Выбрать главу

Выбраўся ён раз з Ацукевіч у Варшаву. Набуў плеценыя лапці, чыстыя белыя анучы, аплеценыя аборкай, зрэбныя порткі, белая доўгая кашуля навыпуск, сярмяжка зрэбная ды мануфактурная «мыцка» на лысай галаве — сьлед польскай цывілізацыі ў Беларусі. За плячыма белая торбачка, завязаная на вузёл, а ў ёй кусок варанага сала і паўбулкі чорнага хлеба. Вось сядзіць ён у купэ першае клясы ды дрэмле. Насупраць яго нейкі ксёндз з кніжыцай у руках адгаварвае прыпісаныя малітвы. Відаць толькі занепакоіўся ён лёсам мужычка, бо так тут-сюд і зірне зукоса на маленькага сухарлявага прастачка. Падрамаўшы, наш «мужычок» перакусіць задумаў, а перакусіўшы й задыміць. Дастаў махры, адарваў кусок газэткі, скруціў казіную ножку ды зацягнуўся з роскашай. Засьвярбеў у носе ксянжулькі востры дым махоркі, заёрзаў ён на месцы ды кажа:

— Вы, чловечку, ня сюды попадлі, тут першая кляса, штраф заплаціш.

— Паночку, хто яго ведае тыя клясы, тут цёпла, мякка, дык вось і сяджу, — пры тым зноў глыбока зацягнуўся і выпусьціў хмару махоркавага дыму.

Бедны ксёндз заёрзаў ненажарты. Хацеў ужо кандуктара клікаць, як той сам увайшоў:

— Білеты прошэ!

Ксёндз тыцнуў хуценька свой білет ды моргае, нядвузначна косячыся на «чловечка». Зразумеў кандуктар, у чым справа:

— Ваш білет попрошэ! — даволі няветліва адазваўся ён да сэнатара, што скромненька сядзеў у куточку. Той пачаў шолпацца за пазухай:

— Цьфу, каб цябе ліха! Нядаўна сюды палажыў, — мацаючы па кішэнях прамармытаў сэнатар.

— Прэндзэй, члэку! — дэнэрваваўся кандуктар. Нарэшце «члэк» выцягвае нейкі білет і паказвае кандуктару.

— Пшэпрашам, пане сэнатожэ, пшэпрашам, — і сагнуўшыся ў тры пагібелі польскім звычаем зьнік у дзьвярох купэ. І ксянжулькі штось больш ня было — мусіць пастанавіў зьмяніць купэ.

Той самы Васіль Рагуля разагнаў у 1941 г. польскую адміністрацыю, якая ў беларускім Наваградку абсадзіла ўсе адміністрацыйныя становішчы, а беларусы заснавалі ў тым жа Наваградку Беларускі Нацыянальны Камітэт з судзьдзёю Паўлам Сьвірыдам на чале.

— Сорам нам, братцы, — сказаў стары Рагуля на адным із сходаў, — каб мы ў сваім Наваградку ў адным пакоі хаваліся. Трэба расчысьціць атмасфэру і разагнаць польскую ўправу, у нас сваіх людзей хопіць.

На працягу трох тыдняў адміністрацыя стала беларускай. 600 польскіх урадаўцаў было звольнена.

Вось гэты самы Рагуля сядзіць на залі спакойна й зраўнаважана. Акруговы Камісар, з загнутым арліным носам, сухі, малы, уставіў свае халодныя вочы й глядзіць на сэнатара. Сустрэліся іхныя позіркі. Траўб ведаў, да каго зьвяртацца. Калі гэты чалавек ня дасьць парады, дык ад іншых няма чаго спадзявацца.

— Was denken Sie Herr Burgermeister? Што нам рабіць, каб эфэктоўна змагацца з партызанамі?

— Перакладнік! — пачуўся цьвёрды голас сэнатара, — перакладай! — Паважаны камісар, — пачаў ён, — дазвольце вас папытаць, чаму вы не папыталі мяне аб гэтым у 1941 годзе? Сяньня лішне позна выказваць мае пагляды на закранутую вамі тэму. Прычыны сяньняшняй сытуацыі глыбейшыя і аб іх беларускі актыў даводзіў ня раз і ня два да ведама нямецкіх акупацыйных дзейнікаў — усё безрэзультатна. Мы вам прапанавалі разьвязку беларускай нацыянальнай праблемы, вы не паслухалі. Сяньня я вам не магу нічога парадзіць.

На залі завалодала густая цішыня. Здавалася, што чуваць, як б’юцца сэрцы прысутных. Вялікай адвагі вымагала такая заява. Нат любчанскі бурмістр перастаў ёрзаць на крэсьле, наваградзкі стараўся схаваць сваю вялікую галаву паміж прыпаднятымі плячыма, як бы баючыся, каб прыпадкова яе хто ня зьняў. Перакладнік нейк мляўка і камечачы словы, быццам бы баючыся нясьці за іх адказнасьць, перакладаў сказанае і, як пабіты цюцька, паглядаў на камісара, нібы просячы прабачэньня, што ён забавязаны выказваць такія словы. Нарэшце сьціх. Цішыня, як у парны дзень перад бураю. Камісар нярухома стаяў, утапырыўшы вочы на сэнатара і здавалася, што ён не зразумеў ім сказанага і нібы шукаў у вачох бурмістра пацьверджаньня перакладзеных слозаў. Бурмістр стаіць дзіўна лёгка. На твары адбіваецца выраз пераможцы. Ён нейк вырас, змужнеў, гэты стары беларускі дзяяч. У вачох зайгралі дзіўныя аганькі, яны даказваюць нясказанае:

«Так, галубок-камісар, расьсёрбвай кашу, якую заварылі твае тупалобыя начальнікі, верныя служкі Розэнбэрга, што хацеў зрабіць з нашае краіны нямецкую калёнію. Перацярпелі бальшавікоў, перацерпім немцаў, перацерпім мо яшчэ акупантаў, але не памром. Народ наш моцны і ён асягне сваю мэту. А вам, даражэнькі, прыдзецца плаціць за сьлепату і дурноту…»