Я пайшоў назад на захад. Ніхто не пытаўся, хто я такі ці што раблю. Я дайшоў да краю пушчы, і раптам нехта па-расейску загадаў мне ўзьняць рукі ўгору. Мяне спыталі, куды я йду. Я адказаў, што быў у турме, а цяпер хацеў бы запісацца ў Чырвоную Армію, але ня ведаю, дзе гэта можна зрабіць. Яны спыталіся, ці магу я пацьвердзіць, што быў у турме. Мне пасьведчаньне далі, калі адабралі гадзіньнік. Я паказаў гэнае пасьведчаньне й мяне адпусьцілі. Я заўважыў яшчэ двух чалавек у кустах. Магчыма, гэна таксама былі зьняволеныя, якія спрабавалі дабрацца дадому. У іх таксама, відаць, папрасілі пасьведчаньні, але мужыкі ўжо выкарысталі іх на самакруткі. Празь некалькі хвілінаў я пачуў два стрэлы й падумаў, што, відаць, іх прынялі за нямецкіх шпіёнаў і расстралялі.
Я рухаўся на захад і назіраў за савецкімі войскамі, якія адступалі бяз зброі, у беспарадку. Не было арганізацыі, належнага камандаваньня. Танкі, вазы, салдаты тысячамі адступалі на ўсход. Мяне зьдзіўляла Чырвоная Армія, пра каторую я чуў столькі прапаганды. Меркавалася, што яна мусіць быць самай моцнай, аднак яна была разьбітая нямецкімі войскамі літаральна за некалькі дзён.
Калі я прыйшоў у Менск, то пабачыў на перакрыжаваньні двух разьняволеных нямецкіх салдатаў, якія былі добра ўзброеныя, і якім здавалася ў палон купка чырвонаармейцаў. Але немцы ня бралі палонных і адпусьцілі іх. Многія з гэных салдатаў засталіся ў навакольных вёсках, дзе працавалі ў гаспадарках і чакалі, пакуль сытуацыя зьменіцца.
Я дайшоў да акраіны Менску й атрымаў шок, калі пабачыў, як немцы расстрэльваюць палонных. Немцы, якія мусілі вызваліць нас, рабілі тое самае, што й саветы на працягу столькіх гадоў.
Хаця я таксама назіраў, як у некаторых вёсках людзі выходзілі з хат з хлебам і сольлю на белых ручніках, каб павітаць немцаў і падзякаваць ім за вызваленьне. Салдаты паводзілі сябе дастаткова прыязна й прымалі паднашэньні. Я бачыў, як вяскоўцы дастаюць з тайнікоў схаваныя йконы, запальваюць лампады й моляцца Богу ад радасьці, што жорсткі рэжым Сталіна нарэсьце скончыўся. Я не ўсьведамляў, што адбываецца. Мяне зьдзівіла, што немцы, якіх сяляне сустракаюць з хлебам-сольлю, расстрэльваюць ваеннапалонных бяз суда й сьледства. На той момант я ня мог думаць і не ўяўляў, што чакае мяне наперадзе.
Разьдзел 4
Нарэсьце — вызваленьне!
Альбо?
Мяне спыніла паліцыя й спыталася, хто я такі. Я адказаў, што сядзеў да вайны ў савецкай турме, але размаўляць буду толькі зь іхным камандзірам. Тады мяне прывялі ў маленькі паліцэйскі ўчастак, у пакой, які ахоўваўся. Я йзноў спужаўся. Да мяне хутка вярнуліся ўспаміны пра КГБ.
Мяне выклікалі да мясцовага камэнданта. Я адразу пазнаў чалавека за сталом. Гэна быў Яўген Клімовіч. Мы вучыліся разам у польскай гімназіі, і ён быў на год ці два старэй за мяне. Яўген граў на гітары й сьпяваў прыгожым тэнарам. Некалі ён быў закаханым у маю стрыечную сястру, Ніну Бітус, і прыязджаў да нас у Любчу на вакацыі.
Яўген спытаўся, хто я такі. Я ня мог паверыць, што настолькі зьмяніўся, што ён не пазнаў мяне. Я згубіў каля трыццаці кіляграмаў вагі й, відаць, дрэнна выглядаў. У мяне адрасла барада, валасы былі растрапаныя, вопратка — брудная й парваная. Я зірнуў на Яўгена, назваў па імені й сказаў, як мяне клічуць. Я нагадаў яму пра Ніну, цётку Любу, пра тое, як мы купаліся, лавілі рыбу летам у Любчы. Яўген зьмяніўся ў твары. Ён быў агаломшаны, але потым згроб мяне ў абдымкі й паведаміў, што ёсьць цяпер камэндантам гэтага ўчастка й мусіць ачысьцьць гэтую мясцовасьць ад камуністаў, адплаціць ім за тое, што яны зрабілі з намі. Я сказаў, што ўсе камуністы зьбеглі, а людзі, што засталіся, ня маюць да іх дачыненьня й самі ад камуністаў нацярпеліся. Яўген заўважыў, што нельга быць такім даверлівым, бо некаторыя бальшавікі пахаваліся па хатах і ў лясох і ўсё яшчэ пагражаюць нам. Хаця, па ягоных словах, гэта быў ня самы лепшы час, каб абмяркоўваць рэчы накшталт, і прапанаваў мне выпіць. Але я так саслаб, што пабаяўся піць. Тады мяне пакармілі, я памыўся, атрымаў чыстую вопратку й цёплы ложак і адразу ж заснуў.