Выбрать главу

— Нічога, мама,— жвава прамовіла Яніна, садзячыся за стол.— Затое нас добра пачаставалі ў сельсавеце. Нават i выпілі патроху.

— Хто ж вас так прывеціў? — не то ўзрадавалася, не то засмуткавала Чапроўская. Узрадавалася, відаць,

з-за таго, што ix, маладых, уважылі чужыя людзі, засмуткавала, пэўне, з-за таго, што, як сказала, не можа як след адсвяткаваць сама.

— Васюкоў,— адказала Яніна.

— Добры чалавек,— пахваліла яго Чапроўская,— дай бог яму добрае здароўе, доўгае жыце...

Васіль моўчкі сёрбаў шчаўе i ў размову не ўступаў. Па-першае, ён бянтэжыўся перад Чапроўскаю, што ўжо не толькі пасягнуў на яе дачку, але ўжо i яе зяць, па-другое, ён зусім ап'янеў. На яго лобе, здаецца, выступіў густы пот. Ап'яненне гэтае, канечне, было часовае, неўзабаве той глыток рому, што ён выпіў, павінен быў разысціся, страціць сваю моц.

Адчуваючы, што разам з маці трэба ісці на сенакос i Яніне, Васіль неўзабаве падзякаваў Чапроўскай i меўся ісці да сваіх гаспадароў.

— Куды ж ты, сын, пойдзеш ужо? — хаваючы ад яго вочы, прамовіла Чапроўская i завіхнулася прыбраць ca стала.— Ты ж не чужы ўжо нам. Свой... Мне — зяць, Яні — муж...

— Ды, казаў Дошчачка, пасля полудня па сена трэба ехаць,— пранікаючыся павагаю i падзякаю да Чапроўскай, сам дабрэючы, сказаў ён.

— Не прападзе ні Дошчачка, ні яго сена, — разважліва, здаецца, важка ацэньваючы коЖнае слова, адказала Чапроўская, але па-ранейшаму не пазіраючы ім абаім у вочы,— Ідзіце адпачніце... Я вам у гумне на сене наслала...

Васіль ад неспадзяванасці зірнуў на Яніну: тая ў гэтую ж хвіліну густа ўспыхнула чырванню, адвяла ад яго позірк.

— Мы, можа, паможам вам, мама...— збянтэжана нрамовіла яна.

— Справімся i без вас,— здаецца, наўмысна страгавата сказала Чапроўская. Пасля, бачачы, што яны абое засаромеліся,як яшчэ малыя дзеці, хуценька падалася за печ i дадала ўжо адтуль:

— Ну, ідзіце. Я хачу пераапрануцца.

Яны паслухмяна выйшлі з хаты.

6.

Хутарок Амшарок паспакайнеў (не ішлі ўночы немцы, не заяўляўся Вяршок з шайкаю) i заадно ажываў, культурнеў.

За некалькі дзён пасля таго, як пабылі Васюкоў i Казлоў з непрыемнымі навінамі, Яніна i Васіль выкапалі досыць прасторную i глыбокую яміну, абклалі жэрдкамі сцены, зрабілі палок, стол, лаўкі з расколаных ды абчасаных сякераю плашак, невялікае акенца, дзверы, разабралі печ на папялішчы i ca старых, але яшчэ моцных цаглін склалі ў зямлянцы печачку з невялікаю плітою. Прымайстраваўшы да двух вянцоў зямлянкі надзейную i цёплую страху, аж залюбаваліся: спрытнае i ўтульнае выйшла жытло! Тут, як здалося ім, можна не толькі зімаваць, але i не баяцца ніякага марозу! Толькі трэба расстарацца для печы дроў i харчу для сябе. Там, увесну, можна будзе ўжо дбаць i пра хату.

Зладаваўшы жытло, не супакоіліся, не сядзелі склаўшы рукі. Пачалі чысціць былы склеп. Каб было дзе ўвосень схаваць гародніну, бульбу, што дадуць ім Кажушка i Дошчачка — іхнюю долю, а таксама i плату, што яны зарабілі за зіму, вясну i лета.

Склеп стаяў непадалёку ад хаты; дык у блакаду, калі гарэлі прыбудовы, не ўцалеў i ён: страха i ўсё — адзенне, бочкі, цабэркі, што былі пад страхою, дол, што быў з плашак i зляжалага кастравіння,— сатлела ды абвалілася. Агонь, лічы, нічога не пашкадаваў: сярпы, косы, што знайшліся ў попеле, былі перапаленыя, ужо непрыгодныя, a бочкі, што стаялі раней у пограбе, абгарэлі напалову, рассохліся.

Яніна i Васіль цягнулі ў гэтую хвіліну з лесу на калёсах бярвенне — на зрубік для склепа. Хоць не бралі з сабою драбінак, ляжанкі, бярвёны ляжалі толькі на расцягнутых перадку i задку калёс, але цягнуць было цяжка. I Васілю, што валок за аглоблі, i Яніне, што папіхала калёсы за заднюю ручку. А цяжэй на гэты раз было таму, што i стаміліся ўжо, i сонца смаліла неміласэрна, нібы стараючыся якраз за ліпень аддаць зямлі найбольш свайго цяпла, i паклалі на калёсы больш, чым раней. Каб не выбірацца яшчэ раз у лес, уздумалі ўзваліць не толькі тры чатырохметровыя сырыя сасновыя бярвёны, але i яшчэ пару верхавінак ды найбольш буйнога галля. Ведалі: усё — буйное i дробнае — спатрэбіцца.

У лесе i пасля па роўнай тупкай дарозе колы каціліся без вялікага намагання, але ў нізінцы, на павароце, дзе сабраўся нанесены ў паводкі i цяпер сыпкі без дажджоў пясок, забуксавалі. Як Васіль ні ўпінаўся, як ні падштурхоўвала Яніна, выскачыць з не такой ужо i вялікай лапіны пяску не маглі — хаваліся па спіцы колы. А за ёю, гэтай лапінаю, зноў была роўная i, самае важнае, ужо блізкая дарога да зямлянкі. Аж брала крыўда i злосць, што не хапала сілы, моцы, каб зрабіць рашучы рывок, што сабака, Мурзік, дагнаўшы ix, не запыніўся нават, не пазважаў, што ім цяжка, радасна пашыбаваў без запынку на хутар.