Калі немцы гналі Чырвоную Армію назад да Масквы, па вёсках паразьбягалася процьма палонных, якія баяліся, каб немцы не адправілі іх у лягеры. Яны працавалі парабкамі ў сялян. Калгасы разваліліся і сяляне сталі працаваць аднаасобна. Немцы забіралі частку прадуктаў, каб карміць сваё войска, але частку забіралі ў тэорыі, а на практыцы ўсё, выгадаванае селянінам, распрадавалася за бясцэнак, а немцы канфіскоўвалі ўсё, што маглі, пакідаючы сялянам толькі мінімум, неабходны для выжываньня. Сярод ваеннапалонных каго толькі не было, і жук і жаба, тут былі людзі паходжаньнем з розных частак Савецкага Саюзу, але ўсе яны працавалі добра, бо нікому не хацелася гніць у канцлягерох. Савецкі Саюз не падпісваў Жэнэўскую канвэнцыю, і таму немцы абыходзіліся з палоннымі, як з быдлам. Палонныя мёрлі ў лягерох сотнямі тысяч ад голаду, тыфусу, дызэнтэрыі. Іх заганялі за калючы дрот і амаль не кармілі, іх білі і расстрэльвалі.
Саветы спынілі прасоўваньне нямецкай арміі на ўсход і пачалі арганізоўваць на акупаваных тэрыторыях партызанку, але людзі не хацелі ўвязвацца ў прасавецкую дзейнасьць. Немцы ж у Беларусі і іншых акупаваных краінах зрабілі вялікую памылку. Яны баяліся, што тыя былыя савецкія салдаты, якія працавалі па вёсках, уяўлялі сабой патэнцыйную сілу, якую савецкае падпольле магло б арганізаваць на барацьбу ў нямецкім тыле, таму, баючыся ўзрастаньня магутнасьці партызанаў, яны запатрабавалі, каб усе палонныя вярнуліся ў лягер. Ясна, што любы, хто прайшоў праз лягер, а пасьля папрацаваў на волі ў селяніна, ніколі назад у лягер ня вернецца. У выніку, усе гэтыя палонныя, хаваючыся ад немцаў, пайшлі ў лясы, а каб выжыць, прапітацца, сталі рабаваць вёскі. Яны накралі зброі і з дапамогай гэтай зброі ўладарылі над мясцовымі жыхарамі і зрэдку ўступалі ў сутычкі зь немцамі. Так пачалася так званая партызанка, якая змагалася зь немцамі, але нарабіла мясцоваму насельніцтву больш шкоды, чым тым немцам. Спачатку ў партызанаў не было ніякіх ідэялягічных матываў; яны проста хацелі выжыць і выратавацца ад лягероў.