«Во ўзяў сабе сынок жоначку! — падумаў, гладзячы далонню грудзіну. Там вельмі закалола сэрца.— У першую ж ноч загуляла! Не паслухаў неслух, не захацеў прудской... Калі дагэтуль спявалі толькі, дык цяпер i патанцуем!»
Пастаяўшы крыху, палаяўшы сына, што ажаніўся супраць яго волі, ды няверную нявестку, пайшоў будзіць жонку, дачку, а заадно i маладую распусніцу, каб падымаліся, даілі, выпускалі на пашу каровы i пачыналі парадкаваць вясельныя сталы.
Свет неабдымны i невялікія Янкавіны пачыналі прачынацца. Жыццё павінна было шпарчэй пайсці-пабегчы сваёю звыклаю каляінай, па сваіх звыклых законах, хоць, можа, у гэтай «звыкласці» меліся ўжо сёння i нейкія перамены, нечаканасці. Ды хто мог пра гэта загадзя ведаць?
Гаспадар-камень ляжаў цяпер, на світанку, спакойны, астылы за ноч, з маўкліваю каменнаю душой. Ён па-ранейшаму вабіў i будзе вабіць да сябе янкавінцаў, слухаць кожнага, убіраць у сваю непрыступную i ў той жа час чулую душу людскія беды, слёзы, просьбы ды мары, камянець, таіць пачутае ды, можа, сваёй маўклівай мудрасцю вучыць, раіць чалавеку-гаротніку (шчаслівыя сюды, бадай, не прыходзяць) гэтаксама набірацца маўклівасці, цярплівасці бы камянець. Валун-то, канечне, сам нема маўклівы, ляжаў i ляжыць затоеным сведкам усяго, што тут адбывалася, але людзі не ўсе станавіліся i не ўсе будуць станавіцца нямыя, акамянелыя, бо той-сёй рана ці позна i зноў будзе выкрыкваць боль сваёй, жывой, душы i рана ці позна ўбачыць, што i ў ім, валуне, i ў сваім сэрцы ёсць іскры. I не толькі іскры...
...Неўзабаве, праз месяц з паловаю, Гаспадар-камень будзе сведкам новых скаргаў, нараканняў, стогнаў i спадзяванняў янкавінцаў: у Еўропе пачнецца i пагрозліва будзе падкочвацца да Янкавін вялікая ды жудасная першая сусветная вайна. Яна прынясе шмат пакут, гора, страт, але i шмат зменіць у супярэчлівым, абцяжараным несправядлівасцю, прыгнётам i гвалтам свеце...
1980-1984
АПОВЕСЦІ
ЖЫВЫ ПОКЛІЧ
Прысвячаю маладым бацькам 1944 i 1945 гадоў
1.
Самалёты ляцелі адзін за адным, натужна гулі, i ад гэтага густога, настойлівага гулу, здаецца, трымцела ды звінела не толькі высокае неба, але i зямля. Калі яны наблізіліся, Васіль нібы аглухнуў: заклала ў вушах. Усё ранейшае — шапаценне пяску пад коламі, калёсны рып, птушыныя спевы, лясны ціхі звон — патанула ў гэтым магутным неспакоі.
Яніна закрыла твар далонямі i з насцярогаю прыціснулася да Васіля. Гэтыя насцярога ды боязь самалётаў заявіліся ў яе яшчэ ў блакаду, калі немцы пачалі бамбіць партызанскія лагеры ў Налібацкай пушчы, а таксама — сёлета, пасля нядаўніх кароткіх, але лютых баёў над Ружэвічамі. I ў тыя бамбёжкі, i ў гэтыя баі самалёты страшна вылі, скаланалі паветра i зямлю стрэламі ды выбухамі. Сёлета некалькі ахопленых агнём машын нават упала каля вёскі, адна — зусім на гародзе канцавой хаты. Ад упалага самалёта загінула сям'я, якая хавалася ў акопчыку, а ад узрыву i агню загарэлася некалькі блізкіх дамоў i ва ўсім засценку павыбівала шыбы ў вокнах.
Васіль прыпыніў каля густалістай бярэзіны каня i задраў галаву, стараючыся пазнаць: чые ў светлым, нават белаватым ад шчодрага сонца небе самалёты? Заўважылі зверху ix тут, на лясной дарозе, ці не? Паласнуць кулямётнаю чаргою ці не пазважаюць на адзінокую фурманку, паляцяць далей — сваім шляхам?
Самалёты, як здалося адгэтуль, з зямлі, былі шэразеленаватыя, з светлымі водбліскамі. Вось накрылі ценем, паказалі свае знакі — чырвоныя зорачкі з белаю акаймоўкаю. Праляцелі над імі, памкнуліся наперад, на захад. Гул, адбіваючыся ад зямлі, хваляваў-калыхаў паветра. Яно, парушанае ды ўстрывожанае, дрыжала, аж спявала-стагнала ад цяжару.
— Бамбавозы, «ПЕ-2»,— калі самалёты пагналі гул наперад i аддаліліся, з палёгкаю прамовіў ён.— Відаць, паляцелі на Ліду. На аэрадром.
Яніна, пачуўшы, чые самалёты, адсланіла твар, апусціла рукі на калені, але ўсё яшчэ з трывогаю тулілася да яго плечука i маўчала; рэха суцішвалася i ўкладвалася, лес спакайнеў, хоць здавалася, наваколле ўсё яшчэ звініць i гудзе — ён, гул, стаяў у вушах. I калі неўзабаве зноў крануліся, паехалі далей, дык даўгавата не было чуваць, што шапаціць сухі пясок пад коламі, рыпяць на выбоінах калёсы i пазвоньваюць на ix каструлі ды міскі ад нечаканых штуршкоў.