У Карэлічах эскадрон спадзяваўся належнага адпачынку й багатага прыняцьця: ужо даўно бурмістар карэліцкага раёну запрашаў эскадрон да сябе ў госьці. Нядоўга аднак давялося цешыцца гэтай думкай. Яшчэ падарозе ў Карэлічы паліцыя паінфармавала аб апошніх выпадках: уначы з 26-га на 27-га красавіка, калі эскадрон быў у Гарадышчы, партызаны напалі на кашары, дзе былі ўжо закватэраваныя першыя кантынгенты батальёну БКА. У той час знаходзілася ў Карэлічах група жаўнераў эскадрону, заданьнем якой быў выбар кандыдатаў у плянаваны наваградзкі батальён. Кашары былі пад аховаю мясцовай паліцыі, паколькі батальён БКА не атрымаў яшчэ зброі. У гэную ноч у кашарах меў службу падахвіцэр К-кі з адным жаўнерам эскадрону. Нечакана ўварваліся ў службовы пакой партызаны. Геройска змагаўся К-кі. Ранены ад першага стрэлу ў галаву, ён, заліты крывёй, адстрэльваўся зь пісталету; калі ж ня стала патронаў, выхапіў гранату. Партызаны кінуліся на яго. Ен аднак пасьпеў адбясьпечыць і адпусьціць ручку: магутны ўзрыў закончыў ягонае жыцьцё, але разам зь ім на месцы засталося трох партызанаў.
Як пазьней выявілася, партызаны ведалі пароль. Зьнялі пост паліцыі, і зусім бясьпечна ўвайшлі ў кашары. К-кі сваёй гераічнай сьмерцяй уратаваў колькі дзесяткаў нованабраных жаўнераў БКА.
Гэтае здарэньне прыгнятаюча адбілася на настроі эскадрону. Але прыгнечаньне замянілася ў жаданьне помсты свайго сябры. Яно ахапіла ў роўнай меры жаўнераў і камандзераў эскадрону. Хутка родзіцца плян: выправа на партызанскі штаб у Забалоцьці. Калі аб гэтым даведаўся бурмістар і кіравецтва мясцовай паліцыі, зь якой супрацоўніцтва было неабходнае, яны войстра запратэставалі:
— Ваш плян — гэта шаленства. Нічога не дасягнеце, толькі загубіце свой эскадрон. Застанецеся лепш дзень нашымі гасьцьмі ды варочайцеся ў Наваградак. Вас чакаюць большыя заданьні, — намагаўся пераканаць камандзера й ягоных сяброў бурмістар. — Яшчэ нядаўна быў тут нямецкі батальён, першарадна ўзброены. Яны мелі падобны плян, але мусілі павярнуць з палавіны дарогі. Што ж зробіце вы з вашай сотняй жаўнераў? Разважце раз паважна, — прасіў ён настойліва.
Але на развагу ня было месца ў маладых галовах. Камандзер падзякаваў бурмістру за перасьцярогі й парады ды прыступіў да абгутараньня пляну. Ён быў наступны: зьвяз коннай паліцыі выедзе над сьвітаньнем на Равіны, Руткавічы, Зарэчча. Трэба спадзявацца, што ў ваколіцах Руткавіч іх заатакуюць партызаны. Эскадрон заляжа ў ярох на паўночны захад ад Руткавіч і ў вадпаведны мамэнт уступіць у бой. Калі ж зьвяз дойдзе да Руткавіч і да дзесятай гадзіны партызаны яго не заатакуюць, эскадрон далучыцца да іх у Руткавічах і адтуль пойдзе нармальным маршам на Зарэчча й Забалоцьце.
Ня было ніякага сумлеву, што гэтым разам давядзецца сустрэцца з асноўнай сілай партызанаў. Плян быў падрыхтаваны ліхаманкава і распрацаваны недакладна. Ён апіраўся на меркаваньнях, якія, ня гледзячы нат на найвялікшую праўдападобнасьць, маглі выявіцца памылковымі.
Яшчэ перад сьвітаньнем эскадрон і зьвяз паліцыі крануліся ў паход. Тэрэн быў нязвычайна цяжкі. Глыбокія яры, густа пакрытыя зарасьлямі і падшытым лесам, давалі вялікую перавагу партызанам, якія свой тэрэн добра ведалі. Магчымасьці для цяжкое зброі былі невялікія. У такой мясцовасьці асноўную ролю могуць згуляць скарастрэлы ды гранаты. На кажным кроку відаць было сьвежыя сьляды партызанаў. Нідзе ні жывой душы — ціха і неяк несамавіта.
Эскадрон дайшоў да вызначанага месца. Ахову абмежавалі да колькіх подслухаў, каб нічым ня зрадзіць свае прысутнасьці. Час плыве памалу. Урэшце дзесьці каля дзесятае гадзіны наглядчык рапартуе, што паліцыя ўехала ў Руткавічы. Высланы патруль у вёску навязвае зь ёю кантакт. Хутка пасьля гэтага эскадрон апыніўся ў Руткавічах. Вёска здавалася вымерлай — ні жывой душы. Што здарылася? Чаму паліцыя бясьпечна праехала аж у вёску? Ці ня крыецца нейкая хітрасьць з партызанскага боку? Лепш быць падрыхтаванымі. Пасьля кароткае нарады высунулі аховы ў кірунку Забалоцьця, Зарэчча й Тупалаў. Апошняя была даручана дазнанаму падахвіцэру С. з прычыны на вялікую адлегласьць ад эскадрону і небясьпечны адрэзак.
Камандзер з ахвіцэрамі распрацоўваў далейшы плян дзеяньня. Мёртвая цішыня ў вёсцы неяк няпрыемна дзеіла на нэрвы. Пачуцьцё даволі няёмкае. Ад аховы спад Зарэчча збліжаецца ганец:
— Партызанскі патруль у сіле шасьцёх чалавек збліжаецца да нашых становішчаў. У ваколіцах Забалоцьця выразны рух вялікай колькасьці партызанаў. Конныя й пешыя. Частка накіроўваецца на Тупалы, другая — на Палужжа.
— Падпусьціць патруль і годна прыняць. Чакаць далейшых загадаў.