Мне спатрэбілася паўгадзіны, каб прачытаць напісанае, і калі я нарэсьце скончыў, то адклаў паперы ўбок і сказаў, што гэна ўсё хлусьня. Што няма ніякай шпіёнскай арганізацыі, ніякага падпольнага руху. Я спытаўся, якім чынам, яны думаюць, я мог пасьпець сабраць склад зброі, стварыць шпіёнскае кола, падпольную армію за такі кароткі час: зь верасьня па студзень? Я нэрвова засьмяяўся й заўважыў, што гэта не я манюка, а тыя, хто спрабуе абвінаваціць мяне ва ўсіх гэных грахах. У той самы момант, калі я сказаў гэна, я зразумеў, што зрабіў памылку. Сьледчы ўскочыў, скінуў мяне з крэсла й ударыў кулаком па галаве спачатку справа, а потым зьлева. На нейкі час я страціў прытомнасьць, а калі ачуняў, то зразумеў, што ляжу на падлозе. Я паспрабаваў узьняцца. Мне было млосна, і ў галаве гудзелі званы. Пакой круціўся, і мяне ванітавала. Я здолеў сесьці на крэсла, і гэбіст, які выглядаў вельмі жорсткім, стаў насупраць мяне. Ён сказаў, што я абразіў яго, калі назваў манюкам, і што я паплачуся за гэна двума днямі йзаляцыі. Я ня мог даўмецца, якога кшталту йзаляцыю ён мае на ўвазе, бо я і так ужо быў ізаляваным у сваёй камеры. Але ў мяне, па словах сьледчага, яшчэ быў шанец выправіць становішча, калі б я падпісаў паперы. Калі я так зраблю, КГБ паставіцца да мяне інакш і будзе больш паблажлівым. Я амаль ня чуў гэных словаў і толькі круціў галавой і паўтараў, што не магу падпісаць дакументы, у якіх ні слова праўды. Тады сьледчы паведаміў мне, што мае дзядзькі й Вальтэр — часьнейшыя за мяне, і што яны якраз-такі пажадалі апраўдацца за сваю дзейнасьць. Ён сказаў, што яны ўва ўсім прызналіся й КГБ паставіўся да іх спагадліва. Я зірнуў на гэбіста й заявіў, што паверу гэтаму, толькі калі пачую гэта ад іх саміх. Не памятаю, што адбылося потым. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб ачомацца ад біцьця. Я ляжаў на падлозе, а сьледчы біў мяне нагой у пахвіну, і тады я зусім страціў прытомнасьць.
Калі я ачуняў, гэбіста ўжо не было ў пакоі. Ахоўнік дапамог мне ўзьняцца, паклікаў другога, і яны напалову вывялі — напалову выцягнулі мяне з пакоя. Я заўважыў, што мы йдзем ня ў камеру, а некуды ў сутарэньні. Яны прывялі мяне да нейкіх дзьвярэй, упіхнулі ўнутр і зачынілі дзьверы. У камеры было напаўцёмна, але я заўважыў матрац у куце. Пакой быў футаў чатырох-шасьці, а то й меней. Сьцены былі вільготнымі, і стаяў смурод. Гэта й называлася йзаляцыяй. Людзі бавілі ў ёй дні й тыдні ў якасьці пакараньня. Няўжо я сапраўды абразіў сьледчага? Я толькі сказаў, што ў паперах была хлусьня, але ён прыняў гэна на свой рахунак. Альбо гэна была проста нагода зламаць мой супраціў? Я ня ведаў.
Празь нейкі час мне прынесьлі вады й хлеба, якіх мусіла хапіць на цэлы дзень. Потым ізноў стала ціха. Я сядзеў на матрацы й абмяркоўваў сваё становішча й будучыню. Я пачуваўся поўнасьцю бездапаможным. Я мог спаць толькі ўрыўкамі ў гэнай халоднай вільготнай камеры.
Ня ведаю, як доўга мяне тамака трымалі — магчыма, дзень ці два. Нарэсьце, дзьверы адчыніліся, і ахоўнік правёў мяне назад у маю камеру. Якая палёгка! Мая камера падалася мне тады гатэльным нумарам! Магчыма, ізаляцыя была мне нават на карысьць, бо цяпер я шанаваў сваю камеру, і яна падавалася мне сапраўды ўтульнай. Аднак я разумеў, што ня мушу рабіць ніякіх імпульсіўных учынкаў, каб нікога не пакрыўдзіць.
Мяне пакінулі ў спакоі на два-тры дні. Потым мяне выклікалі йзноў і прывялі ў звычайны пакой для допытаў. Увайшоў малады лейтэнант і сказаў, што ён ведае пра непаразуменьне, якое паўстала з апошнім сьледчым, але я быў пакараны за тое, што даў волю сваім эмоцыям. Лейтэнант спадзяваўся, што я абмеркаваў сваё становішча й згодны цяпер падпісаць прызнаньне. Ён дадаў, што я яшчэ малады й мяне чакае сьветлая будучыня, калі я прыму савецкі лад як адзінае выйсьце для тых, хто пакутваў ад капіталізму, царскага самаўладзьдзя й палітычнага ўціску з боку Польшчы. Я паглядзеў на сьледчага. Я ўжо нікому не давяраў. Я пакруціў галавой у знак адмаўленьня падпісаць прызнаньне, бо ў ім няма ні слова праўды. Я дадаў, што яны могуць мяне ўзноў пасадзіць у адзіночную камеру, але я нічога не падпішу. Гэбіст заставаўся вельмі прыязным. Ён ня ўзьняў на мяне голасу, ня выказаў гневу. Ён працягваў задаваць тыя самыя пытаньні й распавёў гісторыю пра тое, як ангельцы спрабавалі атрымаць уладу над Індыяй за кошт таго, што нацкавалі індуістаў і мусульманаў адзін на аднаго. Ён параўнаў гэта з намаганьнямі Нямеччыны, якой хочацца пасварыць паміж сабой этнічныя групы ўнутры Савецкага Саюза. Я адказаў, што сумняваюся ў тым, што немцы парушаць пакт аб ненападзе, які яны падпісалі з Савецкім Саюзам. Гэбіст расьсьмяўся на гэна й спытаўся, няўжо я сапраўды думаю, што саветы давяраюць немцам, што яны могуць прыняць фашызм — архіворага савецкай сыстэмы? Ён дадаў, што Савецкі Саюз мусіць быць гатовы да барацьбы й павінны ачышчаць сваё грамадзтва ад такіх людзей, як я, якія хочуць разваліць яго знутры. І ён запэўніў мяне, што яны здолеюць выканаць свой абавязак.