Калі пачало ўжо цямнець, заявілася братавая, Ядзя. Выпіла ў Гарбацэвічаў, дык расчырванелася, развесялілася, здаецца, аж пырскала ад яе здароўе, маладосць, дужасць. Малую дачку сваю, відаць, пакінула на бабчыных руках.
— Маркоцішся? — запытала.
Змаўчаў. Бо не апраўдвацца ж яму ці наракаць на Зосю. Ды хацеў заадно i быць сярдзіты. Ядзя апошпі час, здаецца, зноў пачала зазіраць ласкава ў вочы, насміхоўвацца, старацца застацца з ім сам-насам. Можа, думала: калі ён не Зосін, дык зноў можна завабіць яго.
— Не маркоцься,— падышла, паклала руку на плячук. Дыхнула пахам гарэлкі.— Знойдзеш яшчэ сабе. I не горшую... Калі пагналася на багацце, дык няхай пажыве, паглядзіць. Заплача яшчэ не раз, пакаецца... Не ўбівайся...— прытулілася, пагладзіла яго цёплаю рукою па шчацэ.— Я цябе пашкадую... Харошы мой, пакрыўджаны богам i людзьмі...
Змусіла павярнуцца яго. Да яе. Павярнуўся: вочы яе былі заплюшчаныя, губы цягнуліся да яго губ.
— Ядзя! — прамовіў сярдзіта.— Ты зноў за сваё?
— Ніхто ж i ведаць не будзе...— прашаптала.— Дурненькі...
— Мала што ведаць не будзе...
— Мала, мала! — папікнула.— Колькі ты ўжо мучыць мяне будзеш? Хіба не бачыш: не магу ж! Нi спаць, ні рабіць, ні жыць... Ляжыш ты, павернешся, уздыхнеш, а я ўся палымнею, трасуся... Адпіхнеш — чужому дамся. Любому! Я не магу ўжо болей... Згарэла, спалымнела ўся...
Калі б не ведаў Зосі, не быў аддадзены ёй душой, можа, i спакусіўся б. Зведаў адну каханую — не мог цяпер аддаваць сябе іншай. Не хацеў i не ўмеў быць распуснікам.
— Не магу...— сказаў.— Грэх жа...
— Ну i дурань! — засіпела.— Вялікі дурань! Цяля! Быў бы хлопец, не баяўся б i папрасіць, i ўзяць сілаю, дык i Зося твая была б.
— Дурань дык дурань...— прамовіў, адыходзячы ад яе.— Які ўрадзіўся, такі ўжо i буду.
6.
Выйшаў Янка па двор, калі ўжо ўцямнелася, калі сталыя мужчыны i кабеты засталіся за сталамі ў Гарбацэвічавай хаце, пілі, елі ўволю ды гаварылі, а маладыя выйшлі самі i вывелі музыкантаў; з двара свайго бачыў, як першыя над музыку пачалі танцаваць Віця i Зося, пасля ішныя. Неўзабаве Зося недзе знікла, a скакалі ўжо толькі дружкі i асістэнты полькі, падыспаны, кракавякі, вальсы. Спявалі, валтузіліся, той-сёй прагульваўся з дзяўчынаю па вёсцы.
Янка, насунуўшы на вочы брылёўку, стаяў воддаль за плотам i пазіраў на вясёлых хлопцаў i дзяўчат, думаючы, што яго вельмі ніхто не бачыць: лixтар вісеў аж каля сянец хаты i сюды святло яго, лічы, не даходзіла. A ў святле бачыў вясёлых Уладака, Антона Емельяновіча.
Але яго згледзелі. Пільная сястра Кастуся.
Падышла. Малайчына, не папікала, не пасміхоўвалася. Узяла руку, пагладзіла, пасля моўчкі сціснула яе. У яго душы зацяплілася ласка да такой сардэчнай сястры, але ён нічога не прамовіў, з падзякаю маўчаў. Ды з пакутаю сароміў сябе, што часамі крыўдзіў яе.
— Ідзі за іхняе гумно...— прашаптала.— Яна там... Ідзі, я павартую...
Цяпер ён ужо моўчкі, з падзякаю паціснуў сястры руку і, абыходзячы Гарбацэвічаў плот, пайшоў у цемень, у цеплыню, спадзеючыся ўбачыць белую постаць. Але каля гумна яе не ўбачыў. Запыніўся. Дзе яна? Не паспела прыйсці? Падманула?
— Я тут,— пачуў ціхі голас, ад сцяны адарвалася постаць, але ўжо не ў белай, а цёмнай сукенцы. Яна, Зося. Прыблізілася, прытулілася i сашчапіла рукі на яго шыі.
— Яначак! — зашаптала яыа.— Родненькі! Дзе ты хаваешся? Нідзе ж цябе не відаць! Я ўсе вочы прагледзела...
Маўчаў.
— Не магу! — паскардзілася.— Не дачакаюся, калі ўсё гэта ўжо скончыцца! — пацалавала. У шчокі, у вусны.
Пацалаваліся. Ён сціснуў, прытуліў яе.