Выбрать главу

Недзе каля шасьці Ванда вярнулася, каб пазнаёміць мяне са сваім бацькам. Калі мы зайшлі ў хату, дзяўчына сказала, што я шукаю працу дзеля ежы й начлегу й, магчыма, пары злотых у дзень. Ейны бацька спытаўся, ці зь сялянскай сямьі я паходжу. Я запэўніў яго, што дапамагаў свайму дзеду па гаспадарцы, ведаю ўсё, што ад мяне патрабуецца, асабліва пры зборы ўраджаю. Гаспадар пагадзіўся наняць мяне й сказаў, што я магу есьці зь імі ў хаце, але спаць мушу ў гумне. Пакуль я еў і размаўляў з гаспадаром, Ванда пайшла аднесьці Косьціку паесьці. Дзяўчына зьнікла на даволі працяглы час, і я здагадваўся, што тамака адбываецца, а таму не сьпяшаўся вяртацца назад. Я папрасіў Зосю паказаць мне гаспадарку ў надзеі пабачыць, што адбываецца на мяжы. Так мы гулялі каля гадзіны. Калі сьцямнела, мы з Зосяй наблізіліся да гумна, і я кашлянуў і моцна загаварыў у знак папярэджаньня. Выйшла Ванда, і мне падалося, што яна зачырванелася — і ня ведаю, што гэта было: захад сонца, альбо дзяўчына засаромелася. Ейныя валасы зблыталіся й спадніца была крыху зблочанай. Мы моўчкі мінулі адзін аднаго. Дзяўчаты вярнуліся дахаты. Косьцік ляжаў на сене, углядаўся ў столь і ўсьміхаўся. Я нічога не пытаўся ў яго, але моцна раўнаваў.

Нараніцу гаспадар загадаў мне ўзяць каня й запрэгчы яго ў брычку. Я вельмі разгубіўся, бо ў іх была іншая сыстэма, чым у нас у Беларусі, і я ня мог даўмецца, як гэта зрабіць. Калі я нарэсьце, здавалася, прыстасаваў вупраж, і гаспадар сказаў: «Но! Пайшоў!» — конь рушыў, але брычка засталася стаяць, як і раней. Гаспадар пагляздзеў на мяне й сказаў: «Я думаў, што ты селянін». Тады я пачаў запэўніваць яго, што ў нашай мясцовасьці проста іншая сыстэма. Гаспадар паверыў мне, паказаў, як трэба запрагаць, і мы паехалі. Я спытаўся, што гэна за вышкі ў далечыні, хаця й ведаў дакладна, што тамака мяжа. Селянін адказаў, што гэна савецкія кантрольныя вышкі й паўтарыў усё, што Ванда паведаміла нам раней. Я пацікавіўся, каму можа спатрэбіцца пераходзіць мяжу, і ён адказаў, што шмат хто з палякаў лічыць, што гэта адзіны шлях уцячы ад немцаў, але ён асабіста ўпэўнены, што раней ці пазьней паміж Германіяй і Савецкім Саюзам таксама пачнецца вайна.

Я старанна працаваў, але здолеў заўважыць, што нямецкі патруль, у складзе двух-трох чалавек, ходзіць па сьцежцы, якая знаходзіцца ярдах у стах ад мяжы. Немцы паводзілі сябе даволі разьняволена, нават спыніліся, каб павітаць нас і пагутарыць. Я зразумеў, што мы можам скарыстаць гэта на сваю карысьць. Я агледзеў і другі бок мяжы, каб даведацца, якім чынам яна ахоўваецца, але ня здолеў пабачыць шмат. Наўкола было поўна кустоў, і яшчэ я заўважыў, што перад мяжой ёсьць разараная плугам лінія. Я спытаў селяніна, што гэна такое, і ён адказаў, што саветы разаралі зямлю, каб адразу пабачыць, калі хто захоча перайсьці мяжу.