Выбрать главу

Па нейкай невытлумачальнай прычыне мне дазволілі чытаць кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія прыносіў бібліятэкар-зьняволены. Большасьць кніг былі нецікавымі — у асноўным, бальшавіцкая прапаганда, але я атрымліваў таксама пераклады заходняй клясікі на расейскую мову, і чытаў па кніжцы на тыдзень. Аднойчы мне трапілася кніга Лермантава. Адзін зь вершаў у ёй быў пра маці, якая згубіла свайго сына. Тамака казалася, што, як вярба ня зможа ўзьняць свае галіны, так і маці ніколі не забудзе сваё дзіця. Я задумаўся пра сваю маці. Бедная жанчына — яна столькі пакутвала! Колькі яна натрывалася, калі згубіла свайго мужа, а затым — сына. Я думаў пра тое, што яна здолела выгадаваць мяне адна, толькі каб згубіць падчас вайны (калі яна нават ня ведала, ці жывы я), пабачыць на нейкі час, а потым ізноў згубіць. Прычым, калі я быў ваеннапалонным, яна магла хаця б спадзявацца, што я вярнуся, а цяпер, калі мне прад’яўлялі палітычныя абвінавачаньні, надзеі амаль не было. Я выўчыў гэны верш напамяць і дагэтуль ведаю яго.

Празь нейкі час я ўсьвядоміў, што мне спрабуюць адстукваць нешта празь сьцяну на марзянцы альбо наўчыць ёй. Але я ня здолеў гэтага зрабіць. Ня ведаю, чаму, але я не разумеў гэтай сыстэмы й дагэтуль не валодаю ёю. Магчыма, гэта таму, што я баяўся, што любая камунікацыя са зьнешнім сьветам, нават з суседняй камерай, прывядзе да йзаляцыі, а мне гэтага надта не хацелася.

Дні міналі адзін за адным, і, па маім календары, надышло першае траўня — дзень усіх працоўных. Паколькі мяне перавялі ў іншы будынак, я мог бачыць вуліцы Менску й чуць музыку й гукі параду. Мой сьледчы, малады чалавек, сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то змагу быць сярод сьвяточнага натоўпу. Я ведаў, што гэна няпраўда й што, калі я сапраўды зраблю гэта, то падпішу сьмяротны прыгавор маім дзядзькам і іншым людзям, якія ўцягненыя ў маю справу. Я йзноў паўтарыў, што не падпішу, бо тамака ўсё няпраўда. Тады гэбіст параіў мне назіраць парад праз вакно. Знадворку ўсё падавалася такім вясёлым, але я ня мог даўмецца, як людзі могуць радавацца ў турме, якой для іх стаўся Савецкі Саюз. Сьледчы сказаў, што, калі мне ўжо напляваць на сябе, і я хачу зламаць сабе жыцьцё праз сваю ўпартасьць, то мушу падумаць хаця б пра маці. Ён намякнуў, што маці могуць таксама арыштаваць, і, магчыма, яна раскажа ім пра мяне крыху больш. Гэта было горш за ўсе катаваньні. Я мог вытрымаць зьбіваньні, ізаляцыю, але ня тое, што з маёй маці можа быць тое самае. Упершыню я задумаўся пра тое, каб падпісацца й выратаваць маці. Я вельмі доўга разважаў пра гэна, але потым вырашыў, што, калі ўжо нешта мусіць здарыцца зь ёю, то гэта здарыцца незалежна ад таго, што я зраблю. Яны ўсё роўна арыштуюць яе, калі ўжо наважыліся, але калі я падпішу, яна апынецца палітычным вязьнем.

Празь некалькі дзён мяне ўзноў выклікалі на допыт, і я пабачыў ката Гіньзьберга. Я прырыхтаваўся да найжахлівейшага катаваньня й баяўся, што ня вытрымаю яго й падпішуся. У глыбіні душы я адчуваў, што аднойчы ўсё роўна падпішу, і мяне тады праклянуць, заб’юць, сашлюць. Я ўжо больш ня мог трываць фізычны й духоўны зьдзек.

Надзіва, Гіньзьберг нават не ўздымаў на мяне голасу, быў спакойным, стрыманым, але ягоныя словы праціналі мяне наскрозь. Ён сказаў, што такіх людзей, як я, трэба забіваць. Ён выцягнуў пісталет і сказаў, што аднойчы яны вывязуць мяне за Менск, заб’юць адной куляй, і ніхто не даведаецца, што са мной сталася. Цяпер я ведаю, што мяне зьбіраліся адвезьці ў Курапаты, парослую лесам тэрыторыю недалёка ад Менску, дзе сотні й тысячы беларусаў былі забітыя за злачынствы, якіх яны не ўчынялі, але ў якіх падазраваліся за любоў да радзімы, сваёй мовы й культуры й за супрацьстаяньне жорсткай сыстэме, створанай Сталіным. Толькі ў 1987 — 1988 гадах масавыя могілкі ў Курапатах былі адкапаныя, і ў іх былі знойдзеныя 30 тысяч чалавек, застрэленых у галаву.

Я разумеў, што доўга не пражыву, што хутка нешта здарыцца. Мяне альбо заб’юць, альбо сашлюць у Сібір. Былі пэўныя моманты, калі мне, здавалася, было ўжо напляваць. Я губляў вагу й задыхваўся. Я рабіў гімнастыку, але мае мышцы атрафіраваліся. Я яшчэ ня ведаў, што ў мяне вадкасьць у левым лёгкім. Я папрасіў ахоўніка адвесьці мяне да ўрача, але салдат адказаў мне, што ўрач будзе толькі празь некалькі дзён і я тады магу да яго зьвярнуцца. Аднойчы дзьверы камеры расчыніліся, увайшла лекарка — жанчына ў форме КГБ — і спыталася, што мяне турбуе. Я адказаў, што адчуваю боль у грудзях, зь левага боку, і што, калі я дышу, то здаецца, што ў мяне вада ў лёгкім. Лекарка агледзела мяне й параіла не турбавацца, бо гэта хутка пройдзе. Я спытаў, што яна мае на ўвазе, але яна прамоўчала — проста павярнулася й выйшла. Можа, ёй ужо было вядома, што мяне расстраляюць? Ці гэта проста савецкая медыцына такая? Можа, гэта нармалёва й савецкія лекары заўсёды так ставяцца да пацыентаў? І чаго я чакаў? Каб мяне накіравалі ў лазарэт, дзе я атрымаў бы чысты ложак і мяне агледзеў бы сапраўдны лекар?