Выбрать главу

На хутары Васіль з рэўнасцю чакаў, што скажа старая Чапроўская пра зямлянку — пра іхнюю сумесную работу ды пра іхняе першае ў іхнім жыцці сумеснае жытло. Але тая нічога не сказала, толькі з ахвотаю схавалася ад спякоты ў зямлянку, дастала з карзіны i выклала на стол звязаную хустку з яйкамі, абвязаны збанок (мусіць, з малаком), слоік смятаны, а таксама i боханчык вайсковага чорнага хлеба.

— Сядзьце, з'есце трохі,— лагодна ўжо прамовіла Чапроўская.

— Дзякую, мама,— сказала Яніна,— няхай Васіль перакусіць, а я прылягу,— i легла на палок.

— А што ж вы тут ясцё? — запытала Чапроўская.

— Ды не галадаем, мама.

— Бачу, што надта сытыя... Аж «ляўціць» усё i на адным, i на другім... Шчокі ўпалі, вачэй не відаць...

— Хлеб i тушонка, праўда, скончыліся,— прызналася Яніна,— але картофлю-самасейку капаем, булён ці шчаўе варым... Я нават шчаўе на зіму крышу...

— Зерне пражым,— дадаў Васіль, не могучы паадолець сліну, што гнала i гнала ў рот, калі ўбачыў такі вабны, смачны цешчын пачастунак.— Яблыкі-скараспелкі ходзім у Ляджа рваць... Там не згарэла, уцалела колькі яблынь... Увосень грыбоў на зіму насушым, грыбныя поліўкі будзем варыць...

— Адным словам, як паны жывяцё,— усміхнулася Чапроўская.

— Ды не прападзём, мама,— сказала Яніна.— Жылі людзі ў зямлянках, будзем жыць i мы.

— Я за свой век аж чатыры разы ў зямлянках жыла,— уздыхнуўшы, загаварыла госця, села пры стале.— Першы раз жыла, калі яшчэ малая была. Тады наша, яшчэ дзедава, хата ад маланкі згарэла — агонь палавіну Янковіч як языком злізаў. Пасля гэтага мы выбраліся з вёскі, пачалі жыць у Ляйтарках. Вось там, калі пачалася тая, першая, вайна з немцамі, нашу новую хату царскія салдаты на мост разабралі, змусілі зноў рабіць зямлянку. На трэці раз загналі ў зямлянку немцы, на чацвёрты — палякі... Цяпер вот, калі выганіць Кажушка, прыйдзецца пяты раз у зямлю рыцца...— горка пахітала галавою, зірнула нібы невідушча,— Іншы раз калі падумаеш, успомніш усё, дык аж дзіва альбо страх бярэ: божа, колькі чаго выпала на долю, колькі чаго можна выцерпець... A колькі яшчэ чаго наперадзе будзе... Босыя, без кала ł двара, без жаднай жывёлінкі, без гаспадара...

— A хіба Васіль ужо не гаспадар? — запытала Яніна, лежачы на палку i, здаецца, ужо ачуньваючы,— Хіба благую зрабіў зямлянку? Хіба не змайструе пазней хату?

— Зямлянка ў вас i праўда неблагая. Відаць, Вацік як быў у партызан, дык навучыўся ў ix,— усміхнулася Чапроўская, крышку падбадзёраная дачкою. Але тут жа, нешта ўспомніўшы, зноў засмуткавала, нават панікла.— Я i з-за вас, дзеці, начэй не сплю, але...— Зусім спахмурнела.— Бачу: будзеце жывыя — будзеце жыць. Не прападзіцё, як вы кажаце. А вот з-за Янака ўтрая мяне цяпер сон не бярэ...— Заплюскала вачыма, не стрымала слёз.— Я спачатку, калі вы прыйшлі i сказалі, што ён вытварыў, не паверыла. Думала: можа, нагаварылі людзі, бачылі ці не бачылі, а плятуць. Калі ўцёк, дык не павінен ён абы з кім туляцца, лаўкі, як кажаце, абіраць, на начальства цяперашняе кідацца... Аж учора чуем уночы стук у шыбіну. Выйшаў Кажушка ў сенцы i тут жа зноў ідзе ў хату. Вас, кажа мне, кліча Янак. У мяне i ногі памлелі, сэрца абарвалася: ускочыў-такі ў пастку, пайшоў па сабачай сцежцы недавярак... «Сыночак ты мой, сыночак,— кажу яму ў хаце,— хай бы ты лепш не радзіўся ці малы памёр... Што ж ты сам губіш сябе? Мяне без пары ў магілу гоніш? Род наш знеслаўляеш?! Яня з Вацікам вунь на бацькаўшчыне ўжо сваёй, жыць як людзі пачалі, а ты... Ды ў той час, калі ўжо Брэсце на нашым баку...»— «Такая ўжо мая доля, мама,— адказвае,— Няма ўжо мне ходу назад. У арміі мяне расстраляюць. I Вяршок расстраляе, калі я сыду ад яго... Буду пакуль што хавацца, а потым, можа,з'еду куды...» — «Ідзі, злыдзень,— кажу,— да Васюкова, папрасі, каб заступіўся. Не ўхаваешся i не збяжыш, не ўратуешся нідзе...» Колькі ні прасіла, ні ўгаворвала, не паслухаў. Узяў чыстую бялізну i пайшоў з хаты ў ноч... Куды, чаго пайшоў, адзін чорт ведае...

Васіль i Яніна паныла маўчалі.

— Вацічак, сыночак,— нечакана толькі да яго загаварыла Чапроўская,— я цябе папрашу як сына... Яня сёння мне сказала, што Янак яшчэ ў вас не быў. Але я ведаю: ён прыйдзе сюды, не ўтрывае, каб не ўбачыць вас. Дык ты, сыночак, як мужчына пагавары з ім. Ты ж сталейшы, разумнейшы. Як кажа Яня, наш гаспадар ужо... Папрасі, змусь, каб адумаўся, не цягаўся з тым бандзюгам. Загубіць жа той яго...