Алесь схамянуўся. Адчуў: загаварыўся.
— Яшчэ мы, дзеці, будзем таксама вывучаць рускухо мову i літаратуру, сувязі з нашай мовай i літаратурай, гісторыю, геаграфію i закон божы,— дадаў ён пазней.— Можа, яшчэ i тое-сёе з біялогіі?
2.
У паштовым калідорчыку Алесь пачуў крык. Крычаў паштавік Гарбуковіч.
— Відзіш: я занят! — чуўся яго пісклявы голас.— Не магу жа я аднаўрэменна іспалняць дзве работы!
Алесь зайшоў на пошту. Тут, у невялічкай прыёмнай, дзе былі толькі прыхінуты да пабеленай мелам сцяны стол, дзве старыя табурэткі, стаяла засцянкоўка Алена Драздовіч. Трымала ў руцэ клуначак — здаецца, з паўдзесятка яек у старой хустцы.
Гарбуковіч, згледзеўшы гэткага непажаданага госця, як ён, Алесь, угнуў галаву — тырчала толькі з-за перагародкі пасма яго рыжых валасоў.
Алесь павітаўся.
Гарбуковіч, не падымаючы галавы, буркнуў; Алена, невысокая, у доўгай шэрай спадніцы i кажушку, непрыгожая кабеціна, зірнула на яго нібы з нейкаю надзеяю: у яе глыбокіх зялёных вачах бліснула пільнасць.
— Вы маеце нейкі клопат, Алена? — запытаў Алесь.
Гарбуковіч маўчаў; Алена нібы засаромелася за свой клуначак i не ведала, што сказаць.
— У пана Гарбуковіча шмат работы,— пасля прамовіла як вінаватая,— а я хацела папрасіць, каб яны пісьмо напісалі...
— Вінцуку? — запытаў Алесь.— У Амерыку?
Алена кіўнула галавою, зачырванелася: i не старая яшчэ, i шляхцянка, a ні чытаць, ні пісаць не ўмее. Саромелася вось, прасіла начальніка пошты, каб ён напісаў, а той не спяшаўся, наганяў сабе цану.
— Здаецца, ваш жа свёкар умее пісаць,— прамовіў Алесь.
— Умее...— Алена хавала вочы.— Але ж ён зусім аслеп. Ды я хацела ад сябе напісаць...
— Ну што ж,— сказаў Алесь.— Давайце я напішу вам ліст. Калі верыце мне, канечне.
З яе мужам, Вінцуком, ён калісьці сябраваў, а вось яе мала ведаў: яна прыйшла ў Драздовічаву сям'ю з чужой вёскі.
— Чаму мне не верыць вам, пане Аляксандра...— спахапілася яна, каб крый божа не падумалі пра яе кепскага.
Гарбуковіч моўчкі паклаў на перагародку паперу, канверт, буркнуў пра плату.
Алесь узяў складзеную надвая сінюю, у лінейку, паперыну — у левым кутку яе была намалявана нейкая царква,— запрасіў Алену садзіцца, сам сеў, дастаў самапіску. Крышку засаромеўся: самапіска была падаравана яму на днях Кацярынаю. Дык, можа, яе, гэтую самапіску, i ведалі. Надта Гарбуковіч — пляткар i даносчык. Расказвае, нагаворвае пра цябе некаму, сустрэнецца з табою, разгаварыся — дык ён тут жа будзе пляткарыць табе пра іншага.
— Ну, з чаго пачнем? — усміхнуўся Алесь.
— Як i ўсе людзі...— адказала Алена, стараючыся па-ранейшаму не пазіраць у вочы. Сарамлівая, баязлівая была. Лічы, ніколі i не выходзіла на людзі.— Што жывыя i здаровыя, чаго i яму зычым...
— А можа, я папросту буду пісаць? — запытаў, а пасля, бачачы яе здзіўленне, патлумачыў:— Ну так, як гавораць тут, у Янкавінах?
— Пa мне, пане Аляксандра, пішыце як хочаце. Абы ён там прачытаў. Бо i ён жа не большы грамацей, як я...
— Не прапусціт цэнзура,— падаў тонкі, як у дзяўчынкі, голас Гарбуковіч,— Можа вярнуцца пісьмо абратна.