Выбрать главу

Тыя самыя пытаньні, нанова й нанова. Я ўжо не заўважаў, як мяняюцца сьледчыя. Нарэсьце ў вачах у мяне пацямнела, і калі я апрытомнеў, то апынуўся ўжо ў камеры з трыццацьцю-сарака іншымі зьняволенымі. Я ляжаў каля цэбра, напоўненага фекаліямі й мачой. Каля мяне сядзеў чалавек, гадоў шасьцідзесяці-шасьцідзесяці пяці, з добрымі блакітнымі вачыма й прыемнай усьмешкай. Ён спытаўся, як мяне клічуць, і ветліва называў мяне Барысам Дзьмітрычам. Стары заўважыў, што я дрэнна выглядаю й прапанаваў мне вады й крыху свайго хлеба. Пасьля таго, як я паеў і папіў, мне палепшала. Мяне моцна кранула абыходжаньне старога. Ён паклаў мне руку на лоб і папрасіў расказаць, як я тутака апынуўся. Я адказаў, што мне варта было паслухацца селяніна, які параіў вярнуцца ў Польшчу й прыйсьці потым зь немцамі, каб вызваліць Беларусь ад саветаў. Я дадаў, што моцна расчараваўся ў савецкай Беларусі, якая была цяпер усяго толькі калёніяй Савецкага Саюза, поўнай хлусьні й незаконнага перасьледу. Пасьля доўгай размовы, у якой я сказаў больш, чым, напэўна, усім астатнім людзям, бо мяне ўсхвалявала спагадлівасьць старога, ён сказаў, што мне прыдзецца заплаціць па вялікім рахунку і што яму моцна мяне шкада.

Мы паспрабавалі заснуць на саломе. Мне прысьнілася мая заплаканая маці й дзед з бабай, якія бядуюць пасьля майго арышту. Я даведаўся, што ў той час, як я быў у астрозе, гадзіне а сёмай вечара чатыры гэбісты без папярэджаньня, ледзь не зламаўшы дзьверы, уварваліся ў хату маіх дзеда й бабкі, дзе жылі яшчэ мае цётка зь дзядзькам і іхныя дзеці. Усіх сагналі ў кут, прымусілі ўзьняць рукі ўгору й абшукалі на прадмет зброі. Маіх дзеда з бабкай таксама выцягнулі зь іхнага маленькага пакойчыка й абшукалі разам з астатнімі. Гэта бязглузьдзіца — падазраваць старых людзей у злачынствах супраць дзяржавы! Пакуль адзін з гэбістаў вартаваў маю радню, астатнія тры абшукалі хату. Яны пазрывалі пошыўкі, параскідалі пер’е, зламалі дзьверцы ў шафах, аблазілі подпал. Я нават не магу апісаць гэную жорсткасьць, зь якой яны абшуквалі хату. Было праверанае ўсё: кнігі, лісты, нататкі, — але знайсьці яны, натуральна, нічога ня здолелі. На шчасьце, ім ня трапіліся лісты ад Янкі Хутара, бо, інакш, хаця ў іх і ня мелася нічога сур’ёзнага, яго б, як і мяне, запісалі ў контррэвалюцыянеры. Маёй цётцы ледзь не зрабілася млосна, а мая бабка, якая не магла даўмецца, што адбываецца, пачала маліцца. Адзін з гэбістаў абазваў яе дурніцай, бо Бог не дапаможа ёй, таму што ейны ўнук — контррэвалюцыянер і яго ўжо нішто ня выратуе. Калі гэбісты пакінулі наш дом, мая сямья сядзела, бы паралізаваная. Моўчкі яны прыбралі ў хаце, і мая цётка прапанавала паведаміць пра ўсё маёй маці ў Наваградку. Усе замоўклі. Яны памяталі, як яна пакутвала, калі я знаходзіўся ў палоне, і нават ня ведала, ці жывы я. І цяпер, праз колькі месяцаў пасьля майго вяртаньня, мяне арыштавалі саветы. Надзеі, здавалася, не было ніякай. Савецкі ўрад, які ніколі нікім не абіраўся, тварыў страшнае зло ў краіне, якую заваяваў. Урад, які мусіць слугаваць свайму народу, пераўтварыў яго ў рабоў. Празь некалькі гадзінаў, калі ўсё йзноў было ў парадку, прынамсі, зьнешне, цётка Люба прапанавала нараніцу зьвязацца з маёй маці. Яны спадзяваліся, што маці, магчыма, паспрабуе разьведаць, што са мной здарылася.