— Больш не будзеш ні бярвён падымаць, ні зямлі варочаць...
— Хочаш, каб я жыла? Сына табе нарадзіла?
— От кажаш! — падакараў.— Нашто ж тады гэтая зямлянка, калі... Я жыць без цябе не захачу...
— Ты праўда кахаеш мяне? I моцненька? — запытала яна з радасцю.
— Я ж табе казаў.
— А ты яшчэ раз скажы.
Ён таксама ад радасці ўсміхнуўся: ну i гэтыя кабеты! Вось дык любяць лагодныя, пяшчотныя словы, прызнанні ў каханні!
— Чаму ты маўчыш? Не кахаеш?
— Не,— зноў усміхнуўся.
— Які паганы! — прытворна пакрыўдзілася.— Я ведаю: ты, можа, ужо i каешся, што ўзяў мяне, можа, цяпер думаеш пра Данусю-пястусю. Хіба з ёю ты гэтак пакутаваў бы!
— Канечне, не гэтак...
— От бачыш! — цяпер, здаецца, пакрыўдзілася па-сапраўднаму ўжо. Яна, як i кожная маладая жонка, была вельмі раўнівая.
— З ёю пакутаваў бы ў дзесяць разоў больш...— прамовіў ён.— А з табою мне ўсякія накуты не страшный...
— Каб жа ты праўду казаў...— адпусцілася, але не спяшалася дараваць яму яна. Папікнула: — Скупец! Шкадуеш добрае слова лішні раз сказаць... Ты — мужчына, табе, можа, i не трэба тыя словы, а я ж — кабета, мне хочацца i гаварыць, i чуць ласкавае, далікатнае...
Дагаварыла i замерла; у гэтую ж хвіліну наструніўся i ён: здаецца, на дварэ штосьці піснула жывое. Прыслухаліся. Цяжка было даць веры, але мяўкаў кот. Жаласна, нібы просячыся ў хату. I адкуль ён тут узяўся?
Васіль устаў, адчыніў дзверцы i зірнуў у цемень. Спачатку нідзе не згледзеў ніякага ката, а пасля паблізу аплазаванага бервяна ўбачыў пару светла-карычневых вачэй. Напружыўшы зрок, абмацаў вачыма i невялікі камячок. Кот! Няўжо іхняя Мурка, якая была ў ix да блакады? Калі яна, дык як уцалела адна тут?
— Мурка! — паклікаў ён.— Гэта ты?
Агеньчыкі мільгануліся, камячок варухнуўся i падаўся насустрач, увайшоў у зямлянку, зацёрся аб ногі i зноў жаласна замяўкаў, нібы заплакаў.
— Мурка! — узрадаваўся ён, падняў кошку на рукі.— Жывая! I не здзічэла, не забылася на нас! Дык гэта на цябе ўсе гэтыя дні брахаў Мурзік, адганяў цябе, бедную, ад нас? — Пагладзіў па спіне, а Мурка, шчаслівая, замурлыкала, тулячыся да грудзіны.— Жыві, Мурка, з намі, усё ж жывая душа. А па-другое, i твая тут дамоўка...
7.
Мурзік (ён на трэці дзень збег ад свайго ружэвіцкага гаспадара i прымчаўся сюды, на хутар Амшарок) Hiяк не хацеў прымірыцца, што заявілася тут яшчэ адна жывая істота, знайшла прытулак i ласку. Ён пры першым жа выпадку нападаў на кошку, змушаў яе ці ратавацца бегам, несціся з усіх сіл ад зямлянкі ў поле, ці ўзабрацца i сядзець гадзінамі на бярэзіне альбо на грушы. Яніна i Васіль спрабавалі памірыць ix, прывучыць, што можна тут жыць ім абаім i што яны абаім ім рады, але скончыўся ліпень, пачаўся жнівень, a іхняя
прымірэнчая спроба не ўдавалася. Каб паспачуваць Мурцы, мусілі навязаць Мурзіка каля склепа, пасяліць яго ў будцы, дазволіць кошцы хадзіць там, дзе яна хоча, без ніякай перашкоды заходзіць у зямлянку. Мурка, ці то засумаваўшы за год без людзей, ці то баючыся ix зноў страціць, лічы, не адступала ад Яніны i Васіля ні на крок: ідуць яны на поле, у лес альбо вяртаюцца, заходзяць у зяМлянку — яна пляцецца ўслед за імі. Лягуць спаць — i йна сцюцюрыцца ў іхніх нагах, ціхенька мурлыча ад шчасця. Мурзік панерваваўся колькі дзён — ліслівіў перад імі, гыркаў на кошку,— а пасля здаўся, падпарадкаваўшыся сваёй долі, хоць, канечне, затаіў прыкрую злосць на кошку.
Сёння ўвечар Яніна i Васіль позна не клаліся спаць. Яна пры святле лучыны, што тлела на пліце, латала яго падраную на локцях i разарваную пад пахамі кашулю, а ён тачыў бруском серп — па-першае, рабілі пры зямлянцы i ў самой зямлянцы не толькі ўдзень, але i ўвечар, а па-другое, заўтра з раніцы меліся пайсці на рэчку, на Сядзіўную, каб нажаць аеру. 1м, як i зямлянку, думалі накрыць склеп.
Абое, не змаўляючыся, аж уздрыгнулі, калі пачулі, што на двары нечакана забрахаў Мурзік. Яны кожны вечар чакалі сабачага брэху, дранцвелі, калі чулі яго, але сёння адразу ж разгубіліся ўдвая ці ўтрая, чым звычайна. Кожнаю жылкаю адчулі: цяпер Мурзік брэша не так, як раней цяўкаў на Мурку (a цяўкаў тады не вельмі пагрозна, смела ды з перавагаю сваёй сілы), цяпер жа ён нібы спалохаўся i забрахаў з адчаем, з перасцярогаю. Гэтак ён, як, бадай, i кожны сабака, падаваў голас удзень i ўночы ў Ружэвічах, калі заяўляліся нечакана незнаёмыя людзі. Ведаючы ўжо гэты нораў, адчулі: Мурзік брэша на людзей. I найхутчэй за ўсё прарочыць непажаданых — тых, каго яны чакалі ды баяліся ўсе гэтыя дні, пасля прыходу Васюкова i маці. Каб ішоў адзін Янка, дык Мурзік гэтак не перасцярагаў бы, бо ён, сабака разумны, навучаны-правучаны, помніў таго па Ружэвічах.