Недзе каля пяці раніцы мы наблізіліся да вялікага хлява. Дзьверы былі адчыненыя, і мы зайшлі ўнутр. Мы ўзьлезьлі на самы верх, дзе трымаліся салома й сена для скаціны. У загоне было так цёпла й прыемна. Мы падаілі недзе зь пяць кароў, і, мне здаецца, нішто ніколі ў маім жыцьці не было смачнейшым за тое малако. Мы зашыліся глыбока ў сена й хутка заснулі. Празь нейкі час мы пачулі галасы ўнізе. Гэта работнікі зь фермы прыйшлі, каб выканаць свае ранішнія абавязкі: дзяўчаты — падаіць кароў, а хлопцы — пачысьціць стайні. Я пачуў, як адна зь дзяўчат сказала па-нямецку, што ў каровы няма малака. Нехта з хлопцаў заўважыў, што, пэўна, нейкая жывёла прыходзіла ноччы й высмактала малако. Дзяўчына адказала, што ніколі ня ведала, што нешта накшталт можа здарыцца. Мяне дужа забаўляла слухаць разважаньні некаторых дзяўчат пра тое, чаму ў некалькіх кароў не было малака. Потым мы замерлі, бо той-сёй з хлопцаў палез зь віламі наверх, каб скінуць крыху сена скаціне на корм. Вось цяпер сапраўды трэба было маліцца. Дзесяць-пятнаццаць хвілінаў яны скідалі сена, і, дзякаваць Богу, ніхто з нас ня быў праколаты. Яны спусьціліся, пакармілі кароў і пакінулі нас, нарэсьце, у спакоі. На працягу дня яны ўвесь час то заходзілі, то выходзілі — ажно пакуль не надышла ноч.
Гэна была яшчэ адна марозная ноч, але мы, прынамсі, адпачылі й добра пачуваліся. Мы ўзнавілі наш паход і нават сьвісталі ад задавальненьня, бо ведалі, што праз два дні апынемся на савецкай мяжы. Сьнег валіў усю ноч, а на раніцу да таго ж не знайшлося ні ляску, ні хлява, дзе можна было б схавацца. Калі мы падышлі да рачулкі з высокімі берагамі, сьнег перастаў. Мы вырашылі спыніцца тамака, пад берагамі. Вада ў рацэ была вельмі сьцюдзёнай, а плынь хуткай. Але ў нас быў хоць нейкі прытулак ад ветру, і мы мусілі перажыць яшчэ адзін дзень.
Каля дзевяці мы пачулі стрэл — такі моцны для ранічнай цішы. Потым стала ціха й нейкі голас па-нямецку загадаў нам выходзіць з-пад берага з узьнятымі рукамі. Мяне бы маланкай працяла: мы пакінулі сляды на сьнезе. Я меркаваў, што стрэл быў зроблены з паляўнічай двухраднай стрэльбы й там меўся цяпер толькі адзін патрон. Я сказаў астатнім, што ўсё гэта выдае на канец, але я паспрабую дамовіцца. Я выйшаў. Паляўнічы, гатовы да стрэлу, стаяў недзе футах у сарака ад мяне. Астатнія выходзілі, пакуль я размаўляў зь ім. Я даводзіў яму, што, паколькі ў яго толькі адзін стрэл, ён можа забіць толькі аднаго з нас, але астатнія ўчыняць расправу над ім. Я сказаў, што мы не злачынцы, а ваеннапалонныя, якія йдуць сабе дадому. Я папярэдзіў яго, каб ён не падштурхоўваў нас да скрайніх мераў, і не ствараў сытуацыі, якая зашкодзіць яму самому. Ён апусьціў стрэльбу, але заўважыў, што, хаця ён і пойдзе зараз, але рана ці позна нас зловяць. Ён павярнуўся й пайшоў прэч.
Я разумеў тады, што нашай свабодзе надышоў канец. Мы апынуліся ў атачэньні фермаў і дарог, па якіх езьдзяць як сяляне, так і паліцыя. Адзіная надзея была, што гэны паляўнічы не данясе на нас. Зь цяжкім сэрцам я чакаў ночы. Сэрца маё балела, але не было ўшчэнт разьбітым. Я вырашыў, што калі мы будзем уцякаць наступным разам, мы ўжо апранемся ў цывільнае. Гэта мела б горшыя пасьледствы для нас, у выпадку, калі б нас злавілі, але рызыкаваць было варта, бо я ўжо ня мог бы трываць палон.
Недзе праз гадзіну на адлегласьці пачуліся крыкі. Гукі ўсё набліжаліся й набліжаліся, і я зразумеў, што паляўнічы сапраўды данес на нас. Празь дзесяць хвілінаў нас абкружылі фермеры з гаспадарчымі прыладамі й жандары зь вінтоўкамі й у шаломах. Нам загадалі выходзіць з узьнятымі рукамі. Гэным разам я ўжо не адчуваў ніякага адчаю. Я ведаў, што гэта апошні раз, калі я падымаю рукі ўгору. Я быў упэўнены, што аднойчы я атрымаю свабоду.
Мы паціху выходзілі са свайго сховішча й паварочваліся тварамі да жандараў. Адзін зь іх пачаў біць нас. Тады я закрычаў па-нямецку, што мы ваеннапалонныя, захопленыя ў ваеннай форме, і знаходзімся пад пратэкцыяй Жэнеўскай канвенцыі. Я сказаў, што яны мусяць адправіць нас назад у лягер і карміць па дарозе. Жандар зьдзіўлена зірнуў на мяне. немцы вельмі добра ведалі ўсялякія правілы й прадпісаньні. І хаця яны, магчыма, ніколі ня чулі пра Жэнеўскую канвенцыю, яны ўсё ж такі кінулі зьбіваць нас. Іхны камандыр падышоў да нас, паведаміў, што яны будуць пратрымлівацца Жэнеўскай канвенцыі, але мусяць абшукаць нас. Гэта быў даволі непрафесійны вобыск. Яны праверылі нашыя торбачкі й хутка прабегліся рукамі па целах. Моўчкі яны павялі нас у паліцэйскі пастарунак у бліжэйшай вёсцы. Яны прынесьлі нам хлеба й малака й былі даволі ветлівымі. Мае хітрыкі з Жэнеўскай канвенцыяй, здаецца, спрацавалі.