Выбрать главу

Да стагоддзя з дня нараджэння Янкі Купалы Уладзімір Караткевіч стварыў драму "Калыска чатырох чараўніц". У 1982 годзе яна была пастаўлена ў мінскім Тэатры юнага гледача і тады ж апублікавана ў часопісе "Маладосць". Чатыры чараўніцы, Белая, Блакітная, Залатая і Змрочная, вяшчуюць будучаму песняру яго выключны і таму нялёгкі лёс. Караткевіч паказаў Купалу ў маладыя гады, калі адбывалася яго станаўленне як асобы і творцы. Вялікае ўздзеянне на Янку Луцэвіча аказалі сустрэчы з Зыгмунтам Чаховічам, актыўным удзельнікам паўстання 1863 года, — паплечнік Каліноўскага нібы перадае паэту эстафету пакаленняў. Драма напісана ўзнёсла, рамантычна, дасведчана. Аднак яе пастаноўка ўсё ж не стала такой падзеяй, як спектаклі па караткевічаўскіх творах у Віцебску. Часткова ў гэтым вінаваты рэжысёр і выканаўцы. Часткова — сам аўтар, якому давялося пісаць драму ў спешцы. Да таго ж выбраны матэрыял аказаўся недастаткова напружаным, канфліктным.

Дзесяцігоддзямі Уладзімір Караткевіч імкнуўся ўвасобіць у драматычных формах гісторыю свайго народа ў яе кульмінацыйных момантах. "Званы Віцебска" — пра ўзброенае выступленне мяшчан супраць паланізацыі і каталіцызацыі ў стагоддзі семнаццатым. "Кастусь Каліноўскі" — пра паўстанне супраць царызму пад кіраўніцтвам перадавой шляхты ў стагоддзі дзевятнаццатым. "Калыска чатырох чараўніц" — пра ўсплеск сацыяльнай і нацыянальнай самасвядомасці на самым пачатку дваццатага стагоддзя, на хвалі рэвалюцыйных падзей 1905 года, якая тады ўзнімалася. І хаця ўзброенай барацьбы ў гэтай п'есе няма, але зноў жа тут паказана паўстанне — паўстанне духоўнае, адраджэнне народнага духу, выразнікам якога выступіў наш найпершы інтэлігент Янка Купала.

Відаць, Уладзімір Караткевіч усведамляў, што ў гэтым храналагічным ланцугу, гэтай прадуманай мастацкай сістэме не стае стагоддзя васемнаццатага, не стае сялянства. І ён доўга і настойліва працаваў над п'есай пра Крычаўскае паўстанне 1743 — 1744 гадоў — найбольш гераічную і трагічную падзею ў тагачаснай гісторыі. Ён кансультаваўся з вучонымі, знаёміўся з архіўнымі матэрыяламі. Перачытваў усё, што было напісана пра слуцкага і бельскага князя Гераніма Радзівіла, якому тады падпарадкоўвалася Крычаўскае староства. Ён прагна ўглядаўся ў жыццё, браў каларытныя дэталі з рэчаіснасці (тая ж карчмарка Магда, што не адала мне ўладарную "мамусю" ў Вільнюсе, пра якую ішла гаворка раней). Урэшце, ён дадумваў, фантазіраваў, ствараў абагульненыя тыпы.

І вось перад намі — "Маці ўрагану", адсутнае раней звяно, істотная (а можа, і асноўная) частка драматычнай тэтралогіі. Тут асабліва яскрава ўвасобіўся шматгранны талент аўтара — трагедыйны (фінал твора), камедыйны (сцэны ў радзівілаўскім палацы), паэтычны (велічныя канты), аналітычна-даследчыцкі (грунтоўныя ўступныя тлумачэнні). Караткевіч стварыў яшчэ адзін узнёслы гімн чалавечай мужнасці і высакароднасці. Напісаў рэквіем на тых сотнях крычаўскіх паўстанцаў, якія загінулі на полі бою, былі павешаны на шыбеніцах, узбіты на завостраныя палі, зацкаваны сабакамі. Перад намі паўстае шматфарбнае палатно аддаленага ў часе народнага быцця, паказанага аб'ектыўна, ва ўсіх яго супярэчнасцях (на хвалі сялянскага гневу, вядома ж, было і шумавінне — праявы жорсткасці, прадажніцтва).

Пра апошнюю трагедыю Караткевіча будуць пісаць не раз. І пра панарамнасць падзей, якія адбываюцца ў сялянскім двары і на полі бою, у карчме і на гарадской плошчы, у магнацкім палацы і закінутай пячоры. І пра сацыяльную дакладнасць у паказе галоўных асоб (асабліва — жорсткага, разбэшчанага, але разам з тым разумнага, небаязлівага Гераніма Радзівіла). І пра каларытнасць мовы, пра тое, што ў словах некаторых персанажаў "угадваецца" сам аўтар. Я ж хачу звярнуць увагу толькі на адну істотную акалічнасць — на аптымістычнае гучанне трагедыі. Яна завяршаецца паражэннем паўстання. Паражэнне гэта непазбежнае, бо тады не было сіл, якія змаглі б супрацьстаяць феадалам. Падзеі заканчваюцца перамогай радзівілаўскіх войскаў. Але гэта Пірава перамога. І не толькі таму, што велічная і няшчасная Агна Вецер цалуе ворагаў пацалункам смерці, заражае іх праказай. Але, галоўным чынам, таму, што маральна перамаглі паўстанцы. Бо на іх баку народ, народная памяць. Бо пра іх вяшчае ў канцы народны голас: "Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!" Калі Вашчыла, Карпач, браты Ветры, іх маці здольны ахвяраваць сабой у імя іншых, здольны рагатаць, нават ідучы на смерць, то такія людзі неўміручыя!

У драмах Уладзіміра Караткевіча выявіліся тыя ж лепшыя, характэрныя рысы, што ўласцівы і яго празаічным ды вершаваным творам на гістарычныя тэмы. Найперш гэта — незвычайнае майстэрства ва ўзнаўленні гераічных і трагічных падзей нашага мінулага, у перадачы сутнасці, духу далёкіх ад нас эпох, іх мастацкай "рэканструкцыі". Героі п'ес звычайна перажываюць вострую ўнутраную барацьбу, прымаюць у крытычныя мінуты адказныя рашэнні, перамагаючы саміх сябе, выбіраюць адзіна правільны і сумленны шлях. Таму драматычныя творы Караткевіча ўспрымаюцца як мудры падручнік жыцця.