Выбрать главу

Неяк мы былі ў яго разам зь дзядзькам, і я памятаю дзядзькавы словы: «Прабачце, барон, але немцы моцна памыляюцца, паўтараючы памылкі Напалеона. Вы перайшлі Нёман у той самы дзень, што і Напалеон; вы не спынілі прасоўваньня і не арганізавалі шляхоў забесьпячэньня войска, не стварылі буфэрных дзяржаваў у Беларусі і балтыйскіх краінах. Напалеон таксама сьпяшаўся заняць усю Расею і прайграў вайну. Ці ня думаеце вы, барон, што Нямеччына таксама прайграе вайну?» Энгельгард доўга маўчаў, а пасьля адказаў: «Баюся, вы маеце рацыю, але ня ўсё яшчэ страчана. Нямецкае войска хутка наступае на поўдні Савецкага Саюзу. Ёсьць шанцы, што праз пару дзён Сталінград будзе захоплены і тым самым будуць адрэзаны пастаўкі нафты. Гэта можа азначаць канец Савецкага Саюзу». «Я спадзяюся, што так і будзе, але сумняваюся». На тым размова й скончылася. Разьвітваючыся, мой дзядзька папрасіў нікому не распавядаць пра гэтую размову, бо тое, што разумеюць сябры, можа быць згубным, калі гэта стане вядомым каму яшчэ.

У Сталінградзе немцы былі разьбітыя. Ніхто гэтага не чакаў. Пра гэта не адразу стала вядома, толькі ў сьнежні ўдалося пачуць пра гэта па BBC зь Лёндану (іншым крыніцам інфармацыі давяраць было нельга). У нас была магчымасьць слухаць савецкае радыё, але мы лічылі зводкі савецкага радыё прапагандай і ня надта давяралі ім. Немцы сталі рабіцца ўсё больш і больш заклапочанымі, рэпрэсіі ўзмацніліся, але ставала ясна, што немцы прайграюць змаганьне з партызанкай.

Віктар узначальваў моцны партызанскі атрад, які дзейнічаў пад Наваградкам. Пры канцы 1942 году ён выйшаў на кантакт зь Людмілінай маці, якая тады жыла ў вёсцы Багудзенка. Жыцьцё ў Наваградку было вельмі цяжкім: па картках давалі нейкі мізэр, а на базары харчоў было не дакупіцца. Больш-менш прыстойна жылі толькі тыя, каму траплялі прадукты ад сваякоў ці сяброў зь вёсак. Віктар не адзін вечар прагаварыў з багудзенскім настаўнікам Міколам, распавядаючы яму пра жыцьцё ва ўсходняй Беларусі, сваёй бацькаўшчыне, дзе ён скончыў сярэднюю школу і скуль ён пайшоў у Чырвоную армію. Дзіўна было, што памкненьні да стварэньня беларускай дзяржаўнасьці ўсё яшчэ трымаліся і на ўсходзе. Віцебск заставаўся адным з моцных культурных цэнтраў, у тым ліку і беларускага нацыянальнага духу, нягледзячы на татальную дэнацыяналізацыю. Віктараў бацька выкладаў гісторыю і літаратуру ў беларускамоўнай школе, а маці працавала сакратаркаю ў гарвыканкаме. Віктар атрымаў беларускую адукацыю, быў выхаваны ў беларускім духу. Дзейнічаючы пад Наваградкам, вакол нашага цудоўнага возера Сьвіцязь, Віктар таксама абараняў Людміліну маці ад нападу партызанаў (тыя часта зьбівалі або расстрэльвалі мясцовых жыхароў, асабліва тых, чые сем’і жылі ў горадзе, хто лічыўся калябарантам). Дзякуючы сяброўству зь Віктарам, Людміліна маці і ўся іх сям’я жыла досыць няблага: маці не баялася часта наяжджаць у Наваградак, прывозіць сёе-тое з прадуктаў. Яна не магла не заўважыць, што я маю вялікую сымпатыю да яе дачкі, і добра паставілася да нашых стасункаў. А вось Людмілін бацька мне не давяраў, баючыся, што я пацешуся зь ягонай дачкою і кіну. Як жа ён памыляўся і якая малайчына была Людміліна маці.

Ішоў час, мянялася становішча на фронце, мянялася й становішча ў Наваградку, стаўленьне немцаў да нас. Арганізавалася «Самапомач» на чале з доктарам Ермачэнкам, якога гаўляйтэр Кубэ выклікаў з Прагі. Але гэтая арганізацыя была чыста паказушнай, яна мелася стварыць уражаньне, што беларусам дазваляюць мець сякую-такую сыстэму самакіраваньня, якой некалі, магчыма, будзе нададзена адміністратыўная ўлада. Насамрэч «Самапомач» стваралася зусім не для гэтага. Я сустракаўся ў Менску з доктарам Ермачэнкам, і ён мяне ня ўразіў: таўстун, слабая асоба, які імкнуўся ўзбагаціцца пры нагодзе і задаволіць адно свае ўласныя амбіцыі. Такіх і паплечнікаў ён сабе падабраў. Сярод прызначаных ім у розныя мясцовасьці прадстаўнікоў быў і спадар Якуцэвіч з Наваградка. На маю думку, ён быў стопрацэнтовым нямецкім агентам. Уся гэтая задумка з стварэньнем «Самапомачы» хутка выдыхлася, і пасьля забойства Кубэ новы губэрнатар генерал фон Готбэрг скінуў Ермачэнку зь ягонай пасады, выслаў назад у Прагу і забараніў выяжджаць стуль. Беларускія праграма самапомачы і самааховы так шырока й не разгарнуліся: немцы не давалі ні зброі, ні амуніцыі, адзін толькі Юзік Сажыч з сваімі выпускнікамі «настаўніцкіх курсаў» рабіў посьпехі ў Лідзе, разгортваючы беларускую дзейнасьць і спрыяючы нацыянальнаму ўздыму ў гэтых складаных краях, моцна скалянізаваных і кантраляваных польскім падпольлем.