Выбрать главу

Навучаньне ў школе, дзе я працаваў, грунтавалася на праграме дзесяцігадовай адукацыі. У вялікіх гарадох школьныя адукацыйныя стандарты былі значна вышэйшымі й па заканчэньні школы вучні былі лепш падрыхтаваныя да паступленьня ва ўніверсітэт. Аднак нават у вялікіх гарадох стандарты не былі такімі высокімі, як у польскай гімназіі.

Я пачаў працаваць настаўнікам, але незадаволены гэтым абавязкам, я арганізоўваў спартыўныя мерапрыемствы. Я ўвёў гімнастыку, баскетбол, валейбол, лыжны спорт. Малады расейскі настаўнік Міша быў моцна ўражаны маімі намаганьнямі. Ён зьяўляўся камсамольцам, членам камуністычнай моладзевай арганізацыі, якая была першым крокам на шляху да членства ў кампартыі. На прыступку ніжэй за камсамольцаў знаходзілііся піянеры, своеасаблівы эквівалент скаўтаў. Усе гэтыя арганізацыі выпрацоўвалі ў членах камуністычны дух невідушчага падпарадкаваньня кіраўнікам арганізацыяў.

Мая дзейнасьць зацікавіла Міхаіла, і аднойчы, калі ў мяне быў дзесяціхвілінны перапынак паміж заняткамі, Міша адвёў мяне ўбок і запрасіў прагуляцца й пагутарыць пра тое-сёе. Ён спытаўся, як мне падабаецца мая праца, і паведаміў, што ён уражаны тым, што я арганізую спартыўныя мерапрыемствы для вучняў. Ён сказаў, што я раблю карысную, але безнадзейную рэч, таму што яе не падтрымліваюць наверсе, бо я ня ёсьць камсамольцам. Я спытаў, ці не прапануе ён мне ўступіць у камсамол, і Міхаіл адказаў, што гэта было б нядрэнна. Ён растлумачыў, што калі я зраблю гэтак, то ў мяне будзе больш шанцаў самарэалізавацца, і яшчэ я змагу потым уступіць у кампартыю. І калі я ўжо здолею апошняе, то будучыня будзе маёй, па словах Міхаіла. Ён гаварыў з такім запалам, што мне на нейкі момант падалося, што я сапраўды мог бы стаць членам партыі. Я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі пра дзейнасьць Камуністычнай партыі. Я ніколі ня меў дакладнага ўяўленьня пра ейную дзейнасьць, але я памятаў пра тое, што зьнікалі кулакі й нават удзельнікі Грамады, якая, лічылася, супрацоўнічае з камуністамі. Падазрэньні й ненавісьць да камуністаў усё ўзмацняліся ўва мне, і я ніяк ня мог уявіць сябе камсамольцам. Я таксама ведаў, што ў дачыненьні да ўсіх, хто хацеў уступіць у камсамол, праводзілася праверка мінулага, бацькоў і дзядоў. Я баяўся, што, калі яны даведаюцца, што я нелегальна вярнуўся ў Беларусь, то мяне таксама залічаць у «непажаданыя элементы». Я падзякаваў Мішу за ягоную шчодрую прапанову, але заўважыў, што не заслужыў яшчэ пачэснай магчымасьці стаць касамольцам, бо ёсьць пакуль ідэялягічна непадрыхтаваным. Мне спатрэбіцца час, каб абмеркаваць усё гэта. Я паабяцаў, што празь нейкі час дам Мішу больш пэўны адказ. Ён папрасіў доўга ня думаць і дадаў, што спадзяецца, я дам станоўчы адказ.

Тым самым днём, за вячэрай, я паведаміў сваёй сямьі, што здарылася. Мая цётка Люба проста скамянела. Яна сказала, што я не змагу пазьбегнуць уступленьня ў камсамол, а той факт, што Базыль Рагуля — мой дзядзька, скончыцца для мяне непрыемнасьцямі. Я на гэна заўважыў, што яны ўжо ведаюць пра нашае сваяцтва, і выказаў сваё зьдзіўленьне тым, што Базыль яшчэ тутака. Я дадаў, што ведаю пра кампартыю шмат дрэнных рэчаў і што ніколі не ўступлю ў яе. Позна вечарам прыйшоў мой дзядзька Базыль, і я распавёў яму пра свае клопаты. Дзядзька падкрэсьліў, што я не павінны ўступаць ў партыю, бо, калі я зраблю гэта, то аддамся ў рукі сыстэмы, ад якой ужо ня здолею адкараскацца. Рашэньне было прынятае, і цяпер стаяла пытаньне, як адзьцягнуць размову зь Мішам і як адмовіць яму.

Жыцьцё тым часам працягвалася, і я нейкім чынам зрабіўся абыякавым да падзеяў, што адбываліся наўкола. Я рыбачыў, а калі ў лістападзе выпаў сьнег, катаўся на лыжах у лесе непадалёк. Мне падабалася назіраць за жывёламі, і я ніколі не забіў нічога большага за зайца. Нягледзячы на армейскую падрыхтоўку, я ня быў добрым стралком. Аднойчы я забіў зайца і ня мог нават знайсьці ранку. Я прынес яго дадому, і мае пачалі кпіць зь мяне, што заяц памер ад страху, калі пачуў стрэл. Але я ня надта захапляўся паляваньнем. Мне больш падабалася хадзіць на лыжах, бавіць час на самоце, калі я мог упарадкаваць свае думкі.

Памятаю, як мой дзядзька сказаў, што мы не заўсёды атрымліваем тое, на што спадзяемся, і што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не была беларускай, а толькі новым набыткам Савецкага Саюза. Калі мы былі пад польскай акупацыяй, то змагаліся за тое, каб захаваць свае школы, сваю мову й сваю культуру. Але мы адкрыта размаўлялі па-беларуску, чыталі беларускія кнігі й, да 1932 году, нават мелі штотыднёвае перыядычнае выданьне. Мы друкавалі й перавыдавалі кнігі сваіх знакамітых паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Янкі Купалы й Якуба Коласа. Але жыцьцё пад саветамі аказалася ня тым, чаго чакалі людзі. Замест вызваленьня саветы прынесьлі новую хвалю тэрора, русіфікацыю, матэрыяльны заняпад і нечуваны зьдзек з боку партыі й КГБ.