Выбрать главу

— Калі ў каго рукі не ў крыві ды душа без бруду, дык i тут не прападзе,— рэзка адказала Яніна.— Калі ж хто акрывавіўся чужою крывёю, аддаў чорту душу, дык i на тым свеце не будзе яму спакою...

— Во, галубок, у цябе систры да дык сястрыца! — пахітаў галавою Вяршок,— Судзіць, бэсціць... А ты яе шкадуеш. На днях, як мы прыйшлі сюды, на гэты хутар, дык ён,— кіўнуў на Янку, — рваўся памагчы вам, калі вы на сабе калёсы з лесам цягнулі. Аж пабялеў, калі мудрая сястрыца ўпіналася-ўпіналася ды ад натугі ножкі задрала. Каб не прыстрашыў, што пушчу нож у спіну, дык i ўдзень выбег бы з лесу...

— Адпусціце вы яго ці праганіце,— нечакана папрасіла Вяршка Яніна.— Вы самі за сябе адказ трымайце, а яго не калечце... Ён жа яшчэ зусім малады, не ведае, дзе праўда, а дзе мана, сам лезе ў пятлю... Маціўдаву, калі маеце ў душы хоць кроплю чалавечага, пашкадуйце...

— Перагарэла ў маёй душы ўсё чалавечае...— хмурна прамовіў Вяршок.— I ў яго паволі перагарыць. Раз сустрэўся з намі на адной сцежцы, дык з намі i да канца па адной дарозе будзе ісці... Як людзі кажуць? Пайшла душа па руках, дык у чорта будзе! Вось. А па-другое, як яго адпусціш? Ён жа ўжо ўсе нашы сцежкі, спраты ведае. Возьмуць яго за кіршэнь, страсянуць — дык ён, як ты, мілка, кажаш, малады, дурны, возьме i прадасць нас. Чалавек, калі яго апанаваў страх, на што хочаш гатовы, зноў i зноў можа прадаць сваю душу...

— Божачка, якое ліха! — забедавала Яніна, калі няпрошаныя госці перасцерагалі ix («Нават i не думайце ўдаваць нас, бо адплацім — перастраляем, i рука нават не дрыгне») i папляліся ў сваю ганебную дарогу.— Які нелюдзь гэты Вяршок! I праўда, нічога чалавечага, святога няма ў яго душы. Адна крыўда, злосць, помета ды ярасць у яго. Увесь свет вялікі ненавідзіць. Загубіць ён нашага дурня...

Яна ўсё яшчэ сядзела на палку, не слала пасцель, не прыбірала ca стала, дзе засталіся астаткі ежы, што даўно пахла на ўсю зямлянку, але — дзіва! — не вабіла, не гнала ў роце сліны. Можа, i таму, што яна была са злыдневых рук. Ківаючы галавою, Яніна сабрала з палка «прэзенты» i склала ix на лаўцы.

— А што будзем рабіць во з гэтым? — задумліва запытала.

— Гэта — паўбяды,— адказаў Васіль, таксама ўражаны, разгублены.— Усё гэта можам выкінуць, схаваць ці аддаць Васюкову. А вось важней іншае — сказаць ці не сказаць, што да нас прыходзілі такія госці?

Яніна вярнулася, зноў задумліва села на палку. Лучына на пліце дагарала, i ў зямлянцы браў моц паўзмрок.

— Выходзіць, трэба заяўляць на роднага брата...— ціха прамовіла яна.— Прыйдзе Васюкоў са сваімі людзьмі, заляжа, прыйдуць тыя — пачнецца страляніна... Адзін бог ведае, хто тады застанецца жывы, зложыць галаву... Калі ж, не дай божа, куля не абміне Янку, дык мама нам тады ніколі не даруе...

— А што ён у лесе выседзіць? — запытаў Васіль, перайшоўшы i сеўшы таксама на палок. Ля самай Яніны.— Уратуецца? Заслужыць дараванне? Не, не ўратуецца i не ўцячэ ад кары. Чым больш будзе хадзіць па крывых сцежках, вытвараць разам з тымі нелюдзямі, дык тым больш строгі пазней будзе для яго суд... Ды i нам цяжка ўвесь час жыць у страху...

— I нам, i яму можа быць смерць...— пахітала галавою Яніна,— Божа мой, чаму ты ўсё-такі нелітасцівы? Перажылі вайну, выцерпелі пекла, дык не, зноў

ні спакою, ні радасці няма. Нават цяпер, пасля вайны, возьмеш ды i складзеш галаву...

— А як іначай уратаваць Янку? — запытаў ён ужо ў цемені, бо лучына патухла.— Бачыш, нават пагаварыць з ім не далі, не адпускаюць яго ад сябе ні на крок.

— Каб жа я ведала, як яго можна ўратаваць, дык...— усхліпнула, прытулілася да яго.— Адно толькі душа чуе: загубіць ён калі не нас, дык сябе... У такія маладыя гады, у такі час... Не пацешыцца, можа, ні сваёю хатаю, сямейкаю, а будзе змоладу сырую зямлю парыць...

— Дык утрая, я лічу, трэба паспрабаваць выратаваць яго...— ужо цвёрда сказаў Васіль,— Можа, удасца як адарваць яго ад шайкі, вярнуць да розуму. Будзем маўчаць, а ён рана-позна пападзецца, загіне — усё жыццё тады сябе не апраўдаеш, сабе не даруеш...

8.

Засада трое сутак цярпліва чакала Вяршка, але дарма. Той ці вылежваўся ў сваёй бярлозе, ці недзе рабаваў альбо, можа, па-звярынаму i насцярожыўся — сюды ні ўдзень, ні ўночы не патыкаўся. Ад бяссоння ды напружанасці выбіліся з сіл i Яніна ды Васіль i Васюкоў з людзьмі.

На чацвёртыя суткі апоўначы Мурзік падаў перасцерагальны голас — спачатку гаўкнуў раз-другі ціха, нібы будзіў, а пасля трывожна забрахаў. I калі пачуў неспакой сабакі, i калі ўжо на цёмным дварэ адной рукою гладзіў яго па галаве i шыі, a ў другой, запацелай, сціскаў пісталет, Васіль аж дрыжэў: па-вар'яцку часта i шалёна закалацілася сэрца. Сама душа адчувала: хуткая сустрэча добра не скончыцца, акрывяніць хутар, i адзін бог ведае, хто ўцалее, а каго неўзабаве i падкосіць куля. Па рыпу дзвярэй пачуў, што высунулася з зямлянкі Яніна: ёй там адной, відаць, вельмі страшна. Засыкаў — яна зноў схавалася, хоць, канечне, не супакоілася, таксама — а можа, яшчэ i больш — не магла суняць дрыжыкі.