Выбрать главу

Уладзімір Караткевіч ўзяў слова на VIII з'ездзе пісьменнікаў Беларусі, які стаў для яго апошнім з'ездам. Як сёння бачыцца, ён тады ледзь не найбольш пераканана і паслядоўна выступіў супраць "застойнай", кан'юктурнай літаратуры, параўнаў яе з роўняддзю. Патрэбны ж "вяршыні" і "даліны". Трэба рызыкаваць. Бо мы — "галоўная стаўка"! Сялянская стыхія меншае, беларуская мова нівеліруецца. Таму ён, Караткевіч, і пачаў пісаць дэтэктывы — каб чыталі. Затым ён рэзка крытыкаваў кіраўніцтва Саюза. У ім многа міжусобіц, "мышынай вазні". Нельга, каб яна падмяняла літаратурны працэс.

Побач з іншымі выступленне Караткевіча несумненна паўплывала на вынікі тайнага галасавання пры выбарах новага складу праўлення. Некаторыя сакратары атрымалі па сто і болей галасоў супраць. Але паколькі гэта складала меней палавіны ўсіх прысутных, то ў новае праўленне яны ўсё ж прайшлі. На першым яго пасяджэнні, пры адкрытым галасаванні, яны зноў былі выбраны сакратарамі, прытым амаль аднагалосна. Гэта расстроіла Караткевіча.

— А дзе ж сумленнасць? — сказаў ён з дакорам на ўсю залу. — Пры тайным галасаванні многія з вас былі супраць, а цяпер, выходзіць, не хапіла пораху, паказалі хвігу ў кішэні.

І гэта было своеасаблівае заключэнне пленума. Бо болей слова ўжо ніхто не браў.

У маі 1981 года пачалася для Караткевіча новая "чорная паласа". Сур'ёзна захварэла Валянціна Браніславаўна — ёй зрабілі аперацыю, але з часовым поспехам. Застаўшыся адзін, Валодзя стаў менш дбаць пра сябе. Усё часцей паўтараліся болі ў страўніку і жываце (лекары даказвалі, што гэта вантроба), дрэнна служылі ногі. Але галоўныя былі пакуты маральныя.

— Ты ж ведаеш, я не з баязлівых, — сказаў мне аднойчы, вярнуўшыся з Бараўлян, Валодзя. — І ў гарах, і ў моры ўсе здзіўляліся, што ў мяне быццам і няма інстынкту самазахавання. А тут стала страшна ад думкі, што побач пакутуе блізкі чалавек, што ўсё гэта можа дрэнна скончыцца.

— Будзем спадзявацца, што абыдзецца.

— Не абыдзецца, чуе сэрца… І нешта нервы сталі здаваць, кашмары пачалі з'яўляцца… Учора ўкольшчыца накрыла падушкай маіх тохаў, — так Валодзя называў забаўных сабачак, прывезеных з Чэхаславакіі, — горбіцца яна на крэсле, а мне ўсю ноч здавалася, што гэта пачвара за мной цікуе… Так што даруй, стары, калі можаш, што я не ў настроі.

Потым спытаў, ці паеду я сёлета на радзіму — у Расолы, Гудагай, Палушы. Даведаўшыся, што хата маіх бацькоў, пакінутая без догляду, нядаўна згарэла, Валодзя расстроіўся:

— Бачыш, і для цябе радзіма ўжо ў нечым страчана, бо няма дзе прытуліцца. Як і для мяне Орша і Рагачоў. Засталася толькі гэта хата. Але хіба тут можа быць утульна?!

Калі Валянціна Браніславаўна выпісалася з бальніцы, Валодзя паехаў на Рыжскае ўзмор'е, у Дубулты. Адпачываючы там, наведваўся ў Рыгу, да мастака Вячкі Целеша. Па просьбе Сяргея Панізніка і даследчыцы Мірдзы Абала перакладаў вершы латышскіх паэтаў, найперш Яна Судрабкална. Чытаў для "Маладосці" карэктуру аповесці "Зброя", падзеі якой адбываюцца ў Маскве напярэдадні паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

У 1981 годзе, з вялікім спазненнем, у "Литературной газете" нарэшце ўспомнілі, што, па сутнасці, не адзначылі юбілей Караткевіча. Тэрмінова заказалі мне артыкул. Потым патрымалі некалькі месяцаў… Адкрыў я газету ў пачатку лістапада і жахнуўся: артыкул аказаўся недарэчна скарочаны, выхалашчаны. Амаль кожны сказ — нібы не твой. Праўда, Валодзя падзякаваў па тэлефоне і за такую публікацыю.

Новы, 1982 год пачаўся для Караткевіча, здавалася б, памысна. Яго кандыдатуру вылучылі на Дзяржаўную прэмію БССР (аднак потым, у выніку закулісных інтрыг, прэмія прысуджана не была). Кінастудыя "Беларусьфільм" пачала работу над экранізацыяй рамана "Чорны замак Альшанскі". Тэатр юнага гледача рыхтаваў пастаноўку "Калыскі чатырох чараўніц". Крыху палепшала Валянціне Браніславаўне. І яны разам былі на калядах у Барадуліных, на дні нараджэння ў Кісялёва. Папіваючы "Вярску", "клясык" (ён жа "аспід") нібы іскрыўся гумарам, устанаўліваў прэмію ("па капейцы") за кожнае дасціпнае слова іншых.

Так працягвалася амаль усю вясну і лета. Калі 16 мая я заўшоў да Караткевіча, каб аддаць яму экземпляр сваёй кнігі "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя", ён пахваліўся, што паставіў "апошнюю кропку" ў п'есе пра Крычаўскае паўстанне "Маці ўрагану", а цяпер узяўся за кнігу пра Мсціслаў і эсэ пра Кіеў. Чытаў якраз у "Літаратуры і мастацтве" дыскусійны артыкул пра пераклад і не пагаджаўся з асобнымі палажэннямі, не канкрэтызуючы іх: