Выбрать главу

Драматургія захапляла Уладзіміра Караткевіча ўжо на самым пачатку творчага шляху. У сярэдзіне 50-х гадоў, амаль адначасова з "Дзікім паляваннем караля Стаха", была створана ўсхваляваная і шчырая п'еса "Млын на Сініх Вірах". Сам аўтар, пішучы аўтабіяграфічныя нататкі "Дарога, якую прайшоў", згадваў яе так: "За два гады, што (пасля вёскі) працаваў у Оршы, я падрыхтаваў першы зборнік "Матчына душа" і атрымаў прэмію за п'есу "Млын на Сініх Вірах" (паставіла яе беларускае тэлебачанне)".

Наступны драматычны твор быў напісаны Уладзімірам Караткевічам, можна сказаць, па "сацыяльнаму заказу" — да тысячагоддзя Віцебска. У выніку нарадзіліся "Званы Віцебска" — "хроніка" паўстання 1623 года супроць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прымусу. У п'есе апавядаецца пра сутыкненне дзвюх варожых сіл: з аднаго боку — полацкі і віцебскі уніяцкі арцыбіскуп Іасафат Кунцэвіч, яго духоўнік езуіт Станіслаў Касінскі, яго памагаты тысячнік Палікар Абрагімовіч, з другога — гараджане, прадстаўленыя прывабнымі постацямі Сцяпана Пасіёры, Марцыяна Ропата, Багусі Данель. Гэта яны арганізавалі народную змову, забойства Кунцэвіча, за што былі жорстка пакараны канцлерам Львом Сапегам. Зрэшты, кара пала не толькі на людзей, але і на сам горад, яго будынкі, яго званы, што клікалі да паўстання.

У "Званах Віцебска" Уладзімір Караткевіч узнавіў не толькі вонкавую хаду падзей, але і глыбінныя, псіхалагічныя матывацыі людскіх учынкаў. Іасафат Кунцэвіч у яго — не толькі вораг, не толькі носьбіт рэлігійнага прымусу, але і духоўна багаты чалавек, мысліцель, натура значная і супярэчлівая. Ён перакананы, што, пашыраючы унію, робіць добрую справу. І тым большая асабістая трагедыя Кунцэвіча, тым большы напал пачуццяў у п'есе.

Вобраз уніяцкага арцыбіскупа ў свой час выклікаў ажыўленую палеміку. Сяму-таму здавалася, што, малюючы яго не толькі адной чорнай фарбай, аўтар паграшыў супраць гістарычнай праўды. Але вось у 1986 годзе ў пароднай Польшчы выйшла даследаванне Тадэвуша Жыхевіча "Іасафат Кунцэвіч", — і сёння мы бачым, што тая трактоўка, да якой Караткевіч ішоў яшчэ ў многім інтуітыўна, мела пад сабой трывалы фактычны грунт. Бо полацкі і віцебскі арцыбіскуп быў чалавекам таленавітым, апантаным. Аднак ідэя, што апантала яго, не знайшла разумення ў народзе. Трагедыя сумленнага служэння лжывай ідэі, — вось што хвалявала Караткевіча, калі ён пісаў п'есу, вось што выклікала жывую рэакцыю ў залах, дзе яна ставілася.

"Званы Віцебска" — вялікая ўдача як самога аўтара, так і калектыву тэатра імя Якуба Коласа — маладога тады рэжысёра В. Мазынскага, выканаўцы ролі Кунцэвіча У. Куляшова, кампазітара С. Картэса, дэкаратара А. Салаўёва. Атрымалася якраз народнае відовішча, якое было высока ацэнена і гледачамі, і крытыкай. А. Лабовіч пісаў у "Тэатральным Мінску" (1974, № 4): "П'еса У. Караткевіча і яе сцэнічнае ўвасабленне — не проста ўзнаўленне, ілюстрацыя падзей памятнага 1623 года. Тэатр Якуба Коласа гэтым спектаклем дае ўрок мужнасці, урок патрыятызму. Узнаўляючы мінулае, ён напамінае сучасніку пра святы абавязак быць верным абаронцам справядлівасці і свабоды, бескампрамісна, з поўнай аддачай духоўных і фізічных сіл змагацца за Праўду".

У тым жа віцебскім тэатры імя Якуба Коласа ў 1979 годзе адбылася прэм'ера наступнага драматургічнага твора Уладзіміра Караткевіча — трагедыі "Кастусь Каліноўскі: Смерць і неўміручасць". Паставіў яе В. Мазынскі, а галоўную ролю, кіраўніка паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве легендарнага Кастуся, выканаў У. Куляшоў. Як і ў "Званах Віцебска", у цэнтры п'есы і спектакля — сутыкненне дзвюх варожых сіл — "сейбітаў" і "крумкачоў", змагароў за сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне, супраць царскага самаўладства і ахоўнікаў гэтага самаўладства. На чале першых — палымяны рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі, акружаны паплечнікамі, "зліты з народам", на чале другіх — сам імператар Аляксандр II і яго памочнік граф Міхаіл Мураўёў. Як і Кунцэвіч, Мураўёў — асоба неардынарная. У маладыя гады ён сам удзельнічаў у паўстанні дзекабрыстаў. Ён разумны, валявы, праніклівы і ад гэтага яшчэ больш злавесны. Слоўны паядынак народнага заступніка, прыгаворанага да расстрэлу, і графа, які прыйшоў да сваёй ахвяры ў камеру Дамініканскага кляштара, — гэта кульмінацыя трагедыі, яе найлепшая сцэна. Адсюль Каліноўскі пойдзе ў неўміручасць. "Той, хто памёр, як вы, — не памірае" — вяшчуе яму ясны і спакойны Голас Беларусі. Мураўёў жа атрымае ад гісторыі заслужаную мянушку "вешальніка".