Выбрать главу

Мы прыбылі ў Торунь і былі накіраваныя ў лягер пад назовам Форт Хэрман фон Зальца. Мы ўвайшлі ў вароты, і ў мяне ёкнула сэрца: у лягер былі зямлянкі, ён быў умацаваны высокімі сьценамі з калючым дротам наверсе й кішэў нямецкімі ахоўнікамі. Мы з Косьцікам пераглянуліся. Мы абодва былі зьдзіўленыя й расчараваныя, але, прынамсі, мы знаходзіліся на «нашай» тэрыторыі. Лягер разьмесьціўся на заходнім беразе ракі Вістулы, і калі б мы здолелі ўцячы, здабыць цывільную вопратку, мы маглі б згубіцца сярод польскага насельніцтва, якое, мы спадзяваліся, добра паставілася б да нас. Але як жа ж нам выбрацца зь лягеру?

Памяшканьні, дзе мы мусілі жыць, знаходзіліся на ніжэйшым узроўні. Тамака не было натуральнага сьвятла — толькі электрычныя лямпачкі,— і спаць нам трэба было на саламяных матрацах. Лягер быў перапоўнены, і большасьць палонных былі палякамі. Таксама меліся тамака брытанцы з Экспедыцыйных войскаў, бельгійцы, французы й галяндцы. Гэта была сапраўдная інтэрнацыянальная грамада, і мне было вельмі цікава сустрэць прадстаўнікоў іншай культуры.

У адрозьненьне ад палякаў, ангельцы, французы, бельгійцы й галяндцы атрымлівалі дапамогу ад Чырвонага Крыжа, якую дасылалі з Англіі. Ім прыходзіў чакаляд, цыгарэты, бялізна, мыла для галеньня, тытунь і г.д.

Упершыню ў жыцьці я пашкадаваў, што вывучаў не ангельскую й не французскую мовы, бо апошнія адкрылі б мне зусім іншы сьвет. Хаця я не губляўся, спрабаваў вучыцца й камунікаваць з астатнімі палоннымі.

Празь некалькі дзён мы з Косьцікам пачалі вывучаць мясцовасьць, каб сплянаваць уцёкі. Мы агледзілі высокія сьцены й пралічылі, колькі нам спатрэбіцца папругаў ці вяровак, каб пералезьці празь яе. Шанцаў на гэта, здаецца, ніякіх не было. Другая праблема была знайсьці цывільную вопратку.

Мы былі поўнасьцю ізаляванымі ад навакольнага сьвету. Аднойчы, калі я стаяў у чарзе на кухні, я падслухаў, як адзін палонны казаў, што яму праз Чырвоны Крыж даслалі вопратку. Да мяне таксама даходзілі чуткі, што ў брытанцаў мелася арганізацыя, якая дапамагала палонным уцякаць. Мы пачалі разглядацца й шукаць сувязяў.

Брытанскія ваеннапалонныя мелі ўласных камандзіраў, якіх вельмі паважалі, і стараліся рабіць усё, каб атрымліваць ад немцаў тое, што было належным. Да таго часу я ўжо ўмеў крыху па-ангельску й аднойчы наважыўся падысьці да брытанскага афіцэра. Я паведаміў яму, хто я такі, як спрабаваў зьбегчы са шталягу 1А, і што пляную зь сябрам новыя ўцёкі. Магчыма, афіцэр не зразумеў усяго, што я распавёў на сваёй беднай ангельскай мове, але ён убачыў маю рашучасьць зьбегчы. Я папрасіў яго параіць, з кім можна зьвязацца, каб атрымаць дапамогу. Афіцэр пачаў распытваць мяне пра маё мінулае, нямецкую сыстэму, жыцьцё ў нямецкім лягеры й г.д. Я запэўніў брытанца, што ён можа мне давяраць, і мы дамовіліся абмяняць колькі ежы на цывільную вопратку. Афіцэр папярэдзіў мяне, што ўцякаць з гэтага лягеру даволі рызыкоўна й што разумней было б напрасіцца на нейкую працу й тады паспрабаваць зьбегчы.

Неўзабаве, напрыканцы ліпеня, да нас прыйшлі немцы й паведамілі, што шукаюць пяць чалавек, якія хацелі б чысьціць туалеты нямецкіх войскаў. Гэта была ня вельмі прыемная праца, але, прынамсі, па-за лягерам. Мы ледзь не падскочылі ад радасьці й сказалі, што пагодзімся чысьціць туалеты, калі яны нам будуць даваць больш ежы. Немцы адказалі, што павялічаць паёк хлеба й цыгарэтаў, калі мы будзем старанна працаваць. Мы запэўнілі іх, што ёсьць сапраўднымі знаўцамі ў чыстцы туалетаў, ня кажучы ўжо пра садоўніцтва, медыцыну й гандаль гадзіньнікамі.

На наступны дзень, а дзевятай раніцы, нас, разам з трыма іншымі палоннымі, накіравалі чысьціць туалеты. Мы сьвісталі й сьпявалі, як быццам бы нам насамрэч падабаліся нашыя абавязкі.

Нам трэба было заваяваць давер немцаў, паказаць, што мы надзейныя хлопцы, і таму мы вызваліся рабіць і іншыя рэчы, кшталту мыцьця падлогі, бялізны, чысткі ботаў. Мы рабілі ўсё магчымае, каб як мага даўжэй не вяртацца ў лягер. Мы здолелі ўцерціся немцам у давер і сталі сачыць за іхным перамяшчэньнем. Мы заўважылі, што яны спачатку йдуць пяцьдзесят-семдзесят мэтраў у адзін бок, а потым — столькі ж у другі.

Таксама мы атрымалі магчымасьць агледзець навакольле й заўважылі, што недалёка ад Вітулы — дрыгва й нізіна, парослая кустамі й густым падлескам. Яшчэ мы разгледзелі, што наўкола поўна кустоў, а само месца агароджанае нізкім плотам. За плотам была брудная дарога, якая вяла да Вістулы.

Згодна з нашым плянам, мы павінны былі апрануць цывільную вопратку пад уніформу, потым зьняць апошнюю й пайсьці ўздоўж плоту да ракі пад выглядам цывільных.