Выбрать главу
Калі чалавек выбіраў псеўданім                                              Вясёлы, ён думаў аб тым, хто абраў прозвішча                                              Горкі, таксама аб тым, хто ўзяў прозвішча                                              Бедны. Вясёлая эра, яна ж і светлая Ора, з сабой прывяла псеўданімы                                              Святлоў і Вясёлы, але не дазволіла б зноўку вярнуцца                                              Горкім і Бедным. Яна дапускала Бязлітасным звацца, дый не даравала б імя                                              Безнадзейны.

Да „гаворачых” адносіўся і першы псеўданім Крысько. Вершы, што з'явіліся ў дадатку да газеты „Камуніст”, малады паэт падпісаў: Цімох Зрэбны. Маўляў, са сваімі творамі да вас ідзе просты вясковы хлопец у даматканай, зрэбнай вопратцы.

Гэта была не толькі даніна часу, але і боязь перад судом самых патрабавальных крытыкаў — чытачоў і сяброў-літаратараў. Вершы былі прынятыя прыхільна, і на цэлых пятнаццаць гадоў Крысько адмовіўся ад псеўданіма.

І толькі ў гады вайны, як мы бачылі, Цімох Васільевіч зноў задумаўся пра выбар другога (літаратурнага) імя.

Само імя Васіль паэт узяў у бацькі — Васіля Максімавіча, а прозвішча — ад дыялектнага слова „вітка”. Гэтак на роднай яму Случчыне (дый не толькі там) называлі вяху — высокую тычку са шматком сена ўверсе, якой аддзялялі ўчасткі, надзелы. У польскай мове слова азначала галінку. Ёсць і гістарычнае тлумачэнне: з часоў Грунвальда нашыя продкі „вогненымі віткамі (віцамі)” называлі спецыяльныя каралеўскія граматы, якія пад час вялікай небяспекі склікалі сялянскае апалчэнне. Каралеўскі пасланец на кані з запаленай віткай на дзідзе нёсся па гарадах і весях, абвяшчаючы пра бяду, што насунулася на краіну.

Відаць, нездарма менавіта ў гады ліхалецця стаў Крысько Віткам, узнімаючы сваімі творамі землякоў-беларусаў на барацьбу з бязлітасным ворагам.   

„ДЗЕД” І „ЎНУК” 

Псеўданім застаўся назаўжды. Больш за тое — пад гэтым імем па-сапраўднаму раскрыліся талент Цімоха Васільевіча, ягоная шчырая любоў да людзей. Нарадзіўся добры і мудры казачнік, які пісаў:

Жыў на свеце дзед Васіль, 

За плячыма мех насіў...

А ў мяжу тым — казкі, загадкі, пацешкі, лічылкі...

Неўзабаве дзіцячы пісьменнік і галоўны рэдактар часопіса „Вясёлка” адшукаў для сябе і „ўнука” — Васю Вясёлкіна. Упершыню трэцякласнік Вася з'явіцца ў казцы „Буслінае лета”. А ў „Казцы пра цара Зубра” ён ужо — Вася Вясёлкін, які вельмі хутка палюбіўся дзецям. І не толькі беларускім хлопчыкам і дзяўчынкам. Да дня прыезду Цімоха Васільевіча ў Балгарыю паэтка Тэадора Ганчава напісала верш „Вася Вясёлкін прыехаў”. Гэты твор пераклаў на беларускую мову Ніл Гілевіч:

Дзеці, шчаслівая вестка вам ёсць: Вася Вясёлкін сягоння наш госць! Вася Вясёлкін — разумны і здатны, Вася Вясёлкін — наш сябар выдатны!..

 Вася Вясёлкін стаў пастаянным „членам” рэдкалегіі часопіса „Вясёлка”. На якія толькі добрыя справы ён ні клікаў маленькіх чытачоў! І сёння ён з вясёлкаўцамі...

ПЕРШЫ АЎТОГРАФ 

Заканчваўся 1975 год. У плане выдавецтва „Мастацкая літаратура” выхад маёй кніжкі апавяданняў і казак „Вавёрчына дзякуй” значыўся чацвёртым кварталам.

Я не ведаў, ці выйшла яна, і адпрасіўся з семінара, каб з'ездзіць у выдавецтва і пра ўсё даведацца. Найперш заехаў да рэдактара маёй кніжкі Уладзіміра Машкова:

— Не, мы ўсё зрабілі своечасова і даўно здалі ў выдавецтва, — адказаў Уладзімір Георгіевіч. — Павінна была выйсці!..

І сапраўды, зайшоў я ў кнігарню „Светач”, і першае, што кінулася ў вочы, — гэта кніжка з чырвонай вавёрачкай на вокладцы. Яшчэ не прачытаўшы загалоўка, я зразумеў: мая!..

На радасцях купіў адразу дзесяць кніжак. Дадому прывёз толькі адну. Каб паказаць. Але й не гэта было самае галоўнае, а тое — што выпадкова на праспекце Леніна сустрэў Васіля Вітку. Першае, што я зрабіў, пахваліўся кніжкай, якая толькі што выйшла.

— Віншую!.. — сказаў Цімох Васільевіч. — Пакажыце!..

Мы стаялі якраз каля кінатэатра „Цэнтральны”. Зайшлі пад дах, і я падпісаў яму кніжку.