Выбрать главу

«Хопіць на месяц паліць,— падумала,— а там пацяплее».

Сабрала растрэсенае канём сена, ускінула на сані, адвязала ад асіны лейцы, дала ix сыну, цмокнула на каня. Конь ірвануў прымёрзлыя да снегу сані, выцягнуўся, аж затрашчала дуга, але сарваў з месца, пайшоў павольна. Месцамі ён глыбока правальваўся, станавіўся, сын тузаў лейцамі — i конь выскокваў з глыбокага снегу, сам выбіраў цвярдзейшае месца.

На вялікіх светлых палянках снег раставаў, на ix падсыхала галлё, леташняя трава. Лясную ж дарогу выездзілі, выкаталі за зіму, цяпер на ёй яшчэ ляжаў тонкі цвёрды лёд, які паволі адтаваў, сцякаў вадою i блішчаў на сонцы. Узбоч дарогі снегу зусім не было, там было мокра, а на ўзгорках абсыхала, бялелася зямля — там бегалі ўжо неспакойныя мурашкі.

Не паспела Юля падумаць, што па такой дарозе ўжо не пара ездзіць у санях, як яны мігам саслізнулі на ўзбочыну, i адзін полаз зашаргацеў па пяску. Конь стаў. Юля сама тузала яго лейцамі — конь сцінаўся, ірваўся з месца, але выцягнуць цяжкія сані на дарогу не асільваў.

Яна адламала паблізу асінавую галіну, абцерабіла яе ад вецця i сцебанула каня — той ірвануўся, але саней нават не скрануў. Юля зноў дала сыну лейцы, папіхала сані i крычала на каня, пасля зайшла i хацела прыпадняць аселы, угрузлы бок — сані былі цяжкія, i падняць ix не хапала сілы.

— Мама, i я памагу,— азваўся Пецька.

— Сядзі, сынок,— папрасіла Юля, падышла i села ля яго.— Не здолеём мы з табой выпіхнуць на снег сані.

— А баба наша здолее? — спытаў сын.

— Каб была тут баба, то, відаць, далі б рады,— Юля ссадзіла сына, адпусціла ланцуг, каб скінуць на зямлю дровы, выехаць на цвёрдае ездавое месца i зноў нагрузіцца. Ужо адчапіла крук, скінула сякеру i сена, як убачыла лесніка Міколу, што выйшаў са стрэльбай за плячыма са старога лесу.

— Ці не задрамалі тут на сонцы? — усміхнуўся ён.

— Не выедзе во конь,— збянтэжылася Юля.

— Дзе ж ён тут табе выедзе,— сказаў Мікола, абышоў i агледзеў сані.— Тут i трактар не вывалача. Ужо трэба ў калёсах, маладзіца, ездзіць. Пажартаваў з цябе конюх, калі пасылаў з саньмі.

— Разгрузіцца, мусіць, трэба,— прамовіла Юля.

— Не трэба, лішняя работа толькі. Сячы голле i давай яго сюды,— сказаў Мікола.

Юля абсекла з бліжэйшай алешыны голле, збіла зялёны густы ядловец, маладую пушыстую елачку i падала ўсё Міколу. Той выцягнуў з-пад ланцуга верхнюю палку, падлажыў яе пад сані i паклікаў Пецьку: «Хадзі сюды, мужчынка!» Яны ўдвух прыпаднялі сані, а Юля падкінула пад полаз мокрае i слізкае галлё.

— Дужы ты, Пецька! — усміхнуўся Мікола, апусціў сані i сказаў Юлі паганяць каня.

Юля цмокнула, конь крануўся i лёгка выйшаў на ездавую дарогу.

— Дзякуй табе, Мікола,— усміхнулася, пашчаслівела Юля,— сама я не здагадалася б на такое.

— Ты сыну свайму дзякуй,— сказаў той,— добры ў цябе малец. Ды i во колькі дроў насек.

— Гэта не я сек, а мама,— засаромеўся Пецька.

— Мама твая магла б сама ў лес i не ездзіць,— сказаў Мікола,— мог бы ездзіць мужчына, каб маці...

Юля прамаўчала, адвярнулася, ускінула на дровы сена, пасадзіла сына i тузанула каня за лейцы.

— Я ўжо дужы, мама,— калі ад'ехаліся, азваўся Пецька.— Каб не я, то дзядзька Мікола не падняў бы саней.

— Ты ж мужчына, сынок,— усміхнулася Юля,— пяты гадок ужо табе.

— Я буду яшчэ больш есці, каб дужэць.

— Eш сынок.

— Тады буду адзін у лес ездзіць.

— Будзеш.

— I нікому не дам пакрыўдзіць цябе,— па-сталаму сказаў сын.

— Дзякуй, мой асілак,— Юля пацалавала Пецьку i накipaвала каня па коўзкай цвёрдай дарозе, баючыся, каб зноў не саслізнулі на пясок сані.

2.

Конь цягнуў паціху сані, палазы слізгалі па лёдзе, рыпелі гужы — i Юля суцішылася, ішла, трымалася за бярозавы сук. Прыціх i Пецька, сядзеў на дровах, што верабей, i думаў аб нечым сваім.

Юлi ўспомнілася, што вось так было i раней: яе з сабою ў лес браў бацька, яна зносіла i паліла галле, а то гуляла па лесе, збірала ягады ці кветкі ці сядзела ля воза i чакала, калi паедуць дадому.

Бацька, зрабіўшы сваю работу, садзіў яе на воз, i яны ехалі дахаты. Ехала яна, а бацька ішоў, трымаўся за ўсаджаную ў палена сякеру, курыў i жартаваў. Працаваў ён моўчкі, любіў, каб яму не перашкаджалі, але пасля быў вясёлы.

Цяпер вось едзе на возе яе сын, a ідзе яна. Хоць, падумала, павінен ісці бацька гэтага дзіцяці, а цешыцца яздою — сын. Але ў Пецькі бацькі няма.

Юля спрабавала ўявіць, як жыла б яна з мужам. Відаць, не ездзіла б сама ў лес, не рэзала i не калола б дроў, не касіла i не арала б... Не памёр яе муж, жывы, працуе недзе; Пецька i не ўспамінае яго, відаць, забыўся, затое яна часта ўспамінае, думае, што нядобра разышліся. Не разводзіліся, паспрачаліся, яна сабрала чамадан, узяла дзіця i паехала да маці. Можа, i трэ было вярнуцца да мужа, але не дазваляе гонар: Генадзь не прыязджае i не піша ей, не просіць, каб вярнулася.