Немцы вельмі хутка прасоўваліся на ўсход і напрыканцы верасьня дайшлі да Смаленска. Генерал Браўчніц прапанаваў Гітлеру спыніць наступ, пакінуць Беларусь, Украіну й Прыбалтыку ў якасьці буферных краінаў, забясьпечыць армію ўсім неабходным і затым рушыць далей. Аднак Гітлер не пагадзіўся з гэнай прапановай, зьняў Браўчніца з пасады Камандуючага ўсходнім фронтам і замяніў яго больш паслухмяным чалавекам, які й рушыў на ўсход. Адзін з членаў «Остміністэрыюм,» барон фон Энгельхард, які меў у Берліне высокі пост, таксама падтрымліваў плян пакінуць Беларусь, Украіну й Балтыйскія краіны як буферныя дзяржавы, што стала б базай далейшага заваяваньня Савецкага Саюза, але прапанова Энгельхарда засталася па-за ўвагай Фюрэра. Гітлер наважыў да канца лістапада папіць гарбаты ў Маскве.
У верасьні я сустрэўся зь дзядзькам Базылём і спытаўся, ці верыць ён яшчэ ў тое, што немцы дапамогуць нам узнавіць незалежнасьць. Той адказаў, што больш ня ўпэўнены ў гэтым, як раней, і што немцы зрабілі тую самую памылку, што й Напалеон у 1812 годзе. Напалеон, які перайшоў Нёман, заходнюю мяжу Расеі, 22 чэрвеня 1812 года, пагрэбаваў абозамі з правіянтам і кінуўся на ўсход, да Масквы. Мой дзядзька прадказаў, што немцы прайграюць і гэта пазбавіць іх будучыні. Аднойчы на сустрэчы, дзе прысутнічалі немцы, якія ўмелі па-расейску й спачувалі абодвум бакам: і нам, і немцам, — дзядзька падвыпіў і засьпяваў рускую песьню «Калі я прыйшоў у Расею, я трымаў усю Эўропу ў руках». Гэную песьню сьпявалі пасьля паражэньня Напалеона. Дзядзьку загадалі замаўчаць, бо ён моцна рызыкаваў. Немцы не данесьлі на дзядзьку й пасьля нават прызначылі яго камэндантам Дзятлава, дзе ён давёў эканоміку да найвышэйшага ўзроўню. Народ давяраў дзядзьку й верыў яму, а дзядзька даволі адкрыта выказваўся пра памылку немцаў, пра тое, што ня верыць ім больш, і што яны, у рэсьце рэшт, будуць разьбітыя.
Да мяне дайшлі чуткі, што ў Наваградак прыедзе сьвятар Гадлеўскі. Ён быў вядомым патрыётам, блізкім па палітычных поглядах майму дзядзьку. Гадлеўскі жыў у аднаго польскага сьвятара, і я пайшоў наведаць яго тамака. Я прадставіўся як пляменьнік Базыля Рагулі й сказаў, што хацеў бы атрымаць інфармацыю пра стан рэчаў. Гадлеўскі адказаў, што яму патрэбны час, каб разабрацца ў сытуацыі. Ён быў няўпэўнены ў тым, што нам трэба спадзявацца на немцаў і чакаць, пакуль яны навяжуць нам заходнюю культуру замест мангольскай культуры Сталіна. Гадлеўскі дадаў, што назіраў за падзеямі на іншых акупаваных тэрыторыях і яму здаецца, што ў нас яшчэ будуць праблемы з акупацыйнымі сіламі. Гадлеўскі параіў мне не здавацца, нягледзячы ні на якія цяжкасьці, і распаўсюджваць ідэю нацыянальнай незалежнасьці, рабіць усё, каб людзі ганарыліся сваёй нацыяй.
Недзе ў лістападзе нямецкая армія была спыненая пад Масквой. Гэную навіну мы атрымалі празь нелегальнае польскае радыё ў Лёндане й нелегальную радыёстанцыю ў Польшчы.
Па завядзёнцы ўсіх таталітарных сыстэмаў нямецкае радыё перадавала інфармацыю ненадзейную й, часта, далёкую ад сапраўднага стану рэчаў. Яны казалі толькі, што пасьпяхова рухаюцца на ўсход, што было няпраўдай. Немцы былі спыненыя Саветамі й прымушаныя контратакаваць. Гэна дало нам надзею, што зь немцамі будзе лягчэй дамовіцца й яны дадуць нам больш свабоды й незалежнасьці, створаць буферную дзяржаву зь Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі, што дазволіць супрацьстаяць Савецкаму Саюзу. Мы ўсё яшчэ аддавалі перавагу нямецкай акупацыі, а не савецкай. Магчыма, таму, што яшчэ дрэнна ведалі немцаў.
Немцы, пры дапамозе СС, зганялі жыдоўскае насельніцтва зь вёсак і гарадоў у гета, якое знаходзілася на тэрыторыі былога раённага суда на вуліцы Карэліцкай. Яны ўтрымоўваліся за агароджай і мусілі працаваць на немцаў: шыць ваенную форму, чаравікі. Матэрыял для гэтага літаральна кралі ў беларускага насельніцтва. Канечне, тое, што жыды мусілі абшываць нямецкую армію, — дзіцячая забава ў параўнаньні з тым, што рабілася Сталіным. Але абодва гэтыя дыктатары, Сталін і Гітлер, прынесьлі людзям аднолькава шмат гора сваёй жорсткасьцю, бесчалавечнасьцю й разбурэньнямі, накіраванымі супраць чалавека. Немцы хваліліся сваім тысячагадовым Рэйхам, але ён усё больш і больш рабіўся пустым месцам, як мы даведваліся, што немцы не непераможныя й іх можна спыніць. Але ўсё ж мы верылі ў моц немцаў, спадзяваліся, што яны перамогуць Савецкі Саюз і будзе знойдзенае палітычнае рашэньне, якое задаволіць былыя саюзныя рэспублікі. Мы спадзяваліся, што зь цягам часу ў нас зьявіцца магчымасьць утварыць незалежную дзяржаву й атрымаць свабоду.