Атмасфэра была даволі напружаная. Паміма добрага абеду і самагону, гутарка ня клеілася. Нашы адмовіліся піць. Нарэшце палякі прыступілі да справы. Пасьля доўгага ўступу аб міжнароднай сытуацыі ды няўхільным прыходзе бальшавікоў, яны імкнуліся пераканаць, што польскі лёнданскі ўрад будзе мець дастаткова ўплываў на міжнародныя падзеі, каб захаваць Польшчу незалежнай дзяржавай у старых межах ды што для беларусаў адзіны выхад — гэта супрацоўніцтва цяпер з палякамі. Гэта будзе дастаткова ацэнена апошнімі, і ў будучыні належна ўзнагароджана ў шырэйшым нацыянальным маштабе. На вуснах С. паявілася дабратлівая нядвузначная ўсьмешка.
— За нашой вольносьць і вашой, ня так? — папытаў ён.
— Як сен цешэн жэ пан мне зрозумял, власьне о то ходзі, — ускрыкнуў радасна маёр, пасьпяшаўшыся з выснавамі.
— Вось у гэтым і справа, — ужо паважна адказаў С. — Нельга ашукваць два разы на тую самую прынаду. Гэта не бярэ. Зрэштай такога характару гутаркі павінны весьціся ў дзяржаўным маштабе. Вашую вольнасьць мы пазналі і нацешыліся ёю дастаткова за дваццаць гадоў вашага панаваньня. Маем годзе. Прапаную гутарыць больш аб нашых лякальных справах. Мне ведама, што вы атрымоўваеце зброю ад немцаў. Мы таксама. Мы змагаемся супраць чырвоных партызанаў. Вы ад некаторага часу таксама павярнулі зброю супраць бальшавікоў. Але ёсьць адно «але»: вы змагаецеся першым чынам супраць беларусаў, вынішчаючы нацыянальна сьведамы элемэнт, які ў канчальным выпадку таксама як і вы змагаецца супраць бальшавікоў. Не за немцаў, але за лепшую будучыню свайго народу. Нашая мэта — незалежная Беларусь. Зразумела, што пажадана, каб нашыя народы жылі ў добрасуседзкіх дачыненьнях, але дзеля гэтага трэба ўжо сяньня палажыць да гэтага асновы. Вашая праступная тактыка адносна беларусаў у Лідзкай акрузе ў ніякім выпадку ня спрыяе гэтай мэце. Дайце выясьненьні што да забойстваў беларусаў.
Маёр быў выразна занепакоены.
— Бачыце, цяжка ўтрымаць дысцыпліну ў партызанскім жыцьці. Гэта былі выпадкі, зробленыя бязь ведама галоўнага камандаваньня. Вы разумееце, што існуюць паасобныя нездысцыплінаваныя банды, і нам цяжка мець над імі кантролю. Але ў нас ёсьць загад не чапаць беларускага насельніцтва. Вы павінны гэта зразумець…
— Так, я добра разумею і раблю з гэтага адпаведны выснаў: нельга дагаворвацца аб супольнай акцыі з камандзерамі, якія ня маюць аўтарытэту над сваімі жаўнерамі. З майго боку наступная прапанова: вы павінны неадкладна спыніць тэрарыстычную акцыю супраць беларускага актыву. Даём вам час да перакананьня нас у вашых добрых намерах. Прапаную пасьля аднаго месяца сустрэцца зноў. У выпадку аднак, калі тэрарыстычная акцыя паўторыцца, мы будзем змушаны адказаць тэрорам на тэрор і пачнем сыстэматычную акцыю вынішчаньня палякаў на тэрыторыі Наваградзкае Акругі. Я скончыў.
Разьвітваючыся, С. дaдaў:
— Прапаную Вам да сяньня вечара вывесьці ўсе вашы аддзелы за Нёман, каб ухіліцца ад непатрэбных сутычак.
Увечары нашая дэлегацыя, расказваючы аб сустрэчы, знайшла поўную падтрымку ў занятым у гутарках з палякамі становішчы.
Месяцы сакавік і красавік у вялікай меры былі прысьвечаны коннаму вышкалу жаўнераў. Эскадрон атрымаў коні ў палавіне сакавіка. Вышкалам заняўся лейт. Д-а, добры кавалерыст, які задзіўляў нас уcіx сваімі вычынамі на кані. Гэта быў незраўнаны жаўнер. Перад уступленьнем у эскадрон ён быў кіраўніком карэліцкай паліцыі і адзначыўся ў баёх з партызанамі. Колькі разоў ранены, ён рабіў уражаньне чалавека, якога кулі не бяруць, бо ніразу пасьля раненьня, нат паважнага, не пайшоў у больніцу. Ён ведаў сабе цану і таму канфлікт зь мясцовай жандармэрыяй, якой падлягала паліцыя, быў няўхільны. Пасьля аднэй вострай дыскусіі, у якой яго абразіў жандар, ён не паўстрымаўся, і выцяў яго па твары, і каб не сябры, застрэліў бы яго на месцы. Пасьля гэтага факту быў арыштаваны й вывезены ў наваградзкую турму, скуль уступіў у эскадрон.