Выбрать главу

— Мы ж не будзем пісаць пра ваенныя тайны...— сказаў Алесь i начаў пісаць.

— Напішыце, пане Аляксандра, што дзеці, Янка i Франак, здаровыя, дзякуй богу, добра мне памагаюць. А вот Ірка наша хварэе i хварэе. Бацька зусім слабы... Кажа, можа, i памру ўжо сёлета, не дачакаюся ні вясны, ні сына свайго, Вінцука... Ляжыць усю зіму. I яшчэ кажа, што чырвоныя літары на небе бачыў. На вайну...— i ўжо далей нібы прасіла пісаць мужу, нібы скардзілася яму, Алесю.— Як свёкар быў здаровы, дужы, дык мне было лягчэй. Заступаўся за мяне. А цяпер жа, як злёг, не гаспадарыць, дык яны...— заплюскала-заплюскала вейкамi, а пасля i ўсхліпнула, на худыя рукі яе закапалі буйныя слёзы,— Дык яны, Марыся i Ясь, здзекуюцца i з мяне, i з дзяцей. Яны ж дзяцей сваіх не маюць, дык i маіх не любяць. Не ступі, не засмейся, не...— канцом вузялка выцерла слёзы на шчацэ.— Надта ж ужо Марыся грызе мяне. А цяпер свёкру есці даваць не хоча. Раней, як прыйшла ў хату, дык падлагоджвалася: тата ды тата ўсё казала, хочучы, каб на ix больш зямлі адпісаў, а цяпер хоча, каб скарэй памёр... A калі памрэ свёкар, дык жыцця мне ўжо не будзе. Буду парабчанкаю ў ix...

— Невясёлы ліст пойдзе аж у Амерыку...— амаль усё напісаўшы, што гаварыла Алена, пацмокаў Алесь.

— Я ж не выдумляю,— як апраўдалася Алена.— Каб Вінцук быў дома, дык такога но было б. Нi Ясь, ні Марыся перад ім гэтак не шалелі б. Дык i трэба напісаць, хай кідае тыя заработкі ды едзе дадому. Неяк жыць будзем...

«Каб быў дома твой Вінцук, дык пекла было б у майго дзядзькі...» — падумаў Алесь: Вінцук i хлопцам i мужчынам падходжваў да жонкі яго стрыечнага брата, Галены.

Напісаў ліст. Прачытаў.

— Ну вось аж у Амерыку, за акіян, няхай ляціць наша слова! — усміхнуўся Алесь.— А вы, Алена, не маркоцьцеся ўжо гэтак. Нешта ж будзе. Не прападзіцё.

— Дзякую, пане Аляксандра,— пачала кланяцца яму Алена,— вот вам за фатыгу,— падала клуначак,—вазьміце. I няхай вам бог дасць здароўечка за ваша добрае сэрца.

— Не трэба. Што вы! — збянтэжыўся Алесь.— Нясіце яйкі дзецям.

Яна яшчэ доўга ўпрошвала ўзяць плату, але ён адмовіўся наадрэз. Пайшла дадому, здаецца, аж павесялелая. Што расказала мужу сваё гора, што ёй паспачувалі.

— О, цёмны народ! — азваўся, як толькі яна выйшла, Гарбуковіч.— I не старая яшчэ, пад сорак недзе, a ні чытаць, ні пісаць не ўмее...

— Гэта не смех, а бяда наша! — адказаў Алесь. Стрымана. Яны з Гарбуковічам, як i з Дзяжко, былі непрыяцелі. Ды дагэтуль яны як маглі тапілі яго. Падаў лісты. У Вільню. Васілю i ў газету «Наша ніва», Васілевічу.— Заказнымі, калі ласка.

Гарбуковіч, не пазіраючы яму ў вочы, узяў лісты. Зірнуў i тут жа вярнуў назад, паклаў на прылавак.

— Нe наложена,— прамовіў. Як i дагэтуль, як кажуць, корчыў з сябе інтэлігента, уплывовага чалавека. Пан — здорам боты вымазаў i скурку з'еў.

— Чаму? — здзівіўся Алесь.

— Паштовыя адпраўленні афармляюцца толькі афіцыйна,— адказаў.— А вы парушаеце інструкцыю.

— I вялікае вельмі злачынства раблю?

Гарбуковіч зразумеў здзек, змаўчаў.

— Няўжо ты такі чэрствы?— запытаў Алесь.— Ці так баіцёся кары?

— Не. Я не люблю тое, што любіце вы,— раптоўна шчыра прызнаўся той.— Я саромлюся, што мой бацька — мужык, што я з вёскі. Мужыкі — караўцы. I ўсё наша каравае, грубае...

— Вось якія мы! Самаеды! Самаадрачэнцы!

— А вы? — яхідна ўсміхнуўся Гарбуковіч.— Вы рады, што вы з вёскі? Заўсёды i ўсюды хваліцеся, што з мужыкоў? У горадзе? У лаўцы? У тэатры? У пажонднай кампаніі?

Алесь сумеўся: было, што i ён саромеўся i ў Нясвіжы, i ў Вільні, што ён з вёскі, з сялян, як кажа гэты рыжы, не хацеў, каб надта бачылі, хто ён, ды пасміхоўваліся.

— Вось...— пазлараднічаў, нібы ўзрадаваўся той.— I вы не такі ўжо непахісны вясковец! Бо i ў вас недзе ўсё ж б'ецца жылка: мужыкі мы, не раўня некаму... I дарэмна вы адчынілі школку! Якая з яе карысць? Каму яна трэба? Яна толькі прынясе шкоду. Найперш вам. Калі хочаце, дык магу сказаць па сакрэце: Лядзяш напісаў ужо на вас у губерню данос...

«Ён, агідзіна, не толькі мае лісты ўпотай чытае, але i сваіх сяброў...» — з прыкрасцю падумаў Алесь. Не ведаў, што i сказаць. Не стрываў, абразіў ca злосці i крыўды.

— Вырадак ты, пустазелле! — апаліў яшчэ, мусіць, i агнёвым позіркам.— Але перасцерагаю: я сам магу ставіцца да сябе, да сваіх пачуццяў i да сваёй душы з іроніяю, але разаб'ю рыла таму, хто ўздумае кпіць з мяне, з вёскі, з сялян. Я ўсякія хітрыя прыёмы ведаю. Ca мною жарты кепскія. I забіць магу. Як муху! — гаварыў i бачыў, што Гарбуковіч аж палатнее ад страху.— Я ўжо траіх сёлета ў Стоўбцах i ў Вільні са свету звёў. Укакошыў — i рука не здрыганулася!