Мы паведамілі, зь якога лягеру ўцяклі, і праз палову гадзіны нас у крытым грузавіку адправілі ў шталяг 1А.
Мы ўбачылі вароты лягеру яшчэ здалёк. Але тое, што я адчуваў тады, было ня роспаччу, а цьвёрдым намерам у рэсьце рэшт зьбегчы адтуль назаўсёды.
Мы ўвайшлі ў вароты й былі накіраваныя да камэнданта. Тамака ўжо быў Вова. Ён хутка падышоў да мяне й папрасіў вярнуць компас і мапы. Я запіхнуў іх яму ў кішэню. Мы выцягнуліся па струнцы, калі камэндант наблізіўся да нас, але пазіралі на яго даволі дзёрзка. Нейкі час ён проста ўглядаўся ў нас. Ён быў высокім і хударлявым, зь сівымі валасамі й разумным тварам. Ён не выдаваў на прафэсійнага салдата і, відаць, быў прызваны ў армію. На ім была форма Вермахту (узброеных сілаў), і я парадаваўся, што няма прадстаўнікоў СС. Безь ніякай злосьці ў голасе камэндант спытаўся, хто быў завадыром. Якраз калі я зрабіў крок наперад, Косьцік заявіў, што гэта ён быў адказным за ўсё. Камэндант заўважыў, што ня трэба курчыць зь сябе герояў. Яму, маўляў, важна ня тое, хто завадыр, а як мы здолелі зьбегчы. Я адказаў, што не паведамлю ніякіх дэталяў, бо гэта зашкодзіць нашым наступным уцёкам. Я думаю, камэндант быў уражаны маёй мэтанакіраванасьцю. Ён усьміхнуўся й расказаў, што шмат гадоў таму, у Першую сусьветную, таксама быў ваеннапалонным, але здолеў уцячы й быў схоплены. Ён дадаў, што зьбег якраз перад прыпыненьнем баявых дзеяньняў у 1918 годзе і што ён разумее нашыя памкненьні, але гэта быў ягоны абавязак — схапіць нас, і гэтым разам ужо ён пераможца. Я нахабна адказаў, што так, ён перамог, але будзе й наступны раз, і тады ўжо мы пераможам. Немец пажадаў нам удачы і паведаміў, што нас пераводзяць у іншы лягер, на захадзе Германіі. Камэндант таксама дадаў, што, згодна з патрабаваньнямі, мы будзем два дні абыходзіцца бязь ежы й нас будуць муштраваць па чатыры гадзіны на дзень. Камэндант адпусьціў нас, і Вова выйшаў разам з намі. Ён паціснуў нам рукі й сказаў, што захапляецца нашым учынкам. Я падзякаваў яму й паабяцаў, што наступная спроба будзе больш удалай.
У лягер мы вярнуліся героямі. Шмат хто з палонных быў уражаны ўжо тым, што мы хаця б паспрабавалі ўцячы. Яны пачаставалі нас ежай і цыгарэтамі, і мы ўвечара бавілі час тым, што сьпявалі й распавядалі пра свае прыгоды. Мы забаўляліся й забыліся на лягер, на вошы й на вечны голад, які мы адчувалі.
Назаўтра, а другой гадзіне, пачалася муштра. Мы ня надта пакутвалі праз адсутнасьць ежы, і пакараньне, можна сказаць, сталася вельмі лёгкім. Празь некалькі дзён нас ізноў выклікалі да камэнданта й паведамілі, што нас перавядуць на наступны дзень. Мы вярнуліся ў барак і спакавалі свае пажыткі. Іх было так мала, што выдавала, быццам мы рыхтуемся прыняць ванну, а не зьбіраем усё, што маем.
Нас пасадзілі ў грузавік, каб адправіць на чыгуначную станцыю. Ля варотаў я сутыкнуўся зь лекарам зь лягернага лазарэта. Ён сказаў мне, што ведаў пра ўцёкі, але ўважаў гэную справу за вельмі цяжкую, асабліва калі прыняць да ўвагі стан майго здароўя. Лекар пажадаў мне ўдачы. Вова таксама прыехаў на станцыю. Ён параіў мне зьвярнуцца да камэнданта з прапановай супрацоўнічаць зь імі, маўляў, тады я буду мець свабоду перамяшчэньня і мне будзе лягчэй уцячы. Я адказаў, што не магу гэтага зрабіць, бо гэта тое самае, што здацца. Я дадаў, што, спадзяюся, мы назаўсёды застанемся сябрамі й яшчэ сустрэнемся на волі.
Нас разьмесьцілі ў вагоне трэцяй клясы. У куце сядзелі яшчэ некалькі ваеннапалонных, але салдаты не дазвалялі нам размаўляць. Пасьля некалькіх гадзінаў перастук рэяк дазволіў мне расслабіцца. Мне было добра й утульна. Я не пачуваўся прыгнечаным і ні аб чым не шкадаваў. Я быў перакананы, што наступным разам усё пройдзе больш пасьпяхова.
Мы прыехалі ў Кёнігзьберг і сустрэлі тамака суцэльны гармідар, бо ў вагоны пагружалі танкі. Паўсюль сноўдалі салдаты. Мы чакалі каля дзьвюх гадзінаў, а потым былі пераведзеныя ў іншы цягнік і яшчэ да надыходу ночы накіраваліся на захад.
Я ня ведаў, як далёка нас везьлі. Нам не давалі ніякай інфармацыі. Я думаў, што, магчыма, мы рухаемся ў накірунку заходняга фронту. Відаць, нешта перамянілася ў становішчы на ім. Можа, ангельцы ці французы пахіснулі немцаў?
Нейкім чынам, менавіта Англія й Францыя былі для нас бастыёнамі дэмакратыі. Мы спадзяваліся, што яны нарэсьце нападуць на немцаў на заходнім фронце. Я думаў, што свабода можа быць вельмі блізкай.