Наступным днём яны знайшлі маю маці ў лячомніцы, дзе яна працавала. Мне пераказвалі потым, што маці толькі-толькі выйшла з аперацыйнага пакоя й, калі ёй перадалі, што тэлефануюць зь Любчы, яна радасна пабегла да апарата, бо спадзявалася, што гэна я. Аднак гэна была ейная сястра, Люба, і яна паведаміла маці дрэнныя весткі. Маці зьбялела й замоўкла, потым спыталася, дзе дакладна я знаходжуся, паклала слухаўку, а затым пабегла ў міліцыю, каб атрымаць даведку пра мяне. Яна расказала дзяжурнаму афіцэру пра мой арышт мінулай ноччу ў Любчы й спыталася, дзе мяне трымаюць. Афіцэр адказаў, што яму нічога не вядома пра арышт і папрасіў больш не турбаваць яго. Але маці настойвала й дадала, што мяне арыштаваў КГБ, і што яна патрабуе, каб афіцэр патэлефанаваў каму-небудзь і спытаўся, што са мной здарылася. Ён загадаў ёй пакінуць яго ў спакоі, калі яна ня хоча непрыемнасьцяў, бо ім вядома пра ейны ўдзел у Грамадзе, беларускай нацыяналістычнай арганізацыі. Афіцэр папярэдзіў, што ёй лепш пакінуць іх дабравольна, інакш яе таксама возьмуць на допыт, і сілай выкінуў маці з участка. (Грамада зьяўлялася больш культурнай, чым палітычнай арганізацыяй, якая мела на мэце захаваньне беларускай мовы й культуры й якая, відаць, была нейкім чынам зьвязаная з Камуністычнай партыяй, якая выкарыстоўвала Грамаду як буфер для сваёй дзейнасьці. Аднак згодна з мэмуарамі майго дзядзькі Базыля, Грамада была чыста нацыяналістычнай арганізацыяй, якая ня мела нічога агульнага з камуністамі.) Маці села на бліжэйшы цягнік на Любчу й пайшла ў мясцовы КГБ. Яна прадставілася дзяжурнаму й паведаміла, што, наколькі яна разумее, яны мінулай ноччу арыштавалі ейнага сына. Дзяжурны пацьвердзіў гэна й дадаў, што ня можа нічога казаць, пакуль ня высьветліцца, якія абвінавачаньні мне прад’яўляюць. Маці заўважыла, што яны ня маюць права затрымліваць мяне, калі ў іх няма пэўных абвінавачаньняў, і папрасіла перадаць мне пакет з грашмі, але ёй адмовілі. Тады маці пайшла да дзеда й, відаць, упершыню ў жыцьці залілася сьлязьмі.
Я здолеў заснуць, але ноччы адчыніліся дзьверы й было названае маё ймя. Мяне выклікалі з камеры. Я выйшаў, і мне загадалі апрануць паліто й начапілі наручнікі. Затым мяне вывелі ў цёмны двор, дзе ўжо чакаў грузавік. Там сядзелі два салдаты й адзін зьняволены.
Гэнай студзеньскай ноччу ярка сьвяцілі зоркі, бо было марозна. Наручнікі вельмі хутка пахаладнелі. Калі мы ехалі, у мяне ад марозу гарэў твар. Празь некалькі гадзінаў мы прыехалі ў Менск — сталіцу Беларускай Савецкай Сацыялісттычнай Рэспублікі. Мы спыніліся каля вялікіх варотаў, якія зачыніліся, як толькі мы заехалі ў двор. Мяне адвялі ў будынак, упіхнулі ў нейкі пакой і абшукалі. Затым мне растлумачылі, што мяне прывезьлі ў Менск для далейшага расьсьледваньня. Мяне абвінавацілі ў тым, што я лёкай беларускай нацыянальнай буржуазіі. Мяне таксама абвінавацілі ў нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасьці, шпіянажы на карысьць Нямеччыны, захоўваньні зброі й падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня супраць Савецкага Саюза. Мне загадалі падпісаць паперу, дзе казалася, што я прачытаў абвінавачаньні супраць мяне. Я адказаў, што ня буду падпісваць лухту. Мне загадалі замаўчаць і не адкрываць рота, пакуль мне не загадаюць. Мне паведамілі, што допыты будуць працягненыя, і, калі расьсьледваньне скончыцца, мне паведамяць пра вынікі.
Мяне павялі па шматлікіх лесьвіцах і я здагадаўся, што астрог быў пабудаваны кругам, з пляцам усярэдзіне. Гэна быў паўцёмны трох-чатырохпавярховы будынак, з ахоўнікамі на кожным паверсе. Ахоўнікі зазіралі ў камерныя вочкі, каб праверыць зьняволеных. Мяне ўпіхнулі ў 17 камеру, і дзьверы за мной зачыніліся. Цяпер ужо знаёмы жахлівы грукат дзьвярэй адрэзаў мяне ад навакольнага сьвету.
Я агледзеў камеру. Над дзьвярыма вісела моцная лямпачка, якая асьвятляла мой ложак. У адным куце стаяў стол, прыкручаны да сьцяны, і крэсла, а ў другім — параша. Камера была футаў чатырох-пяці ўшыркі й недзе дзесяці — у даўжыню. Высока ў сьцяне знаходзілася вакно, але яно было зачыненае знадворку, і толькі ў самым версе была ледзь заўважная шчыліна. Стаяла ноч, і цяжка было разабрацца, колькі сьвятла трапляла праз вакно ўдзень. Я стаяў спіной да дзьвярэй, аглядаў камеру й думаў, колькі яшчэ мне прыдзецца пакутваць у йзаляцыі. Вочка ў дзьвярах адчынілася, і нехта гаркнуў, што я мушу распрануцца й пакласьціся спаць. Ложак трэба было адкінуць ад сьцяны, як у цягніку. Матрац быў саламяным, але мелася падушка. Я заснуў, але раптам прачнуўся, бо па мне нешта паўзло. Гэна былі клапы — сотні клапоў. Я падняўся з ложка, каб атрэсьці іх зь сябе. Потым я лёг на падлогу, але той самы голас загадаў мне йзноў пакласьціся ў ложак.