— Мая ня справа, ці тут хто хаваецца, ці не, але я ведаю, што тут загадвае толькі адзін чалавек — камандзер эскадрону, — адказаў вартавы крыху ўжо падэнарваваным тонам. — Verstanden, Wachtmeister? — зласьліва дакінуў ён.
У міжчасе дыжурны склаў рапарт камандзеру аб дамаганьні нямецкіх жандармаў. Камандзер у той час абгаварваў із сваімі ахвіцэрамі плян прадбачаных на гэты дзень заняткаў.
— Ня ўпушчаць нікога! Я зараз зыходжу наніз! — сказаў ён дыжурнаму зь нейкім дзіўным адценкам у голасе, прапускаючы словы праз заціснутыя вусны. Пры гэтым вочы ягоныя загарэліся нябачаным дагэтуль блескам.
— Lassen sie ihren… ihren Kommandanten kommen — зацінаючыся із злосьці сіпеў вахтмайстар.
У дзьвярох казармаў паказаўся камандзер. Ён затрымаўся на хвіліну і здаецца разглядаў сытуацыю ды разьмяркоўваў сілу. Паміж галоўным уваходам у казармы і вонкавай брамай сабраліся жаўнеры. Яны панура паглядалі праз драцяны плот і браму на сабраных за ім жандармаў і даволі нядвузначна сьціскалі стрэльбы. Сытуацыя выглядала даволі сур’ёзна. Камандзер паволі падыйшоў да вонкавай брамы:
— Sie wunschen? — папытаў ён жандармаў.
— У вас у казармах схаваўся Барыс X. зь Дзятлава. Мы маем загад яго арыштаваць, — адказаў жандарм, паясьняючы прычыны арышту.
— Ад каго маеце загад? — запытаў камандзер.
— Ад акруговага начальніка жандармэрыі, — ужо нецерпяліва адказвае вахтмайстэр.
— Дык прымеце да Вашага і вашага акруговага начальніка ведама наступнае: Барыс X. не хаваецца ў казармах эскадрону, а зьяўляецца жаўнерам эскадрону, як і ўсе іншыя. Арыштаваць, судзіць і караць яго, як кажнага іншага жаўнера можа толькі камандзер эскадрону і ні ў якім выпадку нямецкая жандармэрыя. Перадайце, калі ласка, гэта вашаму начальніку. — Ен сказаў гэта цьвёрдым пагамована-зраўнаважаным голасам, і адвяртаючыся плячыма да анямелых жандармаў, даў загад выходзіць на заняткі.
Жандармы, зьбянтэжаныя неспадзяваным для іх і дасюль ніколі нябачаным захаваньнем «айнгайміша», няпэўна затапталіся каля брамы. На іхных тварах адбіваўся выраз чалавека, што хацеў глынуць гарачую бульбу вялікаватага абыйма ды якая засела ў горле. Цераз некалькі хвілін іх ужо ня было перад брамай казармаў.
— Калі будзе тэлефон з камісарыяту, перадайце, што я на занятках і ў камісарыят прыйду каля паўдня, — сказаў камандзер дыжурнаму і зьвяртаючыся да Барыса X., які няпэўна стаяў пры дзьвярох дакінуў:
— Ня бойцеся нічога. Вы бачылі, як за вамі стаіць увесь эскадрон.
Мне няведамы далейшы паварот інцыдэнту. Камандзер хадзіў у камісарыят. Барыс X. застаўся ў эскадроне. Гэта была нашая першая перамога і наяўны доказ, што «Наваградзкі Эскадрон» быў незалежнай беларускай вайсковай адзінкай.
Другая частка
Эскадрон у акцыі
Жыцьцё эскадрону йшло нармальным шляхам. Інтэнсыўныя заняткі выпаўнялі дні й тыдні. У сутнасьці бадай немагчыма разьмежаваць пэрыяд пераходу эскадрону ў акцыю ад пэрыяду вышкалу. Засяг дзеяньня пашыраўся з кажным днём усё далей ад Наваградка і, зразумела, дробныя сутычкі з партызанамі былі няўхільныя. Тымчасам жыхарства Наваградчыны, а асабліва Наваградка, зжывалася із сваім эскадронам і перажывала нараўні зь ягонымі камандзерамі і жаўнерамі ўсе дасягненьні й няўдачы.
Агулам наваградчане неяк спакойна глядзелі ў будучьню, дарма, што фронт з кажным днём усё больш выгінаўся на захад. На пачатку 1944 году ня было хіба ніводнага чалавека, які, цьвяроза думаючы, верыў у нямецкую перамогу. На чым жа асноўваўся тады гэны супакой наваградчан? Напэўна не на разумовым разважаньні. Гэта проста псыхалягічны мамэнт, выніклы з даверу беларусаў да свайго жаўнера.
— Я ведаю, што немцы вайну прайгралі і за некалькі месяцаў фронт перасунецца на ўсходнія межы Нямеччыны. Але я маю нейкае ўражаньне, што падзеі абмінуць Наваградак. Чаму, сам ня ведаю… Мо таму, што мы маем тут свой эскадрон, — дадаў пасьля колькіх хвілін маўчаньня адзін з урадаўцаў гарадзкое ўправы ў гутарцы зы мною.
Гэта вынік веры ў вадданасьць беларускага жаўнера да свайго народу й Бацькаўшчыны. Гэты прыклад Наваградзкага Эскадрону, чыста беларускай вайсковай адзінкі, даверанай беларускім камандзерам, хоць маленькай і нязначнай у вялікім нацыянальным маштабе, аднак пацьвярджаў праект, настойліва падтрымоўваны галоўнакамандуючым усходнім фронтам фэльдмаршалам Браўхічам: затрымаць фронт на ўсходніх межах Беларусі й Украіны, даць ім поўную свабоду арганізаваць сваё дзяржаўнае жыцьцё, сваю армію, памагчы ім тэхнічна, і пасьля злажыць частку цяжару трыманьня ўсходняга фронту на гэтыя народы. Зразумела, Гітлер, які шукаў на ўсходзе Эўропы калёніяў для нямецкага народу, адкінуў гэны плян і зьняў Браўхіча із становішча галоўнакамандуючага. Гэта дзеялася ў канцы 1941 году. Не ўваходзячы глыбей у сутнасьць гэтага пляну, можна аднак было цьвердзіць на маленькім прыкладзе эскадрону, што беларуская армія, давераная сваім камандзерам, поўнасьцяй справілася б із сваім адрэзкам фронту.