарычнага прагрэсу. Стопрацэнтная праўда нікому непатрэбная. Мяне цікавіць не гісторыя-сапраўднасць, а гісторыя-анекдот, гісторыя-прытча. Кожны бярэ з яе тое, што яму трэба.

— Якая задача літаратуры?

— Быць сумленнем сваёй эпохі. Не хлусіць! Калі чалавек заблуджаўся шчыра, гісторыя прабачыць, калі хлусіў — не! Акрамя ж літаратуры, ніхто не скажа чалавеку, як жыць. Літаратура адлюстроўвае не столькі жыццё, колькі адносіны паміж людзьмі.

— Што рабіць пісьменніку, калі такая складаная сітуацыя з мовай, як у нас цяпер у рэспубліцы.

— Працаваць! Каб не сорамна было б у канцы, перад смерцю.

— Які жанр для вас самы цяжкі? Як вы пішаце?

— Усе — і лёгкія, і цяжкія. Калі ёсць канцэпцыя, пішацца лёгка. Цяжка складаецца план. Калі ж ён ужо ёсць (аж да рэмарак), пішу амаль без памарак.

— Што з напісанага вам найбольш падабаецца?

— "Ладдзя…", "Каласы…".

— Што самае галоўнае ў чалавеку?

— Суперажыванне, супакутванне з няўдачнікам. З Каліноўскім, напрыклад.

— Хто ваш любімы настаўнік?

— Як пчала бярэ пыльцу з розных кветак (але не з усіх), так і пісьменнік. Праўда, ёсць кветкі, да якіх ляцець мне не хочацца: Гамсун, Кафка, з трыццаць нашых. Ад сапраўднай прачытанай кніжкі з'яўляецца сверб — хочацца пісаць. Люблю Віцьку Астаф'ева.

— Якая мэта вашых гістарычных раманаў?

— Прышчэпка супраць памылак. Да прыкладу, задоўга да фашызму ў Кітаі было нешта падобнае, — тут Караткевіч пераказаў легенды і гістарычныя рэаліі пра Шань Яна, выкарыстаныя ім у аповесці "Вялікі Шань Ян". — Гісторыя — яна павучае!

— Ці не вы напісалі паэму пра Лысую гару?

— Я напісаў бы яе больш злосна. Ды і дачы ў мяне на Лысай гары і наогул нідзе няма.

— Ці пішаце вы надалей вершы?

— Забыў узяць з сабой. Набралася ўжо на зборнік. Трэба падгатовіць яго да друку. Але да ўсяго рукі не даходзяць.

У канцы вечара Караткевіча акружылі аматары аўтографаў. Ставіў ён іх сур'ёзна. У кожнага выпытваў факты біяграфіі. Кожнаму знаходзіў нейкае адметнае слова.

Праз тыдзень жыццёвыя дарогі звялі мяне з Караткевічам у Кіеве. Якраз там праводзілася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная сучасным славянскім культурам. У беларускую дэлегацыю сярод іншых навукоўцаў уваходзіла і Валянціна Браніславаўна (яна расказвала пра падрыхтоўку Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі). З намі падахвоціўся ляцець і Валодзя. Мы разам пасяліліся ў гасцініцы "Славуціч" з вокнамі на Днепр, разам хадзілі на ўрачысты канцэрт, прысвечаны 325-годдзю з'яднання Украіны з Расіяй, і заключны банкет. Разам двойчы вячэралі ў "Куранях", дзе падавалі дужа смачны боршч і варэнікі.