Выбрать главу

— Гэта лепшае, што вы сёння прачыталі, — і праз хвіліну: — А чаму „Зайцава футра”? Футра — у лісы, у мядзведзя, а ў зайца — кажушок. Так-так, кажушок. Падумайце: „Зайцаў кажушок”, — і дзіўна прыцмокнуў языком, мусіць, ад сваёй знаходкі.

Я прачытаў і другую казку „Яблыня”. Яе таксама ўхваліў рэдактар. Параіў дапрацаваць абедзве і даслаць у „Вясёлку”.

Ужо ў красавіцкім нумары часопіса быў надрукаваны „Зайцаў кажушок”, а трохі пазней — і „Яблыня”. Неўзабаве з лёгкай Віткавай рукі „Зайцаў кажушок” трапіў на старонкі падручнікаў. Яго чыталі на абласным тэлебачанні, зрабілі перадачу для „Калыханкі”. І сёння школьныя настаўнікі памятаюць казку, напісаную трыццаць пяць гадоў таму. 

НЯПРОЙДЗЕНАЯ ДАРОГА ДА БАСТЫНІ 

Пяць пасляінстытуцкіх гадоў я працаваў на Лунінеччыне — у Бастынскай сярэдняй школе. Вёў урокі рускай мовы і літаратуры. Адсюль ездзіў у сталіцу, у рэдакцыі.

У сакавіку 1971 года я зноў быў у „Вясёлцы”. Сустрэлі мяне як добрага знаёмага. Гэта, мусіць, і сыграла са мной злы жарт. Нечакана я пачаў расказваць, якая ў нас вялікая школа, аж пад 600 вучняў, што дзеці ніколі не бачылі жывых пісьменнікаў, і запрасіў вясёлкаўцаў прыехаць выступіць у нас.

Запрасіў і асекся: дальбог, спалохаўся сваёй смеласці» Па вуснах Цімоха Васільевіча прабегла ледзь прыкметная ўсмешка:

— А што, хлопцы, з'ездзім і выступім? Каб дзеткі ўбачылі жывых і сівых пісьменнікаў, — і правёў далонню па белых валасах.

Я прыняў ягоныя словы за насмешку, але хлопцы — Пальчэўскі і Грахоўскі — заківалі галовамі:

— Мо-ожна!..

— А як да вас даехаць? — спытаў на поўным сур'ёзе Вітка. — Цягніком ці самалётам? (Гэта быў час, калі пісьменнікі менш ездзілі на легкавушках).

— Цягніком. Можна ехаць да Лунінца і вярнуцца, а можна, не даязджаючы, і ў Бастыні сысці.

— Добра, — сказаў Вітка. — Даручым Алесю Восіпавічу спісацца з вамі. Мы тут парахуем разам і, як будзе трохі вальней, прыедзем!

Усё гэта адбылося так нечакана, так апантана, што я, вярнуўшыся дамоў, усё яшчэ не верыў... Але неўзабаве прыйшоў ліст ад Пальчэўскага. Ён паведамляў, што вясёлкаўцы прыедуць да нас у маі, адразу пасля свята Перамогі.

Я адчуў сябе самазванцам: запрасіў гасцей, не спытаўшыся ні ў кога, а як у школе аднясуцца да гэтага? З пісьмом пайшоў да дырэктара Рашатко.

— Добра. Вельмі добра! — адразу падтрымаў Уладзімір Іосіфавіч. — Трэба толькі падумаць, як сустрэць пісьменнікаў і як потым пачаставаць.

— Пачастунак я бяру на сябе.

— Э не, Расціслаў Мацвеевіч, тут напісана, што не да вас у госці прыязджаюць пісьменнікі, а ў школу, каб выступіць перад вучнямі. Вось школа і паклапаціцца пра сустрэчу...

Мы ўжо сталі рыхтавацца да сустрэчы, як прыйшоў яшчэ адзін ліст ад Пальчэўскага. Алесь Восіпавіч паведамляў, што іх прыезд у Бастынь адкладваецца, бо Цімох Васільевіч захварэў і лёг у бальніцу, а ехаць без рэдактара не выпадае...

Але другога разу ўжо не было, бо ў тое лета я з'ехаў з Бастыні...

 ЗАГЛАЖВАННЕ ВІНЫ

Доўгія гады я адчуваў вінаватасць перад вучнямі Бастынскай школы за тое, што сарвалося абяцанае спатканне. Толькі ў 1998 годзе, калі мяне прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, я вырашыў выправіць даўнюю памылку.

Некалькі дзён я знаходзіўся ў Лунінцы, у родзічаў жонкі. Аднойчы пазваніў у Бастынскую школу і напрасіўся на сустрэчу. У мяне перад гэтым выйшлі дзве кніжкі „Чаму Сонца рана ўстала?” і „Тры свечкі”. Некалькі гадзін мы гутарылі пра казкі і паэзію.

Дзеці падарылі мне рэчы, зробленыя сваімі рукамі. Адна — асабліва дарагая. Назваў яе, як некалі Вітка казку маю, — „Зайцаў кажушок”. Гэта ігольніца з выпіленай зайчыхай, якая шые адзенне.

Праўда, як былі малыя ўнукі, яны разламалі ігольніцу. Ды зайчыха ўсё-такі засталася і захоўваецца сярод каштоўных рэчаў...

 ПАД ПЕСНІ ВЕСНАВЕЯ

Набліжаліся мае 60-ыя ўгодкі. Вырашыў выдаць кніжку выбраных казак. Назва якая? Канечне, „Зайцаў кажушок” з прысвячэннем светлай памяці Васіля Віткі.

Яна прыспела к юбілею. 27 лютага 2004 года ранкам пазваніў з Мінска Мікола Чарняўскі, павіншаваў з днём нараджэння, папрасіў прабачэння за тое, што не можа быць на ўрачыстасці, і прачытаў свой верш-экспромт:

Пад песні веснавея  Налі па беражок...  А нас няхай сагрэе  Твой „Зайцаў кажушок”!