Цёмная, амаль без зорак ноч, глухое наваколле, хутар застылі ў трывожным чаканні. Настала такая цішыня, што аж звінела ад яе ў вушах i, здаецца, не адчуваўся, а якраз чуўся стук сэрца.
Але вось у вушах нібы забухала: на пагонцы пачуліся крокі. I яны ўсё прыбліжаліся ды прыбліжаліся, скарачаючы шлях да няўмольна трагічнай хвіліны. На поплаве крокі заціхлі, а пасля ўзнавіліся: нехта ішоў сюды, да зямлянкі. I не адзін.
Васіль зусім разгубіўся: бурыўся іхні першы план, на які ён так спадзяваўся, i ўсё далейшае станавілася непрадбачанае. Па тым, па першым, плане Васіль павінен быў затрымаць, абяззброіць Янку i зацягнуць у зямлянку, каб выратаваць ад кулі, калі той зноў, як i мінулы раз, падыдзе адзін, a Васюкоў са сваімі людзьмі ў гэты час меўся ўзяць жывымі альбо знішчыць астатніх — адпетых злачынцаў. Цяпер, па іншым плане, Васілю трэба аглушыць альбо страляць у чужака, спадзеючыся, што Янка на яго, сйаяка, зброі не падыме. На словах, можа, усё выходзіла i гладка, але ці будзе ўсё так на самай справе?
Васюкоў з людзьмі затаіліся, i Васіль па постацях што набліжаліся, убачыў: ідуць сюды двое. Мурзік загірчэў, чуючы пагрозу, i Васіль наўмысна падаў голас: «Ціха, ціха, Мурзік», каб тыя яго пачулі.
— Гаспадар? — за крокаў пяць запытаў незнаемы.
— Я, — адказаў Васіль, хаваючы ў кішэню пісталет.— Сабаку во суцішваю.
— Чужых няма?
— Не,— прамовіў Васіль, баючыся, што сваім цяперашнім, здрадлівым голасам можа насцярожыць прышлых.
Постаці прыблізіліся. Адзін, крышку ніжэйшы, быў Янка, другі, высокі, ці не ў расхінутым шынялі, быў незнаемы. Па абліччы падобны на таго, што ў той прыход стаяў на варце.
— Чаго так смярдзіць бензінам? — ужо зусім блізка запытаў незнаемы.— На машыне тут быў хто?
— Я знайшоў i прынёс дадому пустую каністру. Вот яна i пахне,— ледзь не заікаючыся ад хлусні ды напружанасці, замармытаў Васіль, здзіўляючыся, які чуйны ў прышлага нюх.
Пакуль Янка падаваў Васілю руку, незнаемы зазірнуў у зямлянку, засвяціў туды, усярэдзіну, ліхтарыкам — ад святла, што адбілася ад сцен зямлянкі, у праёме дзвярэй Васіль убачыў сагнутую постаць незнаёмца — сапраўды ў расхінутым шынялі, з аўтаматам у правай руцэ, у ботах. Патушыўшы святло, відаць сам на свае вочы ўбачыўшы, што чужых людзей няма, той гукнуў савою. Тут жа з пагонкі пачуліся жвавыя крокі.
Стоячы ля Янкі, Васіль адчуў: той падвыпіўшы. Значыць, недзе пілі i рашылі зайсці сюды. Васіль засунуў руку ў кішэню i намацаў пісталет, каб неўзабаве ціха дастаць альбо выхапіць яго i смалянуць рукаяткаю незнаёмца па карку. Але ці зваліш з ног, аглушыш такога спрактыкаванага, асцярожнага бугая?
У гэтую ж хвіліну нечакана ля лугавіны, за былым садам i плотам, успыхнуў агонь i, робячы вогненную дугу, упаў на поплаве, узвіўся слупам i высвеціў дваіх, Вяршка i Крушынскага, што спакойна ішлі да зямлянкі. Тыя аж аслупянелі ад нечаканасці, на міг у адзін час закрылі твары рукамі. Крушынскі нават трымаў у руцэ аўтамат. Пасля адскочыліся: загарэлася над імі зямля. Факел, намочаны ў бензіне i цяпер падпалены, удала ўцэліў у загадзя аблітае бензінам сена на поплаве.
— Рукі ўверх! Вы акружаны!— пачуўся голас Васюкова. З лугавіны.
Двое, Вяршок i Крушынскі, тут жа апамяталіся — відаць, ад звярынага страху — i з нечуваным спрытам пусцілі чэргі з аўтаматаў на лугавіну. У адказ ім бліснуў, панёсся агонь i з лугавіны, i ззаду — з поля. Амаль у адзін жа час абодва рухнулі на дол як падкошаныя — адзін ткнуўся носам, a другі, нібы пераламаўшыся,— гупнуў на спіну. Нехта з ix дзіка заенчыў.
Васіль ад нечаканасці, а то i разгубленасці, а заадно лішняе імгненне зірнуўшы на тых двух, што замітусіліся пры агні, згубіў спрыяльны момант: незнаёмец, а ўслед за ім i Янка, убачыўшы небяспеку, не страляючы, гойснулі ў супрацьлеглы бок — за склеп, у жыта. Яны былі выразна відаць пры святле, але цяпер Васіль бачыў не так іхнія спіны, a ўсё яшчэ вялікія Янкавы вочы. Той, калі шухнуў на поплаве агонь, устрапянуўся i жудасна вырачыў вочы. Відаць, i ад небяспекі, i ад таго, што яны з Янінаю не перасцераглі яго ад засады.
— Янка! Лажыся! Падай! — закрычаў Васіль, але Янка не падаў, не лажыўся, пёр у поле,— Ян...— Зноў паклікаў ён, але голас яго патануў у аўтаматнай чарзе. Адтуль, з жыта, хлебяснуў аўтамат, выкінуўшы насустрач уцекачам агонь, i кулі заціўкалі ў Васіля каля вуха. Янка i незнаёмец быццам спатыкнуліся; Янка нібы стаў на дыбкі, выцягнуўся, а пасля кульнуўся на бок, незнаёмец, узмахнуўшы рукамі, гопнуўся ніцма.