Выбрать главу

— Ён не з-за багацця яе хоча ўзяць...

— А з-за чаго ж? — рэзка запытаў Гарбацэвіч У дачкі.

Анелька не ведала, як сказаць тое, пра што думала.

— Ды не кіпі-сквірчы ты, як скварка на патэльні,— ціха папрасіла жонка.— Па-людску хоць раз з дзецьмі пагавары.

— Hi пра якую Зосю i думаць не трэба! — закрычаў Гарбацэвіч,— Я ж сказаў: у Прудах добрую дзяўчыну нагледзеў. Можа, дзесяцін i сем зямлі прынясе ў пасаг.

— Павешуся, але той не вазьму! — асмялеў Віця.

— Вешайся! — не збаяўся бацька.— Будзе па-мойму, а не па-вашаму! — i пачаў як разважаць сам з сабою.— Ён Зосю возьме! Дзве дзесяціны! Бачыце, ён не думае, каб дабро сабраць, гаспадаром быць. Ён хоча толькі на бацькавым дабры раскашавацца! Яму зямля не трэба! Яму краса трэба! Які толк з тваёй красы? Яна сёння ест, заўтра яе няма. А вот зямля была i будзе. Дык i трэба думаць найперш пра яе. Каб i табе было, каб i тваім дзецям яшчэ болей засталося. Бо іначай жа ў трэцім ці ў чацвёртым калене ты сваю радню ў парабкі завядзеш... Ды хіба тая, прудская дзеўка благая? Крывая? Сляпая? Не. Дзеўка якраз круглая, гладкая, залаты зуб у роце... Пра яе,— зірнуў на Анельку,— няма чаго гаварыць. Яна дзяўчына. Яе трэба аддаць замуж. I без добрага пасагу не аддасі. А вот ты ж,— зірнуў на Віцю,— хлопец. За цябе ўжо трэба i добра ўзяць... Наша некалі возьмет у свае рукі — дык мусіш яшчэ багацейшы стаць, чым я... A калі ты так не думаеш, дык які тады з цябе гаспадар?!

Маўчалі. Усе.

— Не ўмееце вы па-гаспадарску думаць, дык буду я, пакуль жывы, гаспадаром у хаце! — сказаў цвёрда.— Што скажу, тое i будзе. Памру — тады як хочаце жывіце. Хоць i чорту лысаму аддайце мае дабро, што я па кропельцы ўвесь свой век збіраў, а самі ідзіце ў парабкі...

Зноў усе маўчалі. Гнятліва. Ён, хоць i задушыў усіхнюю волю, аднак адчуваў: няма радасці. Не разумеюць жа яго. Як ён вораг ім — i жонцы, i дзецям. Не вытрываў, пацягнуўся на двор. Падумаў: трэба было б перасыпаць частакол у гародчыку. Але цяпер жа няможна: яшчэ не сеялі. Кажуць жа, зерне ўваб'ецца ў зямлю i не выб'ецца i дажджу ўсё лета не будзе. Праклянуць тады людзі. Як летась клялі Чорных. Казалі, што з-за ix недзе, можа, i з месяц стаяла летась сухмень.

Гарбацэвіч не гаварыў ні з кім з родных да самага вечара. I да яго не загаворвалі. Дзеці гаманілі толькі з маці, хадзілі каля яе, як кураняты каля квактухі.

Ён пыніў работу ў хляве i ў гумне моўчкі, думаў, разважаў сам з сабою. Увечар, калі павячэралі, сеў пры лучыне правіць конскую збрую. Бо ні хвіліны не мог быць без работы.

Вікця тапталася каля печы, дзеці шмыгнулі з хаты. На гулянку.

Але хвілін праз колькі дачка вярнулася. Нейкая натапыраная, напалоханая.

— Мама,— запынілася ў парозе, сашчапіла рукі.— У Віці абора... Ён пайшоў у гумно...

Ён раптоўна падняў галаву, зірнуў са здзіўленнем, нічога не разумеючы. Вікця аж адкінулася спіною назад, трымаючы ў руках міску, i раптоўна начала бялець-бялець. Хутка прыклала правую далонь пад грудзі.

— Чаго ты сядзіш? — выдыхнула, здаецца, з нянавісцю пазіраючы на яго.— Бяжы! У гумно!

Цяпер i ён зразумеў: сукін сын, задумаў нешта няладнае. Падхапіўся, кінуў на табурэтку вобраць i памчаўся з хаты на двор. Там ужо было цёмна.

Дзверы ў гумно былі зашчэпленыя. Але не знадворку — не на замок, а з сярэдзіпы.

— Віця! — крыкнуў,— Ты тут?

Следам прыбеглі i жонка з дачкою.

— Ну, што? — запытала Вікця.

— Во, замкнёныя...

— Віцечка! — ускрыкнула Вікця.— Ты тут, сынок?

Маўчанне.

— Скажы ж хоць слоўца, дзіцятка!

— Тут,— пачуўся слабы сынаў голас.

— А чаго ж ты там?

— Адчыняй i выходзь! — не чакаючы, што адкажа сын, закрычаў Гарбацэвіч.— Смаркач! Няўдаліца! Ёлупень!

— Не выйду! — адказаў сын.— Калі будзеце сватаць да прудской, павешуся! Не хачу ні жаніцца, ні жыць!

— А божачка! — ускрыкнула Вікця.— Што ж ты надумаў, сынок?

— Я яму зараз дам пятлю! — заскрыгатаў зубамi Гарбацэвіч.— Ён яшчэ палохаць бацькоў будзе! Вешацца! Ах ты, шыбенік! — турзаў за клямку, а пасля дрыготкімі рукамі дастаў з кішэні складанчык, адчыніў i прасунуў лязо між палавінкамі дзвярэй, каб скінуць крук. Але той, цяжкі, было нялёгка прыпадняць вузенькім лязом.

— Сынок! Міленькі! Родненькі! — галасіла Вікця.— Адчыні! Выйдзі! Што ж ты, дурненькі, надумаў?! Што ж ты набраў у галаву?

— Хай тата будзе толькі адзін багаты! — пачуўся адчайны сынаў голас.— А я не хачу быць багаты! Я вешаюся! Ma...— i раптоўна замычэў. Заціх.

Гарбацэвіч напружыўся, скінуў крук. Той ляснуў аб вушак. Разяхліў дзверы. I ў цемені ўбачыў: ківаюцца над праходам ногі. Павесіўся! Самагубец!