Выбрать главу

— Эскадрон выходзіць на акцыю, — казалі адзін другому.

— З Богам, хлопцы, вяртайцеся зь перамогай! — кідалі яны ўздагон эскадрону.

Эскадрон накіраваўся на Баранавіцкую вуліцу. Мінае апошнія хаты гораду. За Кораставам камандзер заклікаў да сябе камандзераў зьвязаў і дружынаў.

— Першы этап: Гарадышча. Там начуем. Найбольш небясьпечны адрэзак сяньняшняга этапу, гэта Сьвітазь. Уехаўшы ў Сьвітазянскі лес, пярэдняе забясьпечаньне перашукае дакладна лес углыб. Пільна забясьпечыць бакі. Не забывайцеся, што фронту няма. Мы ўваходзім у чыста партызанскі раён.

Камандзеры вярнуліся да сваіх зьвязаў і дружынаў. Хуткім трухтам адна дружына высунулася наперад. Зь ёю лейт. Д-а — з такім забясьпечаньнем страху няма. Эскадрон крануўся зь месца. Спакойна, бязь ніякага інцыдэнту даехалі да Валаўкі. Ужо пярэдняе забясьпечаньне выехала на горку пад валяўскую царкву, мінула яе. Адзін з жаўнераў застаўся, а пры ім нейкі дзядок. Калі камандзер зраўнаўся зь ім, жаўнер склаў рапарт, што гэты дзядок хоча бачыць камандзера. Камандзер прыблізіўся да старога.

— У чым справа, бацька?

— Не забівайце мяне толькі, я нічога не вінаваты. Мне даручылі партызаны перадаць вам вось гэты ліст, — сказаў дрыжачьм ад страху голасам стары.

Камандзер уважліва прачытаў ліст. Пасьля голасна засьмяяўся і сказаў старому:

— Перадай партызанам, што мы ня ў іхны тэрэн едзем, а ў свой собскі. Калі-ж нам стануць на дарозе, дык зумеем маскоўскіх валацугаў прыняць з дарогі.

Як пасьля выявілася, партызаны перасьцерагалі эскадрон перад уваходжаньнем у іхныя раёны. На нікога гэта не зрабіла ніякага ўражаньня. Эскадрон прадаўжаў свой марш. Здалёк на гарызонце зарысаваўся цёмнай лініяй сьвітазянскі лес.

VII

У радох эскадрону заціхлі гутаркі. Кажны дакладна ўяўляў небясьпеку, што чакала іх наперадзе. Шаса парасла зельлем: даўно ўжо гэтая терыторыя лічылася партызанскай і толькі добра ўзброеныя «Geleitzug’i» наважваліся часамі яе праяжджаць.

З правага боку збліжаўся выцягнутым галёпам ганец.

— Два партызанскія конныя патрулі пасоўваюцца паралельна да нас і накіроўваюцца ў сьвітазянскі лес, — адрапартаваў ён камандзеру.

— Ня ўвязвацца ў бой з дробнымі аддзеламі. Пры ўваходзе ў лес зьменшыць адлегласьць да зрокавага кантакту з эскадронам, — загадаў той.

Было відавочна, што ён не хацеў увязваць эскадрону ў бой. Мэтай гэтага маршу ня была баёвая акцыя, а хутчэй дэманстрацыя сілы ды ўзьняцьце маралі жыхарства, запужанага як Немцамі, так і бальшавіцкімі партызанамі. І вось, ня гледзячы на даволі нахабныя правакацыі з боку партызанскіх патрулёў, з нашага боку ня паў ніводзін стрэл. Тымчасам пярэдняя ахова збліжалася да лесу. Камандзер павольна апусьціў руку, і эскадрон затрымаўся.

— З ко-о-оней! — пачулася каманда. — Кулямёты на стачовішчы!

Замітусіўся эскадрон. Неўзабаве коні былі адведзеныя ў бясьпечнае месца, і эскадронаўцы ляжалі на вагнявых становішчах.

Пярэдняя ахова схавалася ў лесе. Зьніклі таксама й бакавыя, заглыбіўшыся ў гушчу сьвітазянскага бору. Наступіла цішыня, поўная чаканьня. Камандзер не адрываў вачэй ад біноклю. Урэшце зь лесу вынырнуў жаўнер — дарога вольная!

Эскадрон паволі ўехаў у бор. Міжволі падымалася рука, каб скінуць шапку, апыніўшыся ў гэтай сьвятыні натуры. Сэрца білася моцна ў грудзёх, напоўненых гамай розных пачуцьцяў. Здавалося, што хопіць падняцца на страмёнах, каб дастаць гордыя верхавіны соснаў.

Стук конскіх капытоў па шасе прыклікаў жаўнераў да рэчаіснасьці. Ганец ад лейт. Д-кі паведамляў, што дарога вольная, ды што пяпэдняя ахова на выгадных становішчах за возерам; на працілеглы край лecу высланы патруль.

Цераз прагаліны лесу ўсьміхнулася блакітная глядзь Сьвітазі, гэтага цудоўнага, таемнага ляснога вока.

— Камандзер, камандзер, — пачулася з розных бакоў, — затрымаемся тут хоць на часінку!

— Трымаць зрокавы кантакт з аховамі, — ужо неяк менш празаічна сказаў той. — Дзесяць хвілінаў адпачынку.

Жаўнеры былі ўжо пры возеры. Адны пілі крыштальна-чыстую ваду, другія паілі коней, іншыя з асалодаю змывалі сабе твар ад дарожнага пылу.

Сьвітазь хавалася ад вачэй эскадрону за гушчай лесу. Яшчэ раз усьміхнулася возера прагалінамі лесу на разьвітаньне ды зьнікла ў гушчы бору.

Неўзабаве выехалі зь лесу. Здалёк, направа ад дарогі віднеліся папялішчы Парэчча, спаленага п’янай нямецкай жандармэрыяй. Вастрыём нажа ўбіваліся ў сэрцы жаўнераў напоўразваленыя каміны. Людзей ня было відаць: калі й засталіся дзе якія, дык і тыя хаваліся ў лясох. Узброены жаўнер ніколі ім нічога добрага не прарочыў.