На той час у нас была пэўная магчымасьць разьвіваць сваю культуру, мову, сьпевы й танцы. Нам было дазволена вучыць нашую моладзь, што мы рабілі ў вельмі патрыятычным духу. Зьявіліся новыя патрыятычныя песьні, квітнелі танцы й сьпевы ня толькі ў Наваградку, але й на іншых тэрыторыях, дзе перавагала беларуская інтэлігенцыя. У Наваградку мы прыкладалі шалёныя намаганьні — мы зь вялізнай энэргіяй займаліся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў. На шэраг канцэртаў мы запрасілі немцаў, і тым спадабалася: яны адгукнуліся на душэўнасьць нашай беларускай культуры.
За Саветамі я сядзеў у турме і толькі цудам застаўся жывы. Апроч таго, я вельмі добра валодаў нямецкай мовай, а таму новы наваградзкі бурмістар ахвотна прыняў мяне на працу. Немцы хацелі, каб нейкі беларус заняў пасаду перакладніка ў новасфармаванай нямецкай адміністрацыі. Мяне прадставілі штабсляйтэру Вольфмаеру. Гэты каранасты немец у брунатнай форме з свастыкай на левай руцэ сустрэў мяне досыць прыхільна. Ён энэргічна рыхтаваў прыезд цывільнай адміністрацыі, структураў, якія ў будучыні меліся забясьпечыць кіраваньне тэрыторыяй. Хаця Вольфмаер ставіўся да мяне няблага, я ўсё ж не прызнаваўся, што быў у нямецкім палоне, бо баяўся, што мяне могуць зноў вывезьці ў Нямеччыну або арыштаваць, нягледзячы на тое, што я нацярпеўся ад Саветаў. Я нават пасябраваў з штабсляйтэрам. Гэты асабісты стасунак зрабіў мяне вельмі ўплывовым чалавекам у адміністрацыі Наваградзкай акругі, Наваградзкага «гебіту», як тады гэта называлася. Вольфмаер рыхтаваў рэзыдэнцыю, мэблю: чакаўся прыезд нямецкага камісара. Ён часта браў мяне з сабой у Вільню, едучы па мэблю. Я быў яму карысны як перакладнік, бо я валодаў і нямецкай, і польскай, і расейскай, і беларускай мовамі. Па дарозе — а дарога да Вільні няблізкая, гадзіны тры-чатыры на машыне ці грузавіку — я распавядаў яму пра Беларусь, яе гісторыю, яе народ, я тлумачыў яму, што за польскім часам беларусаў дыскрымінавалі, не давалі адчыняць школы зь беларускай мовай навучаньня, душылі нацыянальны рух. Я распавядаў, як усё беларускае бязьлітасна нішчылі Саветы і як перашкаджае разьвіцьцю беларускага народа адсутнасьць уласнай інтэлігенцыі, эліты, правадыроў. Аднойчы я наўпрост сказаў яму, што польскія перакладнікі і палякі ў адміністрацыі і паліцыі несправядліва абвінавачвалі беларускіх патрыётаў у тым, што яны быццам бы камуністы, пасьля чаго гэтыя людзі зьнікалі, мабыць, гінулі недзе. Ён сур’ёзна выслухаў мяне і паабяцаў разабрацца. Пазьней, іншым разам, ён паабяцаў мне, што калі некага будуць абвінавачваць у супрацоўніцтве з камуністамі, дык будуць пытацца ў мяне. Я ведаў мясцовых людзей і ведаў, хто чаго варты. Паступова я стаў перабіраць усё большы ўплыў пры вызначэньні лёсаў тых, каго падазравалі ў сувязях з камуністамі, і ў мяне зьявілася магчымасьць абараняць іх. Я не рабіў адрозьненьняў між людзьмі: хоць шмат хто зь беларусаў і называў сябе камуністамі за Польшчай, але насамрэч яны былі проста беларускімі патрыётамі, якія спрабавалі знайсьці нейкі шлях для спрыяньня культурнай і палітычнай справе свайго народу. Беларусі трэба было стаць незалежнай дзяржавай, і мы ўсе без разбору, стары й малы, спадзяваліся, што немец пераможа Саветы, і тым самым у нас зьявіцца магчымасьць аднавіць дзяржаўнасьць.
Мой добры сябар Язэп Сажыч вярнуўся з Львову, і я хацеў, каб яго прызначылі начальнікам наваградзкай паліцыі, каб узмацніць у ёй беларускі ўплыў. Ён жа не схацеў займаць гэты пост. Сажыч распавёў мне, што адбылося на Ўкраіне: з прыходам немцаў украінскія нацыяналісты абвесьцілі аб стварэньні незалежнай дзяржавы. Але немцы схапілі іх, і іхныя сьляды згубіліся ў турмах і канцлягерах. Нямеччына была адназначна не гатова дазволіць Украіне стаць незалежнай, і той энтузыязм, зь якім украінцы кінуліся напачатку супрацоўнічаць зь немцамі, стаў згасаць. Язэп сказаў, што ён не давярае немцам, але гатовы стварыць падразьдзел беларускага войска і падрыхтаваць салдатаў, дапамога якіх магла б некалі спатрэбіцца для стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Мяне вельмі засмуціла, што немцы, па словах Язэпа, ня маюць намеру даць Беларусі незалежнасьць, а проста хочуць выкарыстоўваць нас як працоўную сілу, каб мы працавалі на іх, пакуль нямецкія жаўнеры ваююць на ўсходзе. Але што было рабіць? Савецкаму Саюзу мы былі непатрэбныя, прыходзілася выкарыстоўваць немцаў. Нам прыходзілася чакаць, наладжваць мясцовае самакіраваньне і разьвіваць беларускае культурнае жыцьцё. Мы мелі магчымасьць адкрыць школы і свабодна вывучаць сваю мову й літаратуру. А барацьбу за незалежнасьць мы былі гатовы пачаць, як толькі надарыцца спрыяльная палітычная сытуацыя.