— Мама, мама, кветачка!
Яна прыпыніла каня i паглядзела, куды паказаў сын, на сонечнай палянцы ля старога, некалі абгарэлага, а цяпер цёплага лому відаць была блакітная пралеска. Юля зняла з дроў сына, i яны пайшлі да лому.
— Якая прыгожая! — здзівілася Юля. Як магла пры такім холадзе з'явіцца такая кволая кветка? Сарвала яе i падала сыну.— Не пахне, але колькі красы! Давай пашукаем яшчэ, збяром букецік.
Яны адышліся ад палянкі, абыходзілі лапіны снегу, але пралесак больш не знайшлі.
— Відаць, ты будзеш шчаслівенькі, мой мужчынка,— абняла сына за плечы Юля.
— Я буду дужы,— запярэчыў сын,— буду памагаць табе.
— I дужы будзеш,— супакоіла яго Юля,— але i дужаму, i нядужаму таксама шчасце трэба...
Сын, канечне, не разумеў яе, сядзеў на дровах i трымаў кветачку, кіравала канём Юля.
Калі выехалі з лесу, Юля ўбачыла маці. Тая, відаць, не магла дачакацца ix i выйшла насустрач.
— Трэ было не секчы столькі,— сказала старая.
— Прывязём, дык будзе,— адказала Юля.
— Я думала, заселі недзе. Якая пара, а вас няма.
— А я памагаў дзядзьку паднімаць сані,— пахваліўся Пецька.
— Жывы яшчэ, верабей? — усміхнулася бабуля.— Не змёрз?
— Не.
— Я ўжо i перажывала, што пусціла цябе ў лес. На во, пагрэйся,— яна дала ўнуку лусту хлеба, памазанага мёдам.
— Каб адна была, то сядзела б без дроў.— сказала Наталля, Юлiна маці.
— Пасадзім бульбу, навозім дроў, каб на ўсю зіму было.
— Паедзеш, можа... Я ўжо сама неяк збяру ці папрашу каго.
Юля прамаўчала, не магла сказаць тое, што ведала, рашыла. Маці здагадвалася аб гэтым i болей не напамінала, думала, што дачка сама знае, што ёй рабіць.
— Анька прыехала,— сказала Наталля.
— Адна ці з сям'ёю?
— Адна.
З Анькаю Юля разам хадзіла ў школу, ездзіла па вярбоўцы на работу, там яны i выйшлі замуж: Юля — за Генадзя, шафера, Анька — за начальніка ўчастка.
У Юлі не ўдалася сям'я, Анька была шчаслівая — як пісала лісты, то хвалілася: «Жыву i жыць хочацца».
Юля ведала, што Анька прыйдзе вечарам, будзе хваліцца i растрывожыць душу. Юлі не хацелася з ёю сустракацца.
3.
Як звечарэла i ў хатах запалілі святло, па-далікатнаму пастукаўся i зайшоў Мікола-ляснік. Юлінаму малому прынёс пакуначак пацёртых за дзень у кішэні, цёплых цукерак, старой — букецік блакітных пралесак.
— А табе, маладзіца, нічога няма,— усміхнуўся, шчыпнуў Юлю.— Ты сама мне тое-сёе вінавата...
— Сядай, Мікола, будзь госцем,— таксама ўсміхнулася Юля, змахнула ручніком стол, схадзіла ў кладоўку i прынесла кавалак мёрзлага сала.
— Уключы плітку ды падсмаж сала,— сказала ёй маці.— Чалавек за дзень намёрзся, то яму цяпер пагрэцца трэба.
— Не трэба, цётка Наталля,— махнуў рукою Мікола, сеў ля стала.— Чалавек я свойскі, не ганарлівы. Што ёсць, тое i добра. Рэж, Юля, i мёрзлае... Хадзеце, цёця, вып'ем, каб дровы добра гарэлі.
— Хіба кропельку мне, сынок, ды за дровы,— старая сёння ахвотна згадзілася выпіць i сама капнула сабе ў шклянку.— Выпі, Міколка, яшчэ, можа, сухастою дасі. На падпалку. Сам ведаеш, без мужчыны жывём: я старая, а яна...
— Мама! — папрасіла Юля.— Перастаньце...
— Што — мама, што — перастаньце?!— не выцерпела, зазлавала маці.— Калі мама сама не папросіць чаго, то ты век не папросіш...
— Дадзім, цётка, якую сасёнку, не будзеце без дроў сядзець,— усміхнуўся Мікола.— Абсохне скора, то галля сабераце, сухастоіну якую паваліце. Свае ж людзі, суседзі...— Мікола ўжо недзе выпіў, пасядзеў крыху тут, у цёплай хаце, то яго добра разабрала. Стаў ён надта вясёлы i добры.— А ты, гаспадар малы, чаго на катовай горцы грэешся? Злазь, хадзі да нас!
— Намезрлася дзіця ў лесе, няхай адагрэецца,— заступілася за ўнука Наталля.
— Канём ужо спраўна кіруе,— сказаў Мікола,— i сані выпіхаў з пяску на лёд, так упёрся, ажно пачырванеў у твары... I Юля пачырванела...
— Мой ты сынок, Міколка,— пабедавала старая,— хіба бабе ў лес ездзіць, секчы ды пілаваць?
— I я, цётачка, ёй так казаў. Гавару: магла б сама ў лес не ездзіць, ля дому мужчынскую работу i не рабіць. Трэба толькі...— нахіліўся Мікола да Наталлі i зашаптаў ёй на вуха.— Трэба, цётка, зяця добрага браць. I лягчэй жыць будзе, i ёй весялей стане...
— Я ёй, Міколка, ніколі не замінала i цяпер не замінаю...— сказала Наталля i пабралася да ўнука на ляжанку.— Хай сама робіць, што хоча. Не маладзенькая, свой розум мае...