— Чуеце, князь?! — аж затросся Лядзяш.— Хіба не мярзотнікі?
— Няма на свеце больш мярзотнага Навухаданосара, чым вы! — не выцерпела, загарэлася i Кацярына.— Як толькі i зямля вас трымае!
— Прабачце, Панове,— прамовіў Алесь.— Дазвольце аднусціць дзяцей...— I, бачачы, што ніхто не замінае, павярнуўся да малечы.— Ідзіце, дзеткі, дадому. Заўтра зноў прыходзьце...
—Я...— прамовіў Лядзяш, але заўважыў сярдзіты позірк Свістунова, сцяўся.
Дзеці, амаль усе босыя, у кароткіх штоніках, кашульках, падстрыжаныя нажніцамі, хуценька, штурхаючыся, паспяшаліся шмыгнуць з хаты.
— Не смейце больш прыходзіць сюды! — не стрываў, сыкнуў ім услед Лядзяш.
Свістуноў зморшчыўся. Можа, i ад прыкрай недалікатнасці Ледзяша. А той, выпучваючы грудзіну, пайшоў па хаце.
— Палюбуйцеся, князь, на «агітацыю»! — паказваў леваю рукою на сцены, дзе віселі аформленыя Алесем i Кацярынаю стэнды па беларускай гісторыі, культуры, педагогіцы. Лядзяш, як казала Собаліха, быў тут аднойчы, абгледзеў усё.— Зірніце на гэтыя «экспанаты»! Адкуль што i ўзялося?!
Свістуноў пільна пазіраў на прыбітыя да сцяны вялікія аркушы паперы, здаецца, нават i чытаў тое, што было на ix напісана.
— Заўважце! — тыцнуў пальцам у стэнд Лядзяш, нібы ніхто не мог прыкмеціць гэтага сам.— Скарына — першадрукар... Які Скарына? Што ён выдумляе? Я такога не чуў!
— Канечне ж, вы не ведаеце яго ні ў твар, ні яго звання! — пацвелілася, мякка, але з ухмылкаю, Кацярына.— Я, прызнацца, нават доўга сумнявалася, што вы чытаць умееце.
— Вы...— ашчэрыўся Лядзяш, пасля рэзка павярнуўся да Сяргеенкі.— Юры Апанасавіч! Уйміце сваю дачку! Я не пацярплю... Я пра ўсе яе мярзоцтвы дакладу дырэкцыі народных вучылішчаў...
— Вось на гэта вы мастак...— не збаялася Кацярына; Свістуноў употай усміхнуўся, а Сяргеенка ды яго янкавінскія сябрукі ледзьве здушылі смех.
— Безабраззе! — пакрыўдзіўся на ўсіх Лядзяш.— Гэта, панове, не жарты. Зірніце! — Перакрывіў яго, Алесевым, голасам далей напісанае: — «Цяпер у нас, лічы, ніводнай вышэйшай навучальнай установы, ні аднаго народнага тэатра, сапраўды народнай школы, а 3 тысячы цэркваў, 704 сінагогі, 113 касцёлаў, 5 тысяч шынкоў...» Ты што вернеш у адну кучу — святое i д'ябальскае?
— Пан Лядзяш, па-першае, я нічога не выдумляю, даю прыклады з нашай, афіцыйнай, статыстыкі,— адказаў Алесь.— А па-другое, чаму не паказаць такія «рассаднікі культуры»? Яны вунь як памагаюць стаць цывілізаванымі! Якая там бяда, што спойваюць, абіраюць i выроджваюць?!
Лядзяш стрэльнуў па ім лютым позіркам i не здагадаўся, што i як адказаць. Зірнуў з мальбою на Свістунова: памажыце, князь, спыніце гэтага зламысніка!
— Займаецеся вы, малады чалавек, Сізіфавай працаю! — урэшце падаў стражэйшы голас i Свістуноў, азірнуўся: нечакана сюды зайшлі новыя людзі. Чорныя — Сцяпан, Міхайла, Пятро i Алесеў бацька.
Мусіць, дзеці дома расказалі пра візіт нечаканых гасцей, i старыя рашылі прыйсці сюды, паглядзець ды паслухаць, што будзе. А можа, падумалі, што візіцёры прыйшлі Алеся арыштоўваць. Стоўпіліся цяпер у парозе, паздымалі шапкі. Свістуноў толькі на міг азірнуўся, тут жа, не адказаўшы на прывітанне, адвярнуўся.
— ...мардуеце сябе i іншых...— дадаў яшчэ.
Алесь не паспеў нічога адказаць: дарогу яму, як кажуць, перабег Лядзяш.
— Я не ведаю, што было, што будзе, але я ўсё ненавіджу! — выпаліў ён.— Усё жывучае трэба выполваць!
— А што ж, выбачайце, вынішчаць? — нечакана пачуўся ад дзвярэй голас Сцяпана Супраневіча. Усе азірнуліся. На ix, вясковых мужчын.— Што ж наш Іванавіч робіць благое? Чаму яно так коле вочы? Чаму так хочацца вам усё стаўчы? Няўжо ўсё гэта не людскае? Няўжо мы не людзі?
Лядзяш заміргаў-заміргаў, а пасля перавёў запытальна-абураючы позірк на Свістунова.
— Чуеце? — усклікнуў.— Дажа мужыкі панаглелі!
— А што? — падаў голас Алесеў бацька, камечачы ў руках старую чорную брылёўку.— А колькі ж ужо так будзе: рабі, як вол, i не пікні?! Вол i той рана ці позна замычыць ці ўбрыкне ад ценжару ды ад панукі!
— Вось панове!..— затросся Лядзяш.
— Ды i надакуцыла ўжо быдляцкае жыце...— падаў голас i Пятро Чорны.— Цас ужо нешта i мяпяць...
— А што ж хочаце «новае»? — ціха запытаў Свістуноў. Збялеў. Прыклаў руку да грудзіны, падышоў i сеў на лаву.
— А можа, ужо трэба i цара скідаць...— адказаў Пятро.— Парадкі мяняць...
Лядзяш залыпаў вейкамі, хацеў абарваць, але ад абурэння не знаходзіў патрэбных слоў.
— А што вы ўсё ж хочаце? — запытаў Свістуноў.— Рэспублікі? Волі? Багацця? Зямлі? Каб мы ўсе параўняліся?