Выбрать главу

— Дык i пра абоіх думаю...

— Збаў, Пётрык. Вазьмі дзве дзесяціны...

Той зірнуў на брата. Салвэсь не пераставаў шчоўкаць семкі.

— Скажы ты! — загневаўся на яго Пётрык.— Ты ж за свата прыехаў, а не семачкі грызці!

I тут не вытрывала, падхапілася Зося.

— Таргуюцца, як за цялушку! — закрычала.

— Сціхні, Зоська! — засыкала на яе маці.— Што ты пляцеш?

— Тата...— упершыню падняў галаву i азваўся Віця.— У нас жа i свайго ўсяго хватае.

Гарбацэвіч скрывіўся, як раскусіў у роце дробку перцу. I дзіва: нічога не адказаў, хоць усе чакалі, што зараз наробіць на сына крыку. Гэта ж нікому ў Янкавінах не ў навіну. Але не закрычаў. Апусціў галаву. I, канечне, ніхто не зразумеў, чаму сёння меў над бацькам моц Віця.

— Давайце думаць, калі зрабіць вяселле...— толькі прамовіў той, даючы ўжо сваю згоду на такі пасаг, які надумаў даць Зосін бацька.

Пасля, калі змовіліся i запілі, пайшлі дадому, Зося жахнулася: ці яна жыве, як i жыла дагэтуль, ці спіць? Пра яе гавораць у хаце, у вёсцы, усе здзіўляюцца, за каго яна ідзе замуж, а яна сама не можа разабрацца, што робіцца, нібы яе падхапіла нейкае магутнае цячэнне i некуды імчыць-нясе — да нейкага глыбознага, крутлівага віру.

«Вяселле... Праз месяц вяселле...— вось зноў нешта гэтае, зямное, пачало даходзіць да яе. Стаяла каля акна, пазірала на зялёненькі ўжо двор, на людзей, на нечага каня i калёсы на вуліцы i, здаецца, не разумела, нашто ўсё гэта i дзеля чаго,— Трэба будзе ісці замуж, быць жонкаю яму, хірляваму, беламу, як снег, баязліваму i няўдаламу...»

Значыць, ужо напраўду бывай, Янка! Навек бывай! Не будзе ўжо такіх цёмных ночак, калі спатыкаліся, жартавалі, цалаваліся, шапталі адно аднаму такія цёплыя словы... Цяпер Янка ёй ужо чужы, a блізкі, дарагі, самы мілы павінен быць Віця... О, божа! Як жа яна будзе жыць з ім, калі ні кропелечкі яго не кахае, не паважае?! I трэба ж будзе жыць не дзень, не год, a ўсё жыццё! I як яна пакіне гэты родны дом? Свой ложак, печ, маці, бацьку, брата i сястру?.. Не будзе больш хадзіць па сваім двары, у хлеў ды ў гумно, у грады, бо будуць у яе новыя сцежкі ў чужой гаспадарцы, якая ёй такая нямілая... Бо дома i маці, i бацька нагамоняць, накрычаць, але пашкадуюць, бо яна ж ім дачка, а там яе, чужой, не прылашчаць... I чаму яе такая доля? Ці не толькі адна яна нешчаслівая? Ці ва ўсіх дзяўчат такая доля? А што каб на вялікдзень яна далася Янку, каб стала ад яго грубая? Расказала б пазней пра ўсё маці, тая — бацьку, абое накрычалі б на яе, можа, i набілі б нават, але пасля гэтага, відаць, не перлі б ужо толькі за Віцю, a былі б згодныя аддаць i за Янку... I Янкавы бацькі тады, можа, не ўпіраліся б... Бо ніхто ж, як гавораць, не хоча, каб іхняя кроў набок ішла, гаравала... Грэх — давацца да шлюбу? Які ж гэта грэх, калі вось пабаялася яго, паслухала матчыных i царкоўных наказаў, а яно ўсё яшчэ горш выйшла?! Быў бы грэх, дык было б тады i шчасце! А так ні граху, ні шчасця... Але пачакай... А што было б, каб саграшыла, далася Янку, а ён не ўзяў бы яе... Ці сам адумаўся б, пабег да іншай, ці бацькі ўсё роўна не дазволілі? I што яна тады рабіла б з дзіцем? Уся вёска парола б у вочы: прынесла ў прыполе байструка! На людзі няможна было б выйсці... Як вось цяпер баіцца выйсці Верка... Волька Супраневіч сказала ёй, Зосі, па сакрэту, што Уладак Дземідовіч падмануў Верку, падакляраваў узяць замуж, спаў не раз з ёю, вось яна цяпер i грубая. А Уладак цяпер адвярнуўся, уцякае ад яе. Верка плача i баіцца прызнацца бацькам, бо яе ж бацька, Міхайла, надта ж злы. Дык што? Не разабрацца, дзе добра, а дзе блага! I так кепска, i так кепска? Няўжо i не так, i не сяк няма i не будзе шчасця? Галена выйшла замуж за нялюбага гэтаксама, але потым любіла другога, Вінцука, таго, за каго хацела выйсці... Употай кахала, грашыла... Сінякі насіла, была абгавораная, але была i шчаслівая... Няўжо можна любіць употай? Хто забароніць? Ніхто! Нават i бог! Бо i бог не дабрадзей, калі шкадуе шчасця...

— Дачушка! Зоська! — паклікала маці.

Зося азірнулася: маці стаяла за ёю сашчапіўшы рукі. У вялікіх вачах яе быў страх.

— Дзіцятка! — зірнула з жальбою.— Ды не бяры ты гэтак усяго да галавы. Можа, усё i добра будзе. Лепш, чым ты думаеш.

Прамовіла i, здаецца, зусім утрупела: яна, відаць, чакала, што Зося пачне спрачацца, паракаць ці нервова плакаць, а Зося нечакана нават для самой сябе ўсміхнулася з нейкаю хітрыкаю. Дык маці, відаць, i напужалася, ці не звар'яцела дачка ад роспачы? Колькі ж вунь у песнях пяецца ды людзі расказваюць пра такіх дзяўчат, што вар'яцеюць, сохнуць па сваім любым!