Атмасфэра тамака была вельмі мілай і прыязнай. Брат Ёзаф прыносіў нам з кухні ежу, а мы мусілі самі прыбіраць у пакоях, дзе спалі. Мы маглі мыцца й мяняць бялізну. Мы пачуваліся вольнымі людзьмі — на сьвежым паветры, у садох. Набліжанасьць да прыроды абудзіла нас і надала прагу поўнай свабоды.
Мэтады нашай працы былі зусім бязглуздымі. Я ня ведаў нават, як карыстацца нажніцамі для абстрыганьня кустоў ці падразаць траву. Брат Ёзаф толькі спагадліва ўсьміхаўся й супакоіў нас наконт таго, што мы можам застацца, нават калі ня ёсьць садоўнікамі. Мы зразумелі, што вытрымалі іспыт і маем цяпер усе шанцы зьбегчы. Мы прызначылі ўцёкі на адзінаццатае траўня.
Цяпер дастаць усе неабходныя прыстасаваньні не было для нас праблемай. Мы здабылі мапу й компас, а да мяжы трэба было йсьці толькі адну ноч. Усё было выключна проста. Але раптам мы пачалі заўважаць, што непадалёк ад нас канцэнтруецца вялікая колькасьць узброеных сілаў. Нават каля кляштара была разьмешчаная рота. Мы ніяк не маглі даўмецца, што адбываецца. Можа, ангельцы ці французы меліся атакаваць?
Дзесятага траўня раніцай мы прачнуліся й пачулі па радыё, на кухні ў кляштары, што нямецкія войскі перайшлі мяжу з Галяндыяй і пасьпяхова рухаюцца на захад бяз значнага супраціву. Маё сэрца ёкнула. Можа, гэта была памылка? Няўжо ж яны сапраўды напалі на Галяндыю і Бельгію, якая захоўвала нэйтралітэт? І можа, ангельцы й французы хутка выганяць іх адтуль?
Аднак зводкі па радыё рабіліся ўсё больш пэсымістычнымі. За адзін дзень немцы здолелі акупаваць амаль палову краіны. Я не магу зараз узгадаць дакладныя даты падзеяў, але, здаецца, за тыдзень яны акупавалі Бельгію, перайшлі мяжу паўночнага фронту, мінулі славутую лінію Мажыно (пра якую французы казалі, што яе нават птушка ня здолее пераляцець) і, нягледзячы на нэйтралітэт, прамаршыравалі праз Бельгію. Фронт здаўся за тры тыдні. Ангельскія экспедыцыйныя войскі вярталіся ў Англію. Вайна на заходнім фронце, здаецца, скончылася. Немцы кожны дзень перадавалі па радыё навіны пра свае посьпехі. Спачатку мы думалі, што гэта магла быць прапаганда, але брат Ёзаф паведаміў нам, што немцы акупавалі паўночную частку Францыі, а Парыж быў абвешчаны адкрытым горадам. Французы вырашылі ўтварыць у Вішы ўрад, які мусіў супрацоўнічаць зь немцамі, і такім чынам уратаваць астатнюю частку Францыі ад акупацыі.
Нашая мара была разбураная. Была ўжо сярэдзіна траўня, а мы пачуваліся зусім зьбянтэжанымі. Мы ведалі, што трапіць з Заходняй Германіі ва Ўсходнюю — задача ня зь лёгкіх, але мы не зьбіраліся адмаўляцца ад сваіх плянаў, толькі не ўяўлялі, як іх рэалізаваць.
Аднойчы да нас ізноў прыйшлі нямецкія агенты, якія запрапанавалі нам далучыцца да іх. Яны сказалі, што нашае жыцьцё мала чым будзе адрозьнівацца ад таго, што мы маем, але мы будзем лічыцца вольнымі, насіць цывільную вопратку й мець пасьведчаньне асобы, дзе нас пазначаць як замежнікаў. Ня будзе ніякіх зьнешніх знакаў, што мы ваеннапалонныя, і ў нас будзе больш свабоды. Яны запэўнілі нас, што мы будзем пераведзеныя ў Польшчу, у спецыяльны лягер для ваеннапалонных у Торуні, які быў далучаны да Германіі.
Мы пераглянуліся. Торунь знаходзіцца ў Польшчы, і ў нас будзе больш шанцаў уцячы. Безь ніякіх ваганьняў мы падпісалі пагадненьне супрацоўнічаць зь немцамі. Нам сказалі, што калі нас перакінуць у Торунь, тамака нам дадуць пасьведчаньні асобы, зробяць праверку на надзейнасьць і г.д. Але мы не зьбіраліся чакаць да Торуня, бо мы спадзяваліся зьбегчы значна раней.
Неяк у ліпені нас, разам зь іншымі ваеннапалоннымі — усе ў польскай уніформе — пагрузілі ў вагоны для скаціны. Летам ехаць у вагонах для скаціны было й ня так ужо жахліва. Нас прыстойна кармілі, і мы спыняліся на розных станцыях, дзе маглі памыцца й набраць вады.
Нарэсьце, мы прыехалі на польскую мяжу. Польшча не была нашай радзімай, але, калі мы пабачылі гэтую славянскую зямлю, зь ейнымі вёскамі, хутарамі, гаспадаркамі, значна бяднейшымі за нямецкія фермы й менш разьвітымі ў тэхнічным пляне, усё падалося нам такім знаёмым і блізкім.