Выбрать главу

Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб уладкавацца дома, прызвычаіцца да сапраўднай свабоды. Сьмерць маці была цяжкім ударам для мяне, і я ня мог пакуль плянаваць далейшае жыцьцё. Я жыў аднім днём. Я пазьбягаў размоваў і бавіў шмат часу ля Нёмана, хадзіў на шпацыр уздоўж лесу. Ня ведаю, ці думаў я ўвогуле пра што. У галаве ў мяне было пуста. Я ня ведаў, што рабіць. Я ня верыў, што на гэтай зямлі ёсьць месца, дзе я змагу дасягнуць нечага. На той час я нават забыўся на сваю асноўную мэту — медыцыну. Цяпер я разумею, што знаходзіўся тады ў стане моцнай дэпрэсіі. Мне было ўсё роўна жывы я ці мёртвы. Аднак пасьля некалькіх дзён на сьвежым паветры, на сонцы, пасьля добрай ежы ўсё пачало мяняцца. Нягледзячы на зьбядненьне, выкліканае вайной, бабуля, зь ейнай дабрынёй, здолела раскарміць мяне так, што я йзноў стаў дужым мужыком.

Праз тыдзень я вырашыў ісьці ў Наваградак, каб прывезьці ў Любчу цела маці. Вандроўка гэная была цяжкой. Я яшчэ добра памятаў маці. Я пачуваўся ў нечым вінаватым перад ёю, бо расчараваў яе, ня спраўдзіў свае й ейныя намеры, скараціў ёй жыцьцё. Я пачуваўся бездапаможным, бо ўжо ня мог нічога зьмяніць.

Нарэсьце я прыйшоў у Наваградак. Гэта было месца, дзе я праўчыўся ў школе, перажыў першае каханьне, першыя рачараваньні й посьпехі, месца, дзе я бачыў маці апошні раз. Я накіраваўся ў лячомніцу й знайшоў медсястру, якая мела добрыя адносіны з маёй маці, дапамагала ёй на працы й у выкліках на дом. Яна расказала мне пра нямецкую атаку й як загінула маці. Яна дадала, што мая маці загінула пры выкананьні службовых абавязкаў і лічылася гераіняй.

Наваградак і Менск бамбілі ў той самы дзень — 22 чэрвеня 1941. Гэна быў звычайны дзень: людзі былі ў царкве, апранутыя ў сьвяточныя строі, альбо грэліся на сонцы ў садох. Каля 10 гадзінаў раніцы невядома адкуль зьявіліся нямецкія бамбардыроўшчыкі «Стука,» якія зьнішчылі тры чвэрткі горада. Не было ніякага папярэджаньня. Немцы хацелі дэмаралізаваць насельніцтва, згодна з правіламі «бліцкрыг». Зьдзівіць ворага, разбурыць лініі сувязі й абарончыя збудаваньні. Дарогі былі блакіраваныя савецкай адміністрацыяй, арміяй, міліцыяй, гэбістамі, якія ўцякалі ад немцаў. Панавалі разгубленасьць і хаос. Ніхто не падазраваў, што немцы будуць бамбіць такі ціхі горад, як Наваградак, дзе не былі разьмешчаныя ні ўзброеныя сілы, ні ваенныя заводы. Маці была на працы. Раніцай яна рабіла апэрацыі, а паўднём аглядала пацыентаў. Звычайны працоўны дзень быў парарваны выцьцём нямецкіх бамбардыроўшчыкаў. Яны зьявіліся, бы з-пад зямлі, і пачалі бамбіць лячомніцу. Маці кінулася выводзіць пацыентаў у парк, які знаходзіўся побач, потым вярнулася ў будынак, каб дапамагчы іншым. У яе трапіў аскепак бомбы й разарваў ёй чэрап. Маці звалілася й усё яшчэ трымала за руку пацыента, які цудам застаўся жывым. Яна ўжо ніколі не пабачыць свайго сына. Гэтым разам не праз КГБ, а праз новых заваёўнікаў. Ейныя пакуты скончыліся.

Я атрымаў дазвол ад гарадзкой адміністрацыі. У мяне не было грошай, і я прапанаваў работнікам адміністрацыі, што заплачу ў Любчы, калі яны дапамогуць мне давезьці цела. Гэта ўсё было надта страшна. Я павінны быў назіраць за тым, як выкапваюць згнілое цела, завернутае ў прасьціну з лячомніцы. Мне спатрэбіліся сьведкі адтуль, якія маглі б апазнаць цела. Яго паклалі ў дамавіну, паставілі яе на калёсы, і мы шэсьць гадзінаў ішлі да Любчы.

Я адзін ішоў за дамавінай. Я йзноў быў са сваёй маці, размаўляў зь ёю, прыгадваў, як мы езьдзілі да магілы бацькі. Нейкім чынам, пад канец гэнай дваццаціпяцікілямэтровай вандроўкі я вырашыў, што зьмяню сваё жыцьцё.

Я прывез маці дадому. Бабуля настойвала, каб мы паклікалі бацюшку, каб той адпеў маці. Мне было ўсё роўна. Я ня думаў, што ад гэных малітваў будзе нейкая карысьць. Можа для бабулі й цёткі, але не для маці. Мы аднесьлі дамавіну на могілкі й пахавалі побач з маім бацькам. Нарэсьце яны ўзьядналіся. Я ўзгадаў, як яна не хацела сыходзіцца зь іншымі мужчынамі пасьля сьмерці бацькі — так яна аго кахала. Яна была такой вернай, і нарэсьце ім абодвум быў дадзены спачын.

Мы вярнуліся дамоў і дні пайшлі за днямі. Я бавіў час каля ракі. Мне не хацелася лавіць рыбу. Мне нічога не хацелася рабіць.

Я даведаўся, што майго дзядзьку арыштавалі незадоўга да вайны. Дзядзьку Шчатырку саслалі. Большасьць беларускай інтэлігенцыі загналі ў вагоны для скаціны й адправілі ў Сібір. Дзядзька Базыль здолеў нейкім чынам уцячы, вярнуўся ў Любчу й распавёў, як яго арыштавалі й дапрошвалі. Мы параўналі тое, што нам казалі ў КГБ. Дзядзьку Базылю даводзілі, што я, быццам бы, агаварыў яго й пацьвердзіў, што ён належыць да шпіёнскага кола. Мне казалі тое самае пра дзядзьку.