Выбрать главу

Мая маці намалявала вельмі сумную карціну ў дачыненьні да становішча ў краіне. «Вызваленьне» прынесла толькі савецкую акупацыю. І яна была больш небяспечнай і шкоднай, чым папярэдняя польская акупацыя. Палякі, прынамсі, паважалі грамадзянскія правы беларусаў. Пад палякамі мы, ва ўсякім разе, маглі выбіраць сваіх прадстаўнікоў, друкаваць кнігі, перыядычныя выданьні, выказваць патрыятычныя настроі. Але, калі прыйшлі Саветы, людзі пабачылі сапраўдны твар камунізму й бальшавізму. Заможныя сяляне, шмат настаўнікаў, былыя актывісты, палітыкі бясьследна зьніклі. Некаторыя потым апынуліся ў лягерух у паўночных раёнах Савецкага Саюза. На Беларусь апусьцілася заслона цемры. Паўсюдна панавалі маўчаньне й страх, і нават сямейныя зборы сталі нейкімі штучнымі. Усе так баяліся абмяркоўваць падзеі, што нават членам сямьі ўжо ніхто не давяраў.

Цяжка зразумець, як дакладна паўстала такая сытуацыя. Талстой аднойчы заўважыў, што ён баіцца зьяўленьня Чынгіс Хана з тэлефонам. Сталін якраз і стаў новым Чынгіс Ханам, у распараджэньні якога знаходзіліся сучасныя тэхнічныя сродкі. Ён кантраляваў Усходнюю Эўропу й пераўтварыў яе, па сутнасьці, у турму, дзе былі падаўленыя ўсе свабоды. Ягоная вядомая канстытуцыя, якая гарантавала права збораў і свабоду слова зьяўлялася фарсам. Фіранкамі. На самой справе, гэта толькі Камуністычнай партыі было гарантаванае вяршэнства ў палітыцы, эканоміцы, навуцы й іншых сфэрах жыцьця. Эканоміка была цэнтралізаваная ў Маскве й, як вынік, пагаршалася год ад году. Усе тавары, якія раней можна было набыць у Заходняй Беларусі, вельмі хутка зьніклі. Салдаты Чырвонай Арміі, агенты акупантаў (настаўнікі, адміністратары, партыйцы) былі замежнікамі — у асноўным з Расеі. Яны ніколі ня ўмелі размаўляць па-беларуску й невідушча падпарадкоўваліся свайму начальству ў Маскве. Беларускі ўрад у Менску складаўся з марыянетак Масквы. Напачатку, напрыканцы 1920-х гадоў, беларускі рух перажыў уздым, але быў спынены чысткамі 1930 — 32 гадоў. Лідэры руху былі рэпрасаваныя, і большасьць зь іх — забітыя. Некаторыя памерлі ў савецкім ГУЛАГу. Мала хто выжыў. Я ўзгадаў, як чуў у Польшчы, што савецкая ўлада забівае сваіх уласных дзеячоў і што тыя прызнаюць сваю віну й, здаецца, паміраюць дабравольна. Тады я думаў, што гэна была антысавецкая прапаганда, створаная палякамі. Аднак цяпер я пабачыў, што, магчыма, памыляўся.

Мае маці адкрыта выказала свае страхі й хваляваньні. Яна загадала мне пайсьці да гарадзкіх уладаў, каб зарэгістравацца й атрымаць дакументы. Яна баялася, што маёй гісторыі не павераць і я магу апынуцца ў астрозе альбо ў лягеры на ўсходзе Савецкага Саюза.

Каля шасьці вечара вярнулася медсястра. Яна была высокай, хударлявай, з прыгожай таліяй й маленькім задком у шчынкай спадніцы. У яе былі маленькія грудзі, і, здаецца, я мог бачыць саскі пад сіняй кашуляй. У яе былі карыя вочы й тонкія выгнутыя бровы. Яна была пекнай, але нечага не хапала. У ёй не было жыцьця.

Калі яна ўвайшла, маці прадставіла мяне, і медсястра зьлёгку ўсьміхнулася, хаця выдавала на тое, што я яе не зацікавіў. Потым яна павярнулася й пайшла ў свой пакой. Празь нейкі час яна зьявілася йзноў, папіла з намі гарбаты й вярнулася да сябе.

Паколькі ў кватэры цяпер знаходзідася медсястра, размова зьмянілася. Мы з маці пачалі гаварыць пра нашую сямью ў Любчы й абмяркоўваць, што мне лепш зрабіць: застацца тутака альбо падацца туды. Я сказаў, што, хутчэй, паеду ў Львоў, які знаходзіўся тады ў Савецкай Украіне, дзе меўся ўніверсітэт і дзе мае сябры, Язэп Сажыч і Янка Хутар, вывучалі медыцыну. Я хацеў, каб мяне залічылі да верасьня.

На наступны дзень я рана падняўся й пайшоў наведаць аднаго добрага сябра, зь якім мы вучыліся ў польскай гімназіі — Янку Плескача. Янка быў на дзьве клясы старэй за мяне, але ў нас былі вельмі давяральныя адносіны й мы заўсёды адкрыта абмяркоўвалі нашае стаўленьне да палітычнай сытуацыі ў Польшчы. Янка зьяўляўся антыкамуністам і выступаў за свабоду слова й правы чалавека. Ён змагаўся за правы беларускіх меншасьцяў, кшталту жыдоў. Ён зрабіў накід гісторыі Беларусі, дзе падкрэсьліваў, што нашая краіна захоўвала вернасьць дэмакратыі й заўсёды давала прытулак тым, хто спрабаваў унікнуць перасьледу, напрыклад, французскіх пратэстантаў і гішпанскіх жыдоў. Янка моцна зьдзівіўся, калі пабачыў мяне, бо чуў, што я загінуў на фронце. Я запэўніў яго, што ёсьць жывым і здаровым і надта прагну вярнуцца да вучобы, каб займацца медыцынай, і што зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Беларусь будзе йзноў вольнай. Янка сур’ёзна паглядзеў на мяне й запрасіў прысесьці. Ён растлумачыў мне, што інфармацыя, якую ён зараз паведаміць мне, зьяўляецца прыватнай і што яго арэштуюць і адправяць у Сібір, калі нехта даведаецца, што ён гэтай інфармацыяй валодае. Янка коратка абмаляваў мне сытуацыю, якая панавала ў Беларусі, што было падобным да таго, што распавяла мне маці. Ён пацьвердзіў, што саветы падаўляюць вальнадумства й зьнічтажаюць усіх і ўсё, што нейкім чынам зьвязана зь беларускім нацыяналізмам. Ён паведаміў, што студэнты, якіх польская паліцыя акрэсьліла як камуністаў, былі арыштаваныя й зьніклі. Янка лічыў, што я моцна памыліўся, што вярнуўся. Ён параіў мне пайсьці ў гарадскую адміністрацыю й пабачыцца зь дзяўчынай пад прозьвішчам Абрамовіч. Яна вучылася ў адной клясе са мной у польскай гімназіі й, паколькі была жыдоўкай, хутка атрымала адміністратыўны пост у гарадзкіх ворганах кіраваньня. Савецкі ўрад і КГБ выказвалі шмат сымпатыі да жыдоў, што разыходзілася з антысеміцкай палітыкай пры Польшчы. Саветы абвесьцілі жыдоў раўнапраўнымі грамадзянамі, якія атрымалі нават болей правоў за ўсіх астатніх, бо яны цяпер займалі амаль усе адміністратыўныя й больш-менш уплывовыя пасты.