Выбрать главу

І яшчэ адна вельмі істотная рыса прываблівае нас у галоўным героі аповесці. Уладзіслаў Берасневіч — чалавек дзейсны, сацыяльна актыўны. Праца дзеля іншых, дзеля грамадства — ці то на суботніку, ці то ў вясковым клубе — спараджае ў ім глыбокае, унутранае задавальненне, пачуццё выкананага абавязку. Берасневічу блізкая і дарагая родная Беларусь, яе мова, гісторыя, фальклор — і адначасова ён сапраўдны інтэнрацыяналіст, бо паважае "другія народы", ведае іх культурныя здабыткі. Ён адданы сваёй сацыялістычнай айчыне, нават у самыя цяжкія хвіліны не аддзяляе сябе ад камсамола. І таму ў адказ на дэмагагічныя абвінавачванні можа з поўным правам і адкрыта, нібы на споведзі, сказаць на студэнцкім сходзе: "І вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ёсць у нас яшчэ цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў — я кажу гэта проста ў вочы і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму — гэта яшчэ не нацыяналізм. Я кажу адверта, што люблю".

Драматычны сход, на якім прагучалі працытаваныя словы, з'яўляецца ў аповесці кульмінацыяй усяго дзеяння. Ён істотна заважыў на лёсе галоўнага героя: яму давялося пакінуць універсітэт, адмовіцца ад аспірантуры. На доўгі час адцуралася ад яго нават Алёнка, натура тонкая і ўражлівая. Але Берасневіч свядома і мужна робіць свой выбар, ідзе на канфлікт з Маркічам і Холадавым. Мог пайсці на кампраміс, мог пакаяцца ва ўяўных грахах і, у выніку, атрымаць меншае пакаранне. Але такое не ў натуры Берасневіча. Маркічаўшчына здавалася яму небяспечным адступленнем ад ленінскіх прынцыпаў, якія для яго, як і для ягонага бацькі, свяшчэнныя. Таму ён і ідзе на подзвіг, не меншы, чым выратаванне Сяляўкі ад пэўнай смерці пад бетоннай плітой. Гэты подзвіг патрэбны не толькі Берасневічу, але і яго сябрам, бо адкрыў вочы на праўду, дазволіў ім, таму ж Сяляўку, духойна выпрастацца, скінуць з сябе цяжар "маркічаўшчыны". А калі мы прыгадаем, што тады яшчэ быў 1952 год, а "маркічаўшчына" — даволі распаўсюджанай з'явай (аналагічныя сходы перажыў Караткевіч, памятаюцца яны і мне па Беларускаму універсітэту), то становіцца зразумелай уся значнасць учынку Берасневіча. Ён пратэставаў супраць мёртвага дагматызму сталінскай "зімы", выступаў за веснавое абнаўленне грамадства.

І Берасневіч дачакаўся гэтага абнаўлення, прыняў яго арганічна і радасна, бо, як кажа Алёнка, "інстынктам, сумленным сэрцам прадбачыў гэта наперад".

Як і сам Караткевіч.

Аповесць "У снягах драмае вясна" — павучальная гісторыя адной маладосці, у якой праглядваецца лёс цэлага пакалення. Пакалення, што выступала тады за адзінства слова і справы, за шырокую галоснасць, супраць "забароненых" тэм і твораў (прыгадаем, як Берасневіч абараняе "рэакцыянера Дастаеўскага"). І ў гэтым — пазнавальнае і выхаваўчае значэнне аповесці, яе актуальнасць. Многія старонкі яе (асабліва пра важнасць маральных прынцыпаў, працоўнага выхавання, неабходнасць адрозніваць здаровую крытыку ад дэмагогіі, патрыятызм — ад нацыяналізму) нібы спецыяльна адрасаваны сённяшняй моладзі, наглядна вучаць яе таму, што жыццё развіваецца дыялектычна, праз адмаўленне адмаўлення. Вучаць аптымізму.

"У снягах драмае вясна" ўяўляецца мне маладым і свежым парасткам, з якога потым вырасла ўся проза Уладзіміра Караткевіча. Парасткам, у якім ужо былі яе многія вызначальныя рысы. І ўменне бачыць у звычайным, будзённым узнёслае і рамантычнае. І незвычайнасць, неардынарнасць учынкаў. І яркая вобразнасць, спалучэнне неспалучальнага. І непаўторная, насычаная новаўтварэннямі лексіка. Праўда, у аповесці яшчэ няма так характэрнага для Караткевіча напружання дзеяння (хаця і яно з'яўляецца ў апісанні сходу). Сюжэт яшчэ не заблытаны, не "закручаны", як у пазнейшых творах — скажам, у "Чорным замку Альшанскім". Чытача яшчэ не інтрыгуюць ніякія таямніцы. Але, зрэшты, гэта і не вымагалася матэрыялам аповесці. У ёй усё проста і ясна. А ў некаторых мясцінах — і прамалінейна. Пры жаданні ў аповесці можна знайсці і іншыя пралікі (напрыклад, недастатковую індывідуалізаванасць некаторых постацей, псіхалагічную нематываванасць некаторых учынкаў), што найперш тлумачыцца маладосцю аўтара. Але напісана яна па-караткевічаўску насычана, "густа" — у ёй няма нічога неабавязковага, лішняга. І галоўнае, напісана таленавіта.

Яшчэ адным незабыўным адкрыццём для мяне (і, спадзяюся, для чытача) сталі запісныя кніжкі Уладзіміра Караткевіча, з якімі я, побач з іншымі членамі камісіі па спадчыне пісьменніка, пазнаёміўся раней, чым аддаць іх Язэпу Янушкевічу для падрыхтоўкі да друку.