Выбрать главу

З тае пары, як я выказаў свой непакой абыходжаньнем з нашымі работнікамі ў Нямеччыне, я ні разу больш не сустракаўся з камісарам Траўбам. Мяне папярэджвалі, што я магу стаць ахвяраю нейкай правакацыі, у прыватнасьці, з боку жандармаў, што знаходзіліся пад уплывам польскага падпольля праз тых палячак, якія працавалі служанкамі ў жандармэрыі. Мяне маглі ліквідаваць, адплаціўшы мне такім чынам. Мая сіла заключалася толькі ў тым, што я прайшоў праз савецкую вязьніцу, і ніхто ня мог абвінаваціць мяне ў сымпатыях да Саветаў або да камуністаў. Толькі гэта, мабыць, мяне й ратавала.

Жандармэрыя сапраўды была пад моцным польскім уплывам і працягвала выбарачна перасьледаваць то аднаго, то другога беларускага актывіста, абвінавачваючы іх у сымпатыях да камуністаў, што было няпраўдаю. Людзі зьнікалі адзін за адным. Становішча ў Беларусі ўсё пагаршалася. Удзень у гарадах лютавалі немцы, уначы ў вёсках лютавалі партызаны, і яны сутыкалі людзей ілбамі. А цярпела ад усяго гэтага беларускае насельніцтва, людзі былі ў адчаі. Усе расчараваліся ў нямецкім вызваленьні, становішча было бязвыхадным. Ніхто ня меў упэўненасьці ў будучыні. На немцаў спадзявацца не прыходзілася, пра вяртаньне савецкай акупацыі таксама не хацелася нават думаць. БНП імкнулася ў такой сытуацыі выконваць ролю пасярэдніцы паміж рознымі плынямі, умацоўваючы ідэі незалежнасьці сярод людзей. Бюлетэнь гаварыў людзям праўду. Прадказваючы паразу немцаў і раючы, што рабіць. Мы правільна прадбачылі вынікі вайны, амаль беспамылкова прадказалі падзел Нямеччыны на зоны ўплыву паміж амэрыканцамі і Савецкім Саюзам і раілі людзям выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб апынуцца ў Заходняй акупацыйнай зоне, бо там, спадзяваліся мы, беларусы апынуцца пад абаронай дэмакратычнай сыстэмы. Мы меркавалі, што пасьля перамогі над Гітлерам дэмакратычныя саюзьнікі спыняць сталінскі тэрор і разбурэньне ўсяго, што было чалавечага. Мы меркавалі, што заходнія краіны сутыкнуцца з Савецкім Саюзам. Мы памыліліся: гэта даказвае, што мы ня ведалі, як дзейнічае дэмакратычны мэханізм. Мы не разумелі, што дэмакратыя — гэта лад, калі сам лідэр ня мае права прыняць рашэньне, калі перш трэба падрыхтаваць насельніцтва да нейкага рашэньня. А на Захадзе людзі думалі, што галоўны вораг — гэта Гітлер, тады як Савецкі Саюз — гэта хаўрусьнік. Нельга павярнуць зброю супраць былога саюзньніка. Мы дорага заплацілі за гэтую аблуду, гэта была сапраўды трагічная памылка.

У 1941 — 42 гадах адбыўся вялікі ўздым беларускай культуры. Натальля Арсеньнева зрабіла беларускі пераклад шматлікіх лібрэта клясычных опэраў, вядомы наш кампазытар Шчаглоў напісаў новую опэру «Кветка шчасьця», а таксама з’явіўся новы гімн, напісаны Арсеньневай. Паўсюль у гарадах і мястэчках ствараліся хоры і танцавальныя ансамблі. Былі адкрытыя беларускія школы, і за адзін год беларуская культура акрыяла ад доўгага савецкага панаваньня, ад рэпрэсіяў 1929 — 41 гадоў. Мы часта бывалі ў Менску ў опэры зь Юзікам Сажычам. Незабыўныя ўражаньні засталіся ў мяне ад опэры «Кармэн», якую я ўпершыню пачуў па-беларуску. Я назаўжды палюбіў гэтую опэру. Асабліва палюбілася беларусам опэры Гофмана. Словам, 1941 — 42 гады сталі залатым годам беларускай культуры. Каб нам яшчэ пару гадоў сапраўднай свабоды, такой культурнай свабоды, наш народ, наша нацыя хутка адрадзіліся б і ўсталі нароўні зь іншымі свабоднымі народамі сьвету.

Тады ж быў арганізаваны і Саюз беларускай моладзі. На чале арганізацыі стаў выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту спадар Ганько — энэргічны хлопец, вялікі патрыёт, таксама сябар БНП. Калі немцы сталі разглядаць пытаньне, ці патрэбныя ў Беларусі арганізацыі моладзі, мы праз розныя каналы імкнуліся да станоўчага вырашэньня гэтага пытаньня. На кіраўніка гэтай арганізацыі быў прапанаваны менавіта Ганько. Рост папулярнасьці гэтай арганізацыі быў нават трохі нечаканым для нас — у яе ўступалі тысячы юнакоў. Арганізацыя фармавалася на прынцыпах заходняга скаўцкага руху, і на першы погляд была падобнаю да камсамолу і гітлерюгенду. У СБМ-аўцаў была зялёная форма і бел-чырвона-белыя павязкі на рукавах. Яе сябры аддавалі салют рымскім узмахам рукі, а дэвізам было «Жыве Беларусь!» Усё гэта выглядала вельмі патрыятычна і прыцягальна, а немцы гэта ўсё цярпелі, бо не заўважалі нацыянальнага характару арганізацыі, прыхаванага пад шэрагам вонкавых рысаў, запазычаных ад «гітлерюгенду». Кіраўнікі арганізацыі зьбіраліся прыцягчы ў свае шэрагі шмат юнакоў 13 — 15 гадоў, а мы меркавалі арганізаваць ваенную падрыхтоўку гэтай моладзі і тым самым закласьці яшчэ адну аснову будучай незалежнай Беларусі. Суполкі СБМ пачалі расьці, як грыбы пасьля дажджу: у Менску, Вільні, Наваградку, Баранавічах і паўсюль-паўсюль. Ганько працаваў вельмі актыўна, лётаў з аднаго канца краіны ў другі і нават атрымаў пэўную падтрымку ад немцаў, якія давяралі яму і цанілі ягоную энэргію, ня ведаючы, што ён — сябар нашай БНП і дзейнічае паводле яе загадаў. Ганько стаў адным з выдаўцоў нашага бюлетэню, дзе выказваў свае думкі наконт палітычнае сытуацыі, выступаючы зь вельмі патрыятычных пазыцыяў.