Выбрать главу

Ён устаў, выйшаў, і затым увайшоў іншы сьледчы. Ён сеў за стол, запаліў цыгарэту й пачаў піць ваду. Паверце, калі хто-небудзь хацеў піць гэтак сама, як я тады, той зразумеў бы, якая гэта пакута — глядзець на некага, хто п’е ваду. У мяне язык прысох да нёба, а цела гарэла. Мне было млосна, мяне мучыла смага, і я ня ведаў, што рабіць. Сьледчы зірнуў на мяне, і я заўважыў лютую жорсткасьць у ягоных вачах. Празь нейкі час ён назваў мяне па-бацьку й спытаўся, як я пачуваюся. Я зманіў, што добра. Ён спытаў, ці абдумаў я прапанову ягонага калегі. Я адказаў станоўча й дадаў, што маё рашэньне канчатковае й што я не хачу ўздымаць гэнае пытаньне йзноў. Ён заўважыў, што й не зьбіраецца гэтага рабіць, а проста хоча, каб я яшчэ раз распавёў гісторыю сваіх уцёкаў. Я спаслаўся на тое, што рабіў гэта ўжо два разы, але сьледчы настойваў, бо я, быццам бы, прапусьціў нейкія дэталі. Ці можаце вы сабе ўявіць, што вам трэба распавядаць тую ж самую гісторыю, зь перасохлым ротам, пасьля чатырох-пяці гадзінаў допыту? Калі я пачаў, сьледчы перарваў мяне й загадаў адразу перайсьці да дэталяў, кшталту імені першага чалавека, зь якім я размаўляў на тэрыторыі Савецкага Саюза. Я адказаў, што гэна была мая маці. Сьледчы заявіў, што я маню, і гэта праўда, але што я мог ведаць пра гэнага селяніна? Ды я й ня стаў бы ўблытваць яго. Я сказаў, што мы з Косьцікам разышліся, і я сеў на цягнік у Наваградак. Гэбіст хацеў ведаць, дзе я ўзяў грошы, і я зхлусіў, што Косьцік прынес мне іх на станцыю. Там мы разьвіталіся й ніколі больш ня бачыліся. Сьледчы пачаў даводзіць, што я не дастаткова шчыры зь імі, у адрозьненьне ад Косьціка. Я на гэна заўважыў, што, калі Косьцік казаў нешта іншае, то гэта таму, што яго прымусілі. Я вырашыў прытрымлівацца свайго варыянта падзеяў, бо калі я пачну мяняць усё больш і больш дэталяў, супраць мяне будзе больш абвінавачаньняў.

Допыт працягваўся. Сьледчы хацеў даведацца пра маю дзейнасьць у гімназіі й пра тое, як я падбухторваў вучняў зьбіраць грошы, каб пабудаваць школу. Гэбіст паведаміў, што я вядомы ім як беларускі нацыяналіст, і што немцы, магчыма, зьбілі мяне з панталыку сваёй нацыяналістычнай і антысавецкай прапагандай. Сьледчы даводзіў, што немцы проста гулялі з маімі пачуцьцямі й перацягнулі мяне на свой бок, каб заслаць у Савецкі Саюз зь нейкім заданьнем. Гэбіст хацеў ведаць канкрэтна, якія заданьні я меў для дзядзькі Базыля, якога кшталту шпіёнскую дзейнасьць я распачаў і якую зброю я хаваю ў Налібоцкай пушчы.

Допыты, здаецца, цягнуліся бясконца, а сьледчыя мяняліся раз на дзьве гадзіны. Наступны ўвайшоў і прапанаваў цыгарэту. Я адмовіўся. Потым ён прапанаваў мне вады. Я ведаў, што ён ня дасьць мне яе, і йзноў адхіліў прапанову. Мне рабілася ўсё горш. Вочы ў мяне зьліпаліся. Пакой, здаецца, пачаў круціцца, і мне выдавала, што я падаю з крэсла. Я папрасіўся ўстаць, але гэбіст ня даў мне дазволу. Сьледчы паліў цыгарэту, праглядаў запісы, сьпяваў сабе пад нос папулярную савецкую песеньку й не зьвяртаў на мяне ніякай увагі. Усё было, як у тумане, і я ня ведаў, размаўляю я ўслых ці пра сябе. Мне здавалася, што я на рыбалцы, а потым — у арміі, што я ваеннапалонны й спрабую ўцячы. Гэна было так, быццам у галаве маёй круціўся фільм. Затым я пачуў загад гэбіста распавесьці сапраўдную гісторыю сваіх уцёкаў. Я адказаў, што ўжо паведаміў ім усю праўду й не магу больш нічога дадаць. Ён параіў мне добра падумаць, бо я падабаўся яму, таму што я, відаць, чалавек інтэлігентны. Ён параіў мне падумаць пра маці, якая нават ня ведае, дзе цяпер ейны адзіны сын. Падумаць, што яна будзе адчуваць, калі даведаецца, што я контррэвалюцыянер, які адмаўляецца служыць на карысць Савецкаму Саюзу. Падумаць, як шмат Савецкі Саюз зрабіў пасьля рэвалюцыі, колькі людзей ахвяравалі сваім жыцьцём, каб працоўная кляса, зь якой я паходжу, атрымала свабоду. Падумаць пра дыктатуру пралетарыята, і колькі было праліта крыві. Я сапраўды пачаў думаць пра тое, колькі крыві невінаватых людзей было праліта, колькі сялянаў, якія не хацелі ўваходзіць у калгасы, прафесароў, настаўнікаў было саслана, расстраляна, адпраўлена ў лягеры паміраць павольнай сьмерцю. Я быў крыху разгубленым, бо ня ведаў, сказаў я ўсё гэна ўслых альбо не. Я згубіў арыентацыю ў часе, і мне здавалася, што я зараз страчу прытомнасьць. Раптам сьледчы падышоў да мяне, узьняў і два разы ўдарыў па твары, каб прымусіць мяне гаварыць. Мне хацелася вырвацца й даць яму здачы, але я стрымаў сябе й не сказаў ні слова. Гэна ўзлавала гэбіста. Ён выцягнуў пісталет, прыставіў яго да маёй скроні й сказаў, што маё жыцьцё будзе каштаваць сем капеек, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць. Затым ён націснуў на курок. Відаць, я зьнепрытомнеў ад страху альбо шоку, бо, калі я ачуняў, то заўважыў, што гэны сьледчы выйшаў і яго замяніў новы. Ён выглядаў такім сьвежым, шчасьліва ўсьміхаўся, і допыт пачаўся ўзноў.