Выбрать главу

Сьледчы ведаў, што немцы дазволілі лекару Міколу Скорсу аб’яднаць вялікую колькасьць беларускіх патрыётаў у Беларускі нацыянальны камітэт у Берліне. Шмат хто з гэных патрыётаў вучыўся тамака перад вайной, але некаторыя былі вызваленыя зь лягеруў, і ім была прапанавая праца, як мне. Я сказаў сьледчаму, што мне ніколі ніхто не прамываў мазгоў. Тым больш, што я знаходзіўся ў лягеры нядоўга, і проста не было часу на тое, каб мне навязалі нейкія йдэі. Мы йзноў надоўга замаўчалі. Гэбіст праглядаў паперы, лічыў старонкі, паглядаў на мяне. Ён знарок маўчаў, і я пачаў пачувацца яшчэ больш няўтульна. Я здагадваўся, што сьледчы падазрае мяне ў сувязі з гэным камітэтам і думае, што мяне заслалі ў Беларусь. Гэна было няпраўдай, але як я мог даказаць гэта?

Празь нейкі час гэбіст заўважыў, што я, здаецца, ня надта схільны ды размоваў. Па ягоных словах было ўжо чатыры раніцы, і сьледчы прапанаваў прыпыніць допыт, каб я як сьлед усё абдумаў, а потым расказаў пра сябе крыху больш, чым зараз. Гэбіст націснуў кнопку, увайшоў ахоўнік і загадаў мне ісьці за ім назад у камеру. Калі я ўжо выходзіў, сьледчы заўважыў, што супрацоўніцтва зь імі дапаможа мне атрымаць свабоду. Я прамоўчаў — павярнуўся й пайшоў за ахоўнікам.

У калідорах панавала цемра. Калі дзьверы за мной зачыніліся зь ненавісным ужо бразгатаньнем, я падумаў, што зажыва пахаваны тутака. У мяне пацяжэла галава, і я пачуваўся прыгнечаным. Я зразумеў, што абвінавачаньні, якія мне прад’яўлялі, былі значна цяжэйшымі, чым я мог уявіць. Мяне падазравалі ў тым, што я засланы немцамі з мэтай арганізацыі пэўнай антыўрадавай дзейнасьці, і маю заданьні ад Беларускага камітэта ў Берліне. Прычым, я ня мог даказаць сваю невінаватасьць.

А сёмай раніцы мяне йзноў пабудзілі. Мне не дазвалялі спаць удзень. Я сеў на крэсла ў куце, якое было прыкручанае да сьцяны, і паспрабаваў паспаць, але так, каб не заўважыў ахоўнік. Таксама я зрабіў з хлебнага мякіша шахматы й спрабаваў гуляць сам з сабой: левай рукой супраць сваёй жа правай. Я пачаў уцягвацца ў гульню, але баяўся, што зьеду з глузду.

Некалькі дзён прайшло бяз допытаў. Кожную раніцу й удзень я рабіў зарадку, наколькі гэна было магчыма ў такой абмежаванай прасторы: выконваў хадзьбу, бег на месцы, адзьцісканьні. Я спадзяваўся, што яшчэ, магчыма, надарыцца магчымасьць зьбегчы, і я мушу быць у добрай форме. Я не хацеў мірыцца з тым, што мне прыдзецца сядзець у турме да канца маіх дзён. Я верыў, што нешта можа здарыцца й я буду йзноў вольным.

Ежа кожны дзень была аднолькавая: палова фунта мокрага, ліпкага хлеба, які ня меў ніякага смаку, і рыбны суп са шматкамі бульбы на палудзень і вячэру. Гэнага было дастаткова толькі, каб не памерці, але я не пачуваўся галодным. Я страціў апетыт праз дэпрэсію, прыніжэньне й безнадзейнасьць. Я заўважыў, што губляю вагу й стамляюся хутчэй, чым звычайна.

Аднойчы ў сярэдзіне лютага, апоўначы, пасьля некалькіх гадзінаў адпачынку, мяне йзноў выклікалі на допыт. Я йшоў за ахоўнікам, але гэным разам ён павёў мяне ў сутарэньні. Пакой для допытаў быў гэткім жа самым: крэсла, стол, лямпа. Мне загадалі сесьці, і затым увайшоў афіцэр-гэбіст. Калі я зірнуў на яго, то ў мяне мурашкі пабеглі па скуры. Я спужаўся, спужаўся ўпершыню за ўвесь час. Сьледчы быў надта высокім, з шырокімі плячыма, гадоў сарака-пяцідзесяці. У яго быў вузкі лоб, шырокія бровы, цёмныя вочы, гарбаты нос, вялікія вусны й цяжкое падбародзьдзе зь ямкай пасярод. Афіцэр быў гладка паголены й акуратна апрануты. У яго быў жорсткі, змрочны выраз твару, які не пакідаў вам ніякай надзеі, і стваралася ўражаньне, што гэны чалавек можа выкарыстаць якія заўгодна метады допыту.

Гэбіст сеў, адкрыў маё дасье й, здаецца, не заўважаў мяне. Ён назваў мне сваё імя — калі не памыляюся, Ісаак Гіньзьберг. Раптам ён узьняўся, падышоў да мяне й сказаў, што я манюка. Ён паклаў паперы перада мною й загадаў прачытаць іх, а сам вярнуўся да стала й запаліў цыгарэту. Гэбіст утульна разьмесьціўся на сваім крэсьле, сядзеў сабе ды й пускаў колцы дыму. Я пачаў чытаць і проста ня верыў сваім вачам. Тамака было ўсё, што я расказаў у Баранавічах старому, але, акрамя гэнага, яшчэ тузін рэчаў, якіх я ніколі ня ўзгадваў. Напрыклад, што ў Налібоцкай пушчы я трымаў у падпольным складзе амуніцыю й зброю й што мой брат Вальтэр добра ведае пра гэта. Таксама там казалася, што я атрымаў ад сваіх дзядзькоў Базыля й Шчатыркі, якія, быццам бы, нямецкія шпіёны, загад пашырыць шпіёнскае кола ў раёне Любчы й Наваградка. Акрамя гэнага, я мусіў арганізаваць падпольную армію, каб узьняць паўстаньне супраць Савецкага Саюза. Я сапраўды ня верыў сваім вачам! Усё, што я наказаў старому, было праўдай, але ўсё астатняе — плён хворага ўяўленьня!