Мяне адвялі ў камеру й пакінулі ў спакоі на некалькі дзён, а потым ізноў дапытвалі дні два-тры.
Гэта працягвалася бясконца. Напрыканцы сакавіка мяне прывялі ў зусім іншы пакой для допытаў. Я пахаладзеў: тамака знаходзілася лаўка з рамянямі, а таксама Гіньзьберг і два ніжэйшых па званьні гэбіста. Гіньзьберг сядзеў якраз насупраць мяне й выглядаў даволі пагрозьліва. Ён пазіраў то ў паперы, то на мяне. Ён паведаміў, што я маю апошні шанец прызнацца ўва ўсім, інакш я сутыкнуся зь вельмі непрыемнымі пасьледзтвамі сваіх паводзінаў. Я адказаў, што ўжо прызнаўся ўва ўсім і што мне няма чаго дадаць. Сьледчы запярэчыў, што гэта ня так, бо інфармацыя, якую яны атрымалі ад Косьціка, ягонага дзядзькі й маіх дзядзькоў, не супадае з тым, што наплявузгаў я, і што калі я не падпішу прызнаньне, у дачыненьні да мяне будуць прымененыя крыху іншыя сродкі допыту. Пагрозьлівым тонам сьледчы сказаў: «Вось папера. Вось асадка. Падпісвай!» Я не зварухнуўся зь месца — толькі моўчкі глядзеў на яго. Потым апусьціў галаву і раптам быў падхоплены двума гэбістамі, пакладзены на лаву тварам уніз і прывязаны. Яны зьнялі мае чаравікі, і я адчуў жахлівы боль. Я не магу яго нават апісаць — гэта было так, быццам нехта прыкладаў да маіх ступней гарачы прас. Гэна быў пякучы боль, які працінаў ногі й мозг. Ня ведаю, колькі яшчэ яны білі мяне па нагах, бо я хутка страціў прытомнасьць. Калі я нарэсьце адкрыў вочы, то быў зусім мокрым, зь мяне лілася вада й я сядзеў на лаве. Мне загадалі сесьці на крэсла, але я ня мог ступаць балючымі нагамі. Тады мне загадалі абуць чаравікі, і я заўважыў, як у мяне апохлі ногі. Каты падзьцягнулі мяне да крэсла, і Гіньзьберг сказаў, што гэна быў толькі маленькі прыклад таго, што робяць з ворагамі Савецкага Саюза, якія ніяк ня хочуць зьмяніцца ў лепшы бок і прызнаць савецкую сыстэму.
Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб здолець хадзіць. Я фанатычна разьвіваў тулава, але пакінуў у спакоі ніжнюю частку цела.
Было недзе дваццатага красавіка, Вялікдзень, дзень, калі расьпялі Хрыста. Я паспрабаваў узгадаць якія-небудзь рэлігійныя сьпевы, а таксама велікодную службу, якую наведвала мая маці, і нават пашкадаваў, што ня веру сьлепа ў Бога, які ёсьць міласэрным і ўсёдаравальным. Я стаў думаць, ці не зрабіў чага, каб заслужыць гэтае пакараньне. Няўжо гэна была Боская воля на тое, што столькі людзей арыштоўваюць, дапрошваюць, расстрэльваюць, адпраўляюць у Сібір? І калі так, то як ён можа быць такім жорсткім? Як ён можа дазволіць, каб людзей наказвалі за тое, чаго яны ніколі не рабілі? Я спрабаваў засяродзіцца, маліцца. Але я ня ведаў малітваў. А можа, я мог бы маліцца сваімі словамі, ці яны тады ня будуць пачутымі? Я паспрабаваў прасьпяваць песьню, якую звычайна выконвалі ў царкве падчас прыгожай велікоднай службы. Але я ня змог пець, бо разумеў, што ня веру ў Бога, створанага царквой. Калі ён сапраўды існаваў, то ўва ўсім сусьвеце, і ня быў адказным за тое, што людзі робяць у дачыненьні адзін да аднага. Я быў упэўнены, што Бог не вінаваты ў разбурэньні й сьмерцях, выкліканых нямецкім нашэсьцем у Польшчы й Чэхаславакіі. Што ён не вінаваты ў рэпрэсіях супраць людзей у Савецкім Саюзе. Я падумаў, што, відаць, Бога сапраўды стварылі людзі й надзялілі яго ўсімі сваімі рысамі, усімі сваімі слабасьцямі. Верагодна, гэта сапраўды так, бо калі б не было людзей, не было б таго Бога, якога мы ведаем дзякуючы царкве, не было б розных рэлігіяў. Бог розны для жыдоў, каталікоў, праваслаўных, мусульманаў, афрыканскіх, індэйскіх плямёнаў, якія не спавядаюць асноўных рэлігіяў. Усе маюць Бога ці багоў, якія створаныя па людзкім падабенстве. Я лічыў, што няварта маліцца гэтаму Богу, бо ён такі ж самы, як і людзі. Такі ж жорсткі й бязьлітасны, як і яны. А вера ў тагасьветнае жыцьцё дапамагае толькі тым, хто знаходзіцца пры сьмерці й хоча спадзявацца, што пабачыць лепшае заўтра. Але я так і не знайшоў адказу на ўсе свае пытаньні пра Бога.